Хмары веснія цяжкія, як кентаўры,
Песня шчасця пад імі ўзахлёб звініць.
Ах, гэта жаўранак,
Жаўранак,
Жаўранак,
Срэбная,
Срэбная,
Срэбная ніць.
Над ракою, тваім зайздросцячы лаўрам,
Вадзяны бугай трубіць, як грубіць.
Не звяртай увагі,
Жаўранак,
Жаўранак,
Не парві сваю тонкую,
Тонкую ніць.
Зноў дымеюць разоры і сытая пара
На курганы былога майго бяжыць.
Працягні з майго сэрца,
Жаўранак,
Жаўранак,
Аж да самага неба
Звонкую ніць.
Мне сказалі: мяне ты шукаеш,
Зноў шукаеш - пасля ўсяго, -
Плынь начная, калісьці жывая,
Што пазбылася ложа свайго.
Усё дарэмна: пратокі-песні
Абмялелі пад рэзкай травой.
Я не Лазар, я не ўваскрэсну,
Нават голас пачуўшы твой.
Ні твой заклік, калісьці любы,
Ні пяшчотны дотык рукі,
Ні ад смагі пасохлыя губы
Не абудзяць вялікай ракі.
Цёплы дзень дагарэў. Скача полымя з гулам,
Саснячок над ракою ў зялёнай імгле...
За дзень сонцам з вадою ўвесь твар абцягнула,
Ногі ў голках сасновых. Далоні ў смале.
Ўвесь Дняпро у кругах: ходзіць рыба шалёна.
На слупах фарватэрных - скупа - агні.
Побач з намі - чырвоны, наводдаль - зялёны,
Наш адзін, а ў таго у прадонні - двайнік.
Раптам - водар халодны свежага сена.
Раптам плеск. Гэта стог, вялізны, да хмар,
На чаўне, што не большы ніяк за палена,
Быццам прывід, плыве на зялёны ліхтар.
Над ракою дымок. Ціха полымя шастае,
Ты і я ў будане на сене ляжым.
Калі ёсць на зямлі дзве унцыі шчасця, -
Ўсё яно, без астачы, ў сэрцы маім.
Што шукаў ты ў чужой зямлі, чалавеча?
І нашто імкнуўся сябе ашукаць,
Калі вось пад рукой тваёй цёплыя плечы,
Вось віно і вогнішча, ноч і рака.
І кахаю, як быццам стакрот паміраю,
Поўны кожнай пражытай сваёй вясной.
О ўтрапёны агонь, як ты хутка згараеш,
І якая кароткая летняя ноч!
У вялікім спакоі зямлі шырокай,
Да якога праз хвалі мы праплылі,
Раптам крокі, мерныя, гучныя крокі
Проста ў вуха, прыціснутае да зямлі.
Нехта бераг трасе цяжкімі нагамі,
Нехта ноч разрывае, бы глупства чаўпе.
Не палохайся. Гэта не зубр і не мамант,
Гэта бакеншчык гасіць ліхтар на слупе.
Цішыня. Над вадою туманныя вежы.
Дай мне гэту зямлю з табою абняць.
Ты - празрыстасць, ты ўся - нерухомая свежасць,
Ўся - глыбінная, аж да канца, цеплыня.
Ты не чуеш, як падаюць росы патокам,
Як гарлачыкам трызніцца новы дзень,
Як нячутнымі, як салаўінымі крокамі
Над вялікай ракою каханне ідзе.
Па туманах касых
Вінаградныя вусікі
Ўюцца,
Ўюцца
І імкнуцца спаймаць
Малады
І гарэзлівы месяц.
За глыбокія вочы твае,
Што ў тумане,
Блакітным тумане
Смяюцца,
Хай мяне на праменнях
Туманных,
Абвітых,
Спайманых
Праменнях
Павесяць...
Ах, як вішні цвілі!
Як здрадлівая
Белая мара!
Зацягнулі,
Завабілі
Песняй
Птушынай сваёю.
А цяпер у завулках,
У завулках
Так плача гітара
Ненадзейнай,
Пакінутай,
Цалкам адрынутай,
Цалкам жаночай
Тугою.
О, як хочацца жыць!
Што з таго,
Што вясенняй парой
З вішань квецень
Зляцела
Завеяй,
Пяшчотнай
І сіняй.
Што з таго, што калісьці
Памруць
Пад асенняй
Халоднай касой
Залатыя вяргіні...
Вяргіні...
Вяргіні...
Дваццаць год яшчэ можна кахаць!
Дыхаць квеценню,
Летам і маем.
Дваццаць год
Вінаградныя вусікі
Будуць віцца
Па месячных струнах...
Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць,
Ах, няхай яны мякка спаймаюць
Гэты месяц гарэзлівы,
Месяц вясёлы
І юны.
Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіяфана,
Радуга на крылах навальніц.
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, -
Адкажы на вуха ўладару,
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?
"Калi агорне цемра неба..."
Калі агорне цемра неба
І я зямны пакіну дом,
Я стану каменем ці хлебам,
Травой ці срэбным матылём.
Травой - каб ты ў сваім уборы
Прайшла па мне да добрых сёл,
А матылём - для ночы гора,
Калі жывых няма вакол.
А хлебам жоўтым, як жывіца,
Каб быць табе як мірны дар,
А каменем, каб адкаціцца
З дарог...
Ад ног тваіх...
У яр.
Читать дальше