Да кожнай ён падыходзіў, захапляючыся яе красою, пакуль гэта «быдла» яму не апрыкрала.
Пасля гэтага ён знаходзіўся пад уладаю аднаго толькі мастацтва: «чыстага, як неба ў маі, узнёслага, як вясновы вецер, нявіннага, як дзіцё, вечнамаладога, як сама прырода».
Дзеля ўсяго гэтага, — упэўніўся пан Вашамірскі, — трэба, каб выяўнікі мастацтва вялі «строгае і чыстае жыццё».
Пан Вашамірскі строга загадаў:
— Каб хлопцы з дзяўчатамі шашняў не вялі! Каб не псавалі майго эстэтычнага пачуцця! Каб не апаганілі святога мастацтва!..
Пан наглядаў за французскімі педагогамі і яшчэ больш за езуітам-драматургам.
У тых былі свае ўласныя погляды на мастацтва і на яго выяўнікоў…
Адукацыя Сымона пакуль што была лёгкая. У вялікія акторы ён тым часам не назначаўся. Пакуль што яго роля выяўлялася ў тым, каб на панскіх балях спяваць салаўём.
Гэты арыгінальны нумар пану вельмі спадабаўся. Пан на яго пакладаў вялікія надзеі. А пасля Каляд за адукацыю Сымона прыйдзецца прыняцца больш рупна.
Каб выхаванне ішло паспешна і правільна, панскі бізун ляскаў па спінах актораў у час рэпетыцый па некалькі разоў на дзень.
Пан пераменчыва лічыў вышэй за іншыя формы мастацтва то музыку, то драму, а то балет, і ў сувязі з гэтым той частцы яго студыі ад яго больш за іншых пападалася бізуноў.
Галоўным чынам студыйцы цярпелі за кепскую вымову польскіх слоў; тут ужо сам ксёндз Марцэвіч — драматург — падбухторваў пана.
— Гэта быдла зусім не роджана да таго, каб нашу прыгожую, далікатную мову са сцэны ілюстраваць.
Яго светла-шэрыя вочы кідалі маланкі «справядлівага гневу». Ён хітра паглядаў у твар пана Вашамірскага: якое гэта на яго зробіць уражанне.
— Ці ж хамула, чорная косць, можа быць здольным перадаваць музыку нашай мовы? Ганьба, яснавяльможны пане, ганьба! Каб такі эстэт, як пан Вашамірскі, праз пальцы на гэта глядзеў!
Пан Вашамірскі ўсміхнуўся.
— Мова нялёгка ім даецца. Я разумею іх, хамулаў. Сам дзед мой, святой памяці, хоць і быў панам, аднак гаварыў толькі па-беларусінску.
— Чаму?! — здзівіўся ксёндз.
— Па-польску не ведаў.
— Як гэта не ведаў?! — спалохаўся ксёндз.
— Ясна, як неба. Даўней усе тутэйшыя паны гаварылі па-беларусінскаму, бо беларусіны мы, а не палякі. Мы беларусіны польскай культуры. Вазьміце «Літоўскі статут», ён жа напісаны па-беларусінскаму. А склалі яго нашыя дзяржаўнікі — ксяндзы і магнаты.
— Як сабе хочаце, яснавяльможны пане, але ж вы за польшчызну! яна ўжо ў вашай крыві.
— Згодзен, ойча, згодзен, — засмяяўся пан Вашамірскі. — Сам ненавіджу хамскую, беларусінскую мову. Я за тое, каб добра вывучыць актораў па-польску!
Пры гэтым пан Вашамірскі аж стукнуў кулаком аб стол.
Пачыналася катаванне за кепскую вымову польскіх слоў.
Гэта рабілася па ўказанню езуіта, які ўзяўся адукоўваць студыйцаў у музычным вымаўленні польскіх слоў.
Пападалася больш за іншых самым прыгожым дзяўчатам.
Экзекуцыя над імі адбывалася ў спецыяльным пакоі ў яго, ксяндза, прысутнасці. Паводле яго рэцэпта катавалі іх бярозавымі дубцамі па голаму целу.
Спачатку катавання ксёндз рабіў набожныя вочы, гаварыў цэлыя казанні аб пакутах пана Езуса і наогул аб пакутах цела, якія даюць асалоду душы. Чытаў урыўкі з Евангелля.
З кожным стогнам ахвяры, з кожным крыкам роспачы, з кожным уздрыгам голага жаночага цела пад свістам бярозавага дубца светла-шэрыя вочы ксяндза наліваліся ўсё болей дзікім бляскам. Твар яго бляднеў, салавелі вочы, пачынаў хрыпла і хутка сапці. На губах выступала пена…
Білі ахвяру да тых пор, пакуль ксёндз не даходзіў да поўнага «боскага экстазу», пакуль не гаварыў хрыплым голасам: «годзе».
Як звар'яцелыя хадзілі студыйцы з кута ў кут па пакоі ў спецыяльным памяшканні студыі і шапталі польскія словы:
— Нех бендзе, нех бендзе, нех бендзе, нех бендзе.
— Я естэм, я естэм, я естэм, я естэм.
— Пан Буг, Пан Буг, Пан Буг, Пан Буг.
— Круль, круль, круль, круль.
— Ржэч посполіта, Ржэч посполіта, Ржэч посполіта.
Так, нібы ў доме вар'ятаў, чуваць былі шэпты і мармытанні.
З пакоя аркестру раздаваліся свае гукі: адрывістыя, працяглыя. Рэжысёр меў шмат клапоту пры апрацоўцы тэхнікі ігры. Ад біцця за кепскую міміку твары ў актораў былі набухлыя, як порхаўкі.
— Да пастаноўкі сыдзе, — тлумачыў рэжысёр. — Пакуль што вучыцца трэба, а без біцця якое можа быць навучанне?
Не менш было і балерынам.
Адзін Сымон хадзіў па пакоях ды толькі пасвістваў салаўём на ўсе лады. Ім усе былі задаволены.
Читать дальше