Капаюць слёзы, слёзы, слёзы, слёзы,
Капаюць слёзы зусім як калісь, калісь, калісь,
Нібы ўспаміны аб сонцы, аб танцы вясеннім
бярозавым
І аб навекі далёкай зямлі, зямлі, зямлі.
Дзікі налёт і гадзюка аркана. О божа наш мілы!
Дай нам радзіму, бо сэрцы аб ёй толькі б'юць,
Дай нам, глухі, лебядзіныя белыя крылы,
Каб даляцець на старонку, старонку, старонку сваю.
Плачам за краем, нібыта за страчаным раем,
Тужым па лепшай на свеце сваёй старане
Ў гэтым тужлівым, пустынным Бахчысараі,
Ў гэтай цясніне, дзе божаму свету канец.
Выйсце? Іх два. І абое замкамі замкнёны:
Злева - пустэчы, дзе косткам бязрадасна тлець,
Справа - гняздо караімаў і пракажоных,
Горад ізгояў, пячорны Чуфут-Кале.
Дзе вы, далёкі наш Нёман, Дняпро, Белавежа?
Клетка і скалы вакол, і нябёсы дзярэ мінарэт.
Хана пяшчота праклятая, еўнуха вежа,
Чахлы садок, і фантан, і гарэм, гарэм, гарэм.
Змоўч на хвіліну.
Не плюскай...
Молім...
Не плюскай...
Падае кропля і ціха, так ціха звініць,
Быццам расінкі вясёлак з дубоў беларускіх
Ў срэбныя чашы лясных беларускіх крыніц.
Якая прыгажосць! - Самкнёны веі.
Якая цішыня! - Вады не чуць...
І ветразі абвіслыя на рэях,
Нібыта ў сне, не дрогнуць, не дыхнуць.
Паміж нябеснай і марскою смагай
Над караблём, што да змярцвення звык,
Арол на мёртвых рэбрах Аю-дага,
Як джала, сонцу высунуў язык.
Праплысці б рэкамі радзімы ранняй,
Пачуць хаця б на міг прызыўны звон:
Радзімы кліч, кліч буры, кліч кахання,
Якім чужыя штыль, спакой і скон.
Між скалаў вугальна-чорных
Ля вогнішча мару адзін,
І мыс, што спусціўся ў мора, -
Вастраносы, пачварны дэльфін.
Мора цьмянае, мора шырокае,
Ціха хлюпае хлопчык-прыбой,
І зорка, як вышняе вока,
Сочыць з вышынь за мной.
І ў душы маёй сум і радасць.
Я - у ракавіне скалы,
Быццам маг на вялізнай эстрадзе
Перад тварам ночы і мглы.
І, як гэта належыць магу,
Чарадзействую я ля агню,
Спяваю гімн Карадагу
І яго неспакойнаму сну.
Ты змагаўся з небам без жаху.
Сек нябесны цябе ятаган,
І расколіна Гяур-Баха,
Быццам шнар на табе, тытан.
Спіш? Не веру. Пагрозным валам
Ты ўзмятнуўся над злым і гнілым.
Часам гул: шматтонныя скалы...
Толькі кроплі... А што, як валы?..
Мы падобныя. Радасна, мусіць,
Лаву-кроў да кроплі праліць
Дзеля роднай маёй Беларусі,
Дзеля ўсіх народаў зямлі.
Душыць змрок, і густа і глуха,
І ў чаканні далёкай зары
Я, прыпаўшы да каменя вухам,
Чуйна слухаю сэрца гары.
Тыя цёмныя цісы і цёмныя кіпарысы,
Тыя зарасці лаўраў і леташняй ссохлай травы,
І туманныя горы з Яйлою, марознай і лысай,
Над якімі ўсё цягнуць і цягнуць у родны наш край
журавы,
Тыя, белыя з ярасці, тыя гуллівыя рэкі,
Хмар чароды, што снежнай вадой набіваюць валлё, -
Не забуду я іх, не забуду ніколі, давеку,
Не забуду, як ты, што засыпаны крымскай зямлёй.
І прабач за пралескі. Табе б васількі і рамонкі,
Але доўга яшчэ не цвісці ім на нашых палях.
Там вада памярцвела гайдаецца ў чорных палонках,
Там зіма, там на схілах адных і растала зямля.
Я скажу табе тое, чаго не сказаў бы я людзям,
Пастаю тут з гадзіну з апушчанай галавой,
А пасля... Што пасля?.. Суцяшэння няма і не будзе:
Я вярнуся дадому, а ты - да самоты сваёй.
Не сумуй, што далёка твой край і зялёны і сіні,
Што пралётныя жоравы граюць на весняй трубе:
Я хацеў бы і скону, і смерці ў далёкай чужыне,
Толькі б вочы юнацтва любілі мяне, як цябе.
Гэта дзіўна, што мёртвым часамі зайздросцяць
жывыя,
Тым, што песцілі парасткі, нішчылі ламаўё...
Хай канец, хай атлантаў цяжар на маю
несагнутую выю,
Толькі б вечнае шчасце каханай старонцы маёй.
Супакоены ўспамін праз трыццаць год
Зноў у старасці будзе Таўрыда. Але ў сэрцы спакой
скамянее,
І прыпомню без болю словы пяшчотнай і дарагой:
- Што ў цябе часамі, каханы, так вільготна
вочы сінеюць?
Ты кагосьці недзе пакінуў? Ты часамі сумуеш па ёй?
Ветрык нячутны з мора. Цішыня рытмічна ракоча,
У вільготнай пахучай цемры магнолій белы падман.
- У яе, напэўна, мой любы, глыбокія сінія вочы?
- Так ( і Свіцязь успомніў), чысцейшых
і глыбшых няма.
Рука на грудзях высокіх. Плыве ў нязнанае ложак.
Цёмных вачніц таямніца, і голас - журботны ўздых:
- Яна, мой апошні, напэўна, вельмі-вельмі
прыгожая?
- Так ( і Нёман успомніў). Яна прыгажэй за ўсіх.
На горных вяршынях пад ветрам, дубоў вясёлыя
гульні,
Мора прыбой блакітны, бэзавы скал прыбой.
- Што? Памёрла? Ці, можа, здрадзіла?
Не было ў вас мовы агульнай?
- Так, была калісьці маёю, так, не хоча быці маёй.
Читать дальше