Вочы ўсіх у яго былі ўпяты,
Стаў на кані, як над снежнай гарою
Распрасцiрае шырокія шаты
Хмараю чорнай калматая хвоя;
Так яго плашч чорны, шлем яго, латы,
Конь вараны — выглядаў той парою.
Тройчы ён крыкнуў, і падомны грому
Грозны быў голас, нязнаны нікому.
Дапаў да немцаў і ў тлуме знікае.
Бою не ўбачыш, толькі крык ды стогны,
Ды бліскавіцаю хуткай мільгае,
Сеючы смерць вакол меч ягоны:
Там шышак знікае, а тут шлем упадзе —
Вораг змяшаўся, пануе бязладзе.
Так лесаруб. Калі ён у гушчэры
Валіць дубы, дык далёка-далёка
Чуецца рэха удараў сякеры.
А лесаруб сам схаваны ад вока —
Бачыш, як кроны, што ўзняты высока,
Хіляцца долу над пушчаю шэрай;
Так, насякаючы з немцаў шаломы,
Рыцар к літвінам спяшаў незнаёмы.
Рыцар, спяшайся! Не позна, магчыма,
Дух войска ўзняць, бо бяда ўжо і гора
Стрэлы літвінаў, не прайшоўшы міма.
Дзіды, шчыты і мечы — не апора,
Моц іх зламана, і комтур вачыма
Прагна шукае ўжо Літавора;
Знайшоў. Абодва коней сваіх шпораць,
Хутка жалезам яны загавораць.
Літавор шаблю высока ўздымае,
Выстраліў комтур са зброі шалёнай,
Літвіны дрогнулі,што іх чакае?
Выпала шабля ў князя з далоні,
Повад здранцвелай рукой не ўтрымае,
Цісне шалом на знямелыя скроні.
Покуль Літва з дапамогай паспела,
З сядла схіляецца князева цела.
А чорны рыцар, як хмара. Што ў ночы
Б’е, наляцеўшы пярунам і градам,
Гэтак на комтура раптам наскочыў,
Што і не ўправіўся комтур з нападам —
Мгненне, і комтур ляжыць пад нагамі,
І топчуць коні яго капытамі.
Рыцар-туды, дзе над князем дваране
Нізка схіліліся. Рыцар здымае
Княжацкі панцыр, крывёй фарбаваны,
Кулі варожай след разглядае.
Кроў зноў пацекла з адкрытае раны,
Тут князь ад болю крыху апрытомнеў,
Вочы адплюшчыўшы і нешта прыпомніў;
Зноў апускае на вочу прыбліцу,
Воінаў прэч ад грудзей адпіхае,
Рымвіду знак даў ніжэй нахіліцца:
«Скончана» шэпча, на момант сціхае,
Потым зноў кажа: «Хавай таямніцу…
Мяне ж ніхто не ўратуе ад смерці…
У замак вязіце, хачу там памерці».
Поглядам Рымвід яго працінае —
Верыць, не верыць-вачэй не адводзіць,
Але сляза яму свет засланяе,
Ледзьве не млее, пот скроні халодзіць.
І пазнае не пазнае ўчора:
Гэта не голас. Не твар Літавора.
Рыцар тым часам, паводдзі старому
Рымвіду даўшы, схіліўся да пана,
Коні сказаў павярнуць у бок дому,
Потым, далонню заціснуўшы рану,
Князя абняў. Паімчаліся трое
З хуткасцю ветру дарогай лясною.
Каля сцен горада стрэлі прыгоду:
Людзі прыйшлі прывітацца з панамі.
Ціха мінуўшы натоўпы народу,
Ехалі моўчкі да замкавай брамы,
Не сустракаючы больш перашкоды.
Тут вартавым загадаў рыцар строга,
Каб не пускалі за імі нікога.
Войска рэшта ў горад вяртае з пагоні.
Выйгралі бой, ды такая ахвяра…
Радасці мала ў сталіцы сягоння,
Боль сэрцы сцяў і жалоба на тварах.
Кожны з тугою пытаўся пра пана:
Дзе ён? Ці глыбокая рана?
Што там у замку? Хто згадаць можа?
Мост не апушчаны, замкнёна брама.
Але тым часам у ровы, у яры
Слугі і з піламі і з тапарамі
Валяць. Ссякаюць дрэвы ў гушчары,
Камлі ў голле вязуць вазамі
І гоняць баржамі пад самы горад:
Страшны малюнак жалобы і гора!
Там, дзе свяцілішча багоў надхмарных,
Што перуном б’юць парод непагоднай,
Там, дзе валоў і авечак ахвярных
Кроў льюць з малітвай у вогнішча штодня.
Лоўж там вялікі кладуць пад яблокі —
Дваццаць сажней ён — даўгі і шырокі.
А на лаўжы, у чаканні пакуты,
З шчытам, са зброяй, з канём ягоным,
Увесь ланцугамі да дуба прыкуты
Немец стаіць, ён літоўскі палонны
Той, што паслом быў крыжацкага роду,
Князеў забойца Дытэрых з Кніпроду.
Рыцары, просты люд і капеланы
Збегліся, кожны чакае і млее:
Можа, яшчэ не смяртэльныя раны?
Ёсць яшчэ, можа, якая надзея!
Кожны на замак з тугой паглядае
І спадзяецца і весткі чакае.
Але труба адазвалася з вежы,
Падае мост, і павольнай хадою
Выйшла працэсія ў чорнай адзежы —
Цела героя нясуць грамадою;
Меч пры ім князеў, лук, стрэлы ў калчане,
Плашч пурпуровы шырокі ільсніцца:
Князева зброя і князева ўбранне,
Твару ж не убачыць, закрыты прыбліцай.
Ён гэта, князь наш, князь нашага краю,
Рыцар далёка вядомае славы:
Ці немца нішчыць, ці орды Нагая,
Ці суд вяршыць над падданымі правы…
Як жа закон наш цяпер забывае
Князь, занядбаўшы абрады, адправы?
Звычай вякоў старажытнае далі
Продкі твае хіба так шанавалі?
Читать дальше