Алхімік, як нічога не было, напоўніў келіх. Пранцысь зноў паспеў першы, хаця й расплюхаў каштоўнай вадкасці… Але ягоную руку раптам імкліва перахапіла, як абцугамі, рука лекара. Лёднік холадна прамовіў, не гледзячы на шкаляра.
— Думаю, васпану ўжо досыць.
— Ды як т-ты пасмеў! Ды я ц-цябе… Хам… Біз-зуноў пакашт…шту…
Язык, аднак, не паспяваў за абуранымі думкамі, свет навокал загайдаўся, як адлюстраванне ў веснавой вадзе. Вырвіч толькі ўсвядоміў, што нехта ўзваліў яго на плячо самым ганебным чынам, як мяшок з гарохам, і некуды панёс. Ды яшчэ нізкі голас дзесьці побач бурчэў:
— Дурное хлапчыска…
На гэтым доўгі дзень прыгодаў для Пранцыся Вырвіча завершыўся.
Раздзел трэці
ЯК ПРАНЦІШ ПАЗНАЁМІЎСЯ З ВАЕВАДЗЯНКАЙ І ЛЕДЗЬ НЕ СТРАЦІЎ АЛХІМІКА
Раніца пачалася з галаўнога болю. Гэткая нармальная шляхецкая раніца. Пранціш ледзь прадраў свае калісьці ясныя блакітныя вочы. Ён ляжаў у ложку не самым шыкоўным, але ўсё-ткі ў ложку, а не на падлозе… Хаця й на адвечным для прыдарожнай карчмы сенніку. Падобна, ім вылучылі, як ганаровым гасцям, пакойчык на другім паверсе. Адэліна ласка? Памяць патроху вярталася, і гэта не радавала. Няўжо яго сюды прынёс Лёднік? Пранціш успомніў, як выхопліваў келіхі з-пад аб’ёмістага носу доктара з радасным адчуваннем, што гэта сапраўдны подзьвіг, і шчокі загарэліся ад сораму. А дзе той доктар? Ці не збег? Вырвіч паспрабаваў прыўзняцца, але ад гэтага свет паплыў купальскім карагодам, нават водбліскі вогнішча прымсціліся… А Божачкі, як галава баліць!
— Што, нашукаўся пан ін віна верытас? — насмешны голас побач успрыняўся з палёгкай.
Шкаляр павярнуў галаву, ад чаго ўваччу сцямнела. Калі туман разамгліўся, Пранціш зразумеў, што доктар, ужо без сваёй чорнай мантыі, у адной белай кашулі і саксонскіх нагавіцах, мяшае ў кубку нейкі адвар, ад якого ідзе пах сабачае мяты.
— І часта пан Вырвіч даходзіць да такога стану? — насмешна прарыпеў алхімік.
— Я не люблю быць такім… Такім, як мой бацька…
Вырвіч адразу пашкадаваў сваіх словаў… Што значыць, п’яны рот на замку не трымае, ebritas et amor cuncta sekreta produnt [8] Ebrietas et amor cuncta secreta produnt ( лат .) — пьянство и любовь выдают все тайны.
. Але Лёднік нават не хмыкнуў. Толькі папытаўся, працягваючы нешта калбаціць у кубку:
— А вось што мне цікава… Пан мой такі баявіты, а без шаблі. Відаць, у геройскай сечы сваю зброю пакінуў?
— Ага, у сечы… — вось жа ўмее людзей цвеліць. — У канвенце забыўся.
— Значыць, уцякаць давялося… Няўжо дачку якога прафесара спакусіў?
Злыя словы Лёдніка, аднак, гучэлі хутчэй буркатліва, чым з’едліва, тым болей сам ён тыцнуў гаспадару пад нос гліняны кубак з адварам.
— Падымайся…Пі…
І нават дапамог прыўзняцца. Пранціш таропка глынуў гарачую вохкую вадкасць — смажыла страшэнна… Уваччу амаль адразу праяснілася, сцішыўся галаўны боль. Добра мець свайго лекара!
Між тым Лёднік глядзеў на юнака неяк дзіўна.
— І ты не папытаўся, што ў кубку? Не загадаў мне адпіць самому? А калі б я табе атруту падліў?
— А што, ты мог? — весела папытаўся Вырвіч, адкідваючыся на сеннік.
Алхімік моўчкі стаяў над ім, худы твар яго яшчэ больш выцягнуўся… І Пранціш раптам зразумеў, што лекар не звык, каб яму вось так верылі. Відаць, сярод не самых лёгкіх бліжніх туляўся…
— Можаш быць спакойны, пан Францыск, я падаваў людзям толькі лекі… — голас алхіміка гучэў глухавата, нібыта ён усё яшчэ быў уражаны.
— А я і не пераймаўся! — Пранціш салодка пацягнуўся.
Ведае ж алхімік сваю справу! Нават млосць прайшла… Эх, як добра, калі цябе не будзяць ледзь не з першымі пеўнямі, каб уставаць на ўрокі… Зараз бы шаблю ў рукі, ды на каня, ды каб за табой вернае войска! Дзе тая шабля з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам…
— Дарэчы, я не Францыск, а Франтасій!
Лёднік шчыра здзівіўся.
— Таксама праваслаўны?
— Вырвічы веры не мяняюць! — горда паведаміў Пранціш. — А мой святы абаронца, пакутнік Франтасій, уга які святы! Яму і ягоным паплечнікам рымляне ў галовы цвікоў набілі, а потым адсеклі. Дык пакутнікі галовы паднялі і да свайго біскупа Франтона развітацца прыйшлі. Вось што вера ўчыняе!
Вырвіч пазяхнуў, але спаць больш не хацелася. Лёднік завязваў мяшэчкі з сухімі зёлкамі, з якіх варыў адвар, і маўчаў, як мур. Трэба ж, які нецікаўны… Альбо назнарок прыкідваецца.
— Ніякіх дачок прафесарскіх я не спакушаў, бо не патрапіліся, — лена парушыў маўчанне Пранціш. — А ўцякаць давялося… з-за Вараняці.
Читать дальше