Упаў я на калені, давай поўзаць па беразе ды збіраць. Але большасць ужо пахавалася. Ды і цямнець пачало. Ледзь-ледзь чвэрць банкі назбіраў. Рыбу болей не лавіў, вырашыў чарвякі эканоміць.
Распаліў я вогнішча, пачысціў тую драбязу, што злавіў, пачаў юшку ў старой каструльцы варыць. Вару я і заўважаю, што нешта хутка вада выкіпае — не паспяваю даліваць. І пад днішчам нешта шыпіць. Паглядзеў — а гэта ж мая каструля цячэ-працякае. І як я раней не заўважыў, што там дзюркі?! Ледзь не заплакаў ад гора. Што ж мне цяпер рабіць? У такой жа каструлі толькі гліну мясіць, а не юшку варыць. Гэта ж рэшата, а не каструля. А іншай у мяне няма, і пазычыць няма ў каго. На бязлюдным востраве я. Добра было Рабінзону Круза. Усё патрэбнае яму мора на бераг выкідала пасля караблекрушэння. Усё, нават грошы.
Захацеў сабе дваццаць сякер — на табе дваццаць сякер. Захацеў сарочак шаўковых — на табе сарочкі шаўковыя... А мне хоць бы адну каструльку, што не цячэ. Хоць бы адненькую! Ды дзе там. Хіба дачакаешся тут, у плаўнях, караблекрушэння? Хоць сто гадоў чакай! Вось пацярпеў караблекрушэнне кіеўскі паляўнічы Папуша, утапіў стрэльбу, але што мне з таго. У мяне свая бярданка ёсць. А то яшчэ некалі дзед Салівон у райцэнтр на рынак бульбу вёз і перакуліўся. Ды хіба ён дасць дабру прапасці, да поўначы бараду ў вадзе мачыў, па картопліне з дна збіраў. Потым тыдзень чарапашкі і раску з барады вычэсваў. Не, на караблекрушэнне спадзявацца не варта. Пасёрбаў я з агідай недавараную юшку, што не паспела выцячы, пажаваў напаўсырую рыбу і сяджу.
Ужо зусім сцямнела, ноч сваю чорную апранаху на мяне накінула. Нават зорак на небе не відна — хмарна. Толькі вугалькі ў дагарэлым вогнішчы.
Ты ж ведаеш, я не баязлівы, але... У жываце холадна робіцца, і адтуль у сэрца страх перабіраецца — слізкі і агідны. Трэба нешта рабіць, бо ён зараз сэрца сцісне, і нікуды не дзенешся. Палез у будан, намацаў ліхтарык, засвяціў. Знайшоў сшытак па мове (ты ж ведаеш, я і сшыткі і «Граматыку» на дзедавых вачах узяў — нібыта ў цёткі буду вучыцца). Аловак адшукаў у торбе.
Табе цікава, ці праўда, што я ўрокі вучыць збіраўся? Не! Каб ты ведаў — Рабінзон Круза на востраве дзённік пісаў, запісваў усе падзеі, якія з ім здараліся. Што ж я горшы за яго? Я таксама, як і ён, на востраве. А на востраве без дзённіка нельга.
Ну, усё па парадку я пісаць не ўмею. Я табе не пісьменнік. Вырашыў я кораценька запісваць толькі факты — дрэнныя і добрыя. Правёў па сярэдзіне ліста ў сшытку рыску, раздзяліў яго такім чынам на дзве палавіны — левую і правую. У левай зверху напісаў «Прыгоды» (гэта добра, гэта для мяне, ты ж ведаеш, наогул галоўнае, дзеля гэтага я на востраў высадзіўся, без прыгод маё жыццё — не жыццё, асабліва на востраве). На правай палавіне напісаў зверху «Непрыемнасці» (што ж зробіш, бывае).
Доўга я думаў, доўга грыз аловак і нарэшце напісаў. І вось што ў мяне атрымалася:
Прыгоды
1. Налавіў рыбы і з'еў.
Непрыемнасці
1. Апёкся на сонцы.
2. Загнаў пад пазногаць скабку.
3. Згубіў кручок (адзін з лепшых).
4. З'еў паўторбы харчу.
5. Уцяклі амаль што ўсе чарвякі.
6. Працякае каструля, і я не знаю, у чым юшку варыць (хоць у жмені вары).
Як бачыш, адна прыгода і тая дробная, як пячкурык. А непрыемнасцей ажно шэсць, і ўсе вялізныя, як акулы.
Усё гэта я пісаў, прыціскаючы локцем сшытак да калена і чыркаючы сабе над вухам ліхтарыкам, таму што вогнішча ўжо дагарэла, а зноў яго распальваць мне не хацелася (толькі не думай, не таму, што хмызняк трэба было ў цемры непрыветлівай збіраць).
Ліхтарык у мяне, ты ж ведаеш, «дынамічны», вечны, ніякіх батарэек не трэба. Пачвыркаеш — і светла. Не чвыркаеш — няма святла. Чвыркай сабе і пішы. Або не чвыркай і не пішы. Я чвыркаў. Паўгадзіны пасля гэтага ў мяне ў вуху гудзела. І рука адзервянела, нібыта я локцем аб край стала стукнуўся.
Напісаў я і думаю — усё, дзень скончыўся і больш нічога не будзе.
Спаць не хочацца — удзень выспаўся. Я сеў на беразе, абхапіў рукамі калені, і думкі розныя ў галаве снуюцца: пра вёску, пра школу, пра цябе (што ты там зараз парабляеш, спіш, пэўна)...
Ражок месяца з-за хмаркі вытыркнуўся — як шабля, — асвятліў плёс серабром.
Нябачныя качкі прасвісталі-прашалясцелі крыламі над галавою, і зноў ціха. Ветру няма, і нават заўсёды шапаткія чараты маўчаць, не перашэптваюцца між сабою.
Я гляджу сабе на ваду і думаю.
Ажно раптам цень упаў на плёс: доўгі-доўгі, бо якраз супраць месяца. З-за чаратоў выплыў човен — без гуку, без усплёскаў, як прывід. І гэта было самае страшнае (нібыта ў сне). У чоўне на поўны рост стаяў нехта высачэзны і доўгім вяслом нячутна правіў. Я залыпаў вачамі — ці не прывід?! Не! Човен плыў проста да вострава. Рабіўся большым, большым, як на экране ў кіно: каля самага берага павярнуўся і знік за прыбярэжнымі карчамі. Сэрца маё так забухала ў грудзях, што зямля задрыжала. Хто гэта?! Хто гэта ноччу ў плаўнях? Вадзянік? Вядзьмар? Нячысцік?.. Ды што гэта я? Толькі старыя непісьменныя бабулі ў гэта вераць. А я ж піянер! Барабаншчык! Я веру ў радыё, у тэлевізар, у касмічныя ракеты! І адразу ж успомніў пра Гуньку... Таго самага прыдуркаватага Гуньку, які два гады таму знік, прапаў у плаўнях... Гунька! А што, калі гэта Гунька? Што, калі ён таксама, як я, жыве ў плаўнях, на бязлюдным востраве? Гунька! Ён жа вар'ят, нічога не разумее. Ён можа ўбачыць мяне, падумаць, што я нейкі злы дух (чаго б гэта звычайны хлопец апоўначы быў у плаўнях!), і задушыць. Задушыць — і нічога яму не дакажаш. Хоць крычы, хоць плач, хоць прасі... Нібыта слімакі пачалі поўзаць у мяне па спіне — халодныя, слізкія, мокрыя. Нібыта хтосьці шворку зацягнуў на шыі — дыхнуць нельга.
Читать дальше