Пачуўшы гук ражка слабы,
З зямлі ўсхапіўся Джон.
— Баюся, Робін ледзь жывы —
Так ціха трубіць ён.
Маленькі Джон з усіх ног пабег да дома абатысы і пачаў барабаніць у дзверы. Ніхто не падыходзіў да акенца ў дзвярах. Ён пастукаў нарэшце з такой сілаю, што ў доме ажно загуло. Нікога. Тут ён зразумеў, што здарылася нешта нядобрае, і пачаў думаць, як прабрацца ў дом.
Маленькі Джон глянуў на вокны. Вокны былі вузенькія, з жалезнымі кратамі. На зямлі ён убачыў тоўстую дубовую калоду, якую было б не пад сілу падняць нават дваім. Джон падышоў да яе, падняў і панёс да дзвярэй. Размахнуўся і грымнуў у дзверы. Яны сарваліся з усіх завесаў і завал і з грукатам упалі на падлогу. Маленькі Джон ускочыў у дом.
— Атаман! Атаман! Дзе ты? — гучна паклікаў ён і сціх, услухоўваючыся.
У доме панавала мёртвая цішыня. Ён быў як вымерлы. Яшчэ раз паклікаў Маленькі Джон Робін Гуда, і нарэшце аднекуль зверху пачуўся слабы голас. Маленькі Джон кінуўся ўверх па лесвіцы, адкуль даносіліся ціхія гукі. Дзверы былі на замку. Джон выбіў іх нагой і ўскочыў у пакой.
— Што з табой, атаман? — здзіўлена спытаўся ён, убачыўшы ледзь жывога Робін Гуда. — Ды тут, здаецца, здрада! Ты ўвесь у крыві! Ты паміраеш!
Стрымліваючы гнеў, Маленькі Джон апусціўся перад сваім атаманам на калені і сказаў:
— Выканай адну маю просьбу. Вельмі прашу цябе, дарагі атаман.
— Якую, Маленькі Джон?
— Дазволь спаліць гэтае асінае гняздо здраднікаў.
— He, Джон, дазволу не чакай,
Я гвалту не цярплю,
Жанчынам і дзяўчатам, знай,
Я шкоды не зраблю
I пры жыцці, і ў смертны час —
Такі закон ва ўсіх у нас.
Лепш лук мой добры мне падай,
I я стралу пашлю.
I там мяне ты пахавай,
Дзе ўткнецца у зямлю.
Маленькі Джон узяў свайго атамана на рукі і падняў да акна. Доўга з любасцю і замілаваннем аглядаў Робін Гуд густыя зялёныя шаты дуброў, такія мілыя яго сэрцу. Сабраўшы апошнія сілы, узяў лук, паклаў на яго стралу, напяў цеціву і адпусціў. Усмешка асвяціла яго твар, калі страла звонка запела-загула ў паветры. Больш цудоўнай музыкі для яго не існавала на свеце.
— Пахавай мяне там, дзе ўпадзе страла, — прашаптаў ён. — Папрасі маіх верных сяброў, каб яны выкапалі мне глыбокую магілу. Пакладзі мне пад галаву зялёную дзярніну, а збоку — мой добры лук.
Маленькі Джон моўчкі кіўнуў галавой. Ад хвалявання яму сціснула ў горле. Робін Гуд так і памёр, не адрываючы вачэй ад лесу.
Так скончылася жыццё Робін Гуда.
Але слава яго не памерла. З пакалення ў пакаленне перадавалі людзі яго імя. Просты люд Англіі ніколі не забываў яго і верных яму паплечнікаў. Пра многіх каралёў і дзяржаўных дзеячаў народ з цягам часу забываўся. Хоць у летапісах былі запісаны іх імёны і справы, ды чыталі гэтыя кнігі толькі вучоныя кніжнікі і шкаляры. А менестрэлі і барды складалі балады пра Робін Гуда і яго слаўных стралкоў. Народ пераказваў і спяваў гэтыя балады з любоўю і хваляваннем, бо ў іх расказвалася пра народнага героя — заступніка беднякоў, ворага прыгнятальнікаў, адважнага, шчырага, справядлівага і далікатнага чалавека, які ўвасабляў у сабе ўсе якасці, дарагія сэрцу англійскага селяніна.
Згодна паданню, яго пахавалі там, дзе ўпала яго апошняя страла. На магільным камяні быў высечаны надпіс:
«Пад гэтым каменем-плітой
Знайшоў граф Хантынгдан спакой.
Стралок ляжыць цудоўны тут —
Разбойнік слаўны Робін Гуд.
Такіх, як гэты чалавек,
He ўбачыць Англія павек».
Неўзабаве пасля смерці Робін Гуда лясная вольніца распалася, і ніякіх звестак пра лёс зялёных стралкоў да нас не дайшло. Але за гонар мець на сваёй зямлі магілу Маленькага Джона спрачаюцца Англія, Шатландыя і Ірландыя. Ва ўсіх гэтых краях ёсць магіла, якую лічаць месцам пахавання вернага паплечніка Робін Гуда. Некаторыя знаўцы сцвярджаюць, што ён пахаваны ў вёсцы Хезерэдж у графстве Дарбішыр пад вялікім каменем на ўсю даўжыню магілы.
Вечная памяць вам, слаўныя разбойнікі Робін Гуд і Маленькі Джон.
Ярд — асноўная адзінка даўжыні ў англійскай сістэме мер, роўная 91,44 см.
Фут — мера даўжыні, роўная 30,48 см.
Scarlet (англ.) — пунсовы.