А я, што маю за кроў і за раны?
Я, што ў дзяцінстве делёкім і мілым,
Ледзве з калыскі ад маці забраны,
Жыў, як татарын той, млекам кабыллім.
Дзень цэлы конна… мне конская грыва
Ноччу падушку сабой замяняла,
Хмаркаю ноч пралятала імкліва,
Раніцай зноў наc труба заклікала.
Гэта тады, як мае аднагодкі
Ездзілі верхам на конях з лучыны,
Смех выклікаючы ў матак салодкі
З гэтых ваенных забавак дзяціных.
Гнаўся ў той час за ардой я па пятах,
Або з палякамі біўся зацята.
Княству майму, ад Эрдвіла гадзіны,
Нават і пядзі зямлі не прыдбана;
Глянь ты на сцены… Не сцены — руіны.
Глянь на палацы, як усё занядбана;
Або зірні. Як пакоямі пойдзеш:
Дзе кубкі шкляныя? Посуд каштоўны?
Знойдзеш там золата? Камень там знойдзеш.
Ёсць дываны там? — мох клоччам няроўным.
Што ж здабываў я ў бойках крывавых?
Скарбы?.. Уладу?.. Не, толькі здань славы.
Здань толькі. Вітальд у тым вінаваты
Вітальд забраў маю славу. Размова
Толькі аб ім. Вайдэлоты на святах
Славяць яго, як другога Міндога.
На струнах звонкіх цудоўнае песні
Вітальда дойдзе да нашчадкаў імя.
Але хто ж нашы ў забыцці і плесні
Знойдзе імёны і ў прышласць узніме.
Мы не зайздросцім. Няхай сабе з бою
Скарбы бярэ і імя здабывае,
Толькі няхай капцюры над Літвою
Вітальд драпежныя не ўздымае.
А ці даўно, у час спакою і згоды,
Гвалтам літоўская ўзята сталіца?
Іншых князёў разарыўшы паходам,
Сына Альгерда прымусіў скарыцца,
Трон яго сам ён сягоння займае,
Нават пасол яго словам суровым.
Нібы Крывейта, князёў прызначае
Або зганяе баз лішняй размовы.
Досыць свае падстаўлялі мы спіны,
Покуль ёсць сілы і дыхаюць грудзі,
Покуль жалеза рук дужых не трудзіць,
Покуль мой конь мае лёт сакаліны…
Гэткага ж даў і табе, — конік слаўны,—
Іх я быў з Крыму прывёў, як здабычу,
Дзесяць нягоршых я маю на стайні,
Іх маім слугам адданым узычу…
Покуль і конь мой… І шабля са мною!..»
Тут не хапіла ад гневу дыхання,
Змоўк, толькі грымнула княжая зброя,
Бо здрыгануўся, відаць, з хвалявання.
Але што гэта, святлом вокамгненным,
Бліснула над галавой яго знічам,
Твар асвятліўшы на міг ваяўнічы?
Шаблі лязом ды па гзымсе каменным
Біў Літавор, выкрысаючы іскры;
Сталі ўзмах быў маланкава быстры.
Зноў абняло іх глухое маўчанне.
Зноў князь сказаў: «Годзе марнай размовы,
Ноч адыходзіць і дзень хутка новы…
Зараз пачуем мы пеўнеў пяянне.
Ты зразумеў мой загад? Будзь гатовы…
Лягу. Крыху адпачну я душою
Змучанай, целам… і ўстану здаровы.
Тры дні я не спаў я дарогай цяжкою.
Цёмна, ды месяц прабліснуць павінен,
Рушым якраз каля ранняй гадзіны…
Сыну Кейстута мы ў Лідзе пакінем
Добрую спадчыну — попел, руіны!»
Скончыўшы, пляснуў у далоні што сілы.
Чэлядзь узяла яго латы і зброю.
Лёг не таму, што быў сон яму мілы,—
Прагнуў, каб Рымвід пакінуў пакоі.
Рымвід падумаў: дарэмна размова!
Зараз жа выйшаў баз лішняга слова.
Выйшаў і выканаў спраўна інтэрас;
Рыцараў склікаў, паведаў загад ім,
Потым у замак вырнуўся яшчэ раз…
Да Літавора? Для новай парады?
Не, не да князя. Пакой князеў цёмны
Рымвід, улева падаўшыся, збочыў,
Дзе перакінуты мост быў пад’ёмны,
І ў пакоі княгіні пакрочыў.
Князевай жонкай была той парою
Лідскага князя дачка маладая.
За прыгажосць у наднёманскім краі
Звалі Гражыну князёўнай-зарою.
Хаця ж з гадамі з зарой-зараніцай
Не параўнаеш княгіні Гражыны,
Але яднала ў сябе чараўніца
Вабнасць кабеты і свежасць дзяўчыны.
Здівіць развагай, кране маладосцю,
Быццам бы май увасобіўся ў леце,
Быццам бы кветки, вясновыя госці,
З плодам даспелым, духмяным на вецці…
Ці толькі з твару прыгожа Гражына?
Роўных сабе ні ў чым іншым не знала;
Станам і ростам і спрытам княгіня
Нават і мужу свайму не ўступала.
Там, дзе абое прыгожыя ў коле
Чэлядзі, шляхты дваровай стаялі,—
Былі падобны да гонкіх таполяў.
Што найвышай свае кроны ўзнімалі.
З твару падобна да мужа нямала.
Сэрцам таксама нагадвала мужа.
Верацяном ці іглой пагарджала,
Але затое любіла аружжа.
Часта на добрым кані выяжджала
У шорсткім са шкуры мядзвежай убранні
І па лясах, па дубровах скакала
Да позняй ночы, да самага рання.
Часам, калі пад мужчынскім уборам
З лесу вярталася. Дзе палявала,—
Блытала чэлядзь яе з Літаворам,
І, нібы князя, Гражыну прыймала.
Так спалучаючы працу й забаву,—
Радасць, ці смутак, ці злая навала,—
З мужам не сэрца адно падзяляла,
Але і мыслі і княжую справу.
Суд ці вайна, ці таемная змова
Часта яна вырашалася словам.
Іншым было не ўсё гэта вядома.
Была не такой, як бываюць кабеты,
Што рады ўладзе над мужам і домам
І на ўвесь свет выхваляюцца гэтым.
Спрытна хавала ад лішняга вока
Тое. Як сэрцам валодала мужа,
Нават і тыя, што бачаць глыбока,
Цямілі гэтую справу не дужа.
Читать дальше