Гісторык.Перад вамі сціплы гісторык пачатку XXI стагоддзя. А перад ім ( бярэ са стала кнігу ) кніга о «Возвращении из небытия Антона Луцкевича. Материалы следственного дела НКВД БССР». Прыміце, шаноўны Антон Іванавіч мае шчырыя запаўненні ў найвышэйшай маёй да вас павазе. Прашу садзіцца.
Луцкевіч( бярэ з рук Гісторыка кнігу, сядае ў крэсла перад сталом, крэсла насупраць займае Гісторык ). Я ў курсе гэтага выдання. Мы ўсе там ( паказвае ўверх ) у курсе зямных спраў, асабліва спраў гісторыкаў. Так што няварта прыбядняцца сціпласцю, калі ўжо займаецеся такімі матэрыямі. ( Вяртае кнігу Гісторыку. Паўза. ) Разважаеце, супастаўляеце, аналізуеце, мяркуеце, што было б з нашай Бацькашўчынай, калі б гісторыя мела ўмоўны лад…
Гісторык.Так… Разважаем і смуткуем аб ахвярах, прынесеных адраджэнцамі-бэнээраўцамі. I не ўсё нам яшчэ зразумела… а спецхраны зноў на замку…
Луцкевіч.Мы на свае ахвяры пайшлі самі. I было ўсё прасцей, чым вы сёння думаеце… Рэвалюцыя ў Германіі, якую ў нашых беларускіх умовах немагчыма было прадбачыць, зблытала ўсе нашы карты. З двух акупантаў на зямлі нашай застаўся адзін…
Гісторык.I менавіта гэта акалічнасць падштурхнула вас пайсці на перамовы з прадстаўніком бальшавіцкага ўрада Ракоўскім і самім Леніным аб супрацоўніцтве.
Луцкевіч.У гэтым яшчэ была нейкая перспектыва… Але пры сустрэчы з Леніным я пераканаўся, што прыярытэтам для бальшавікоў з’яўляецца не дэмакратычны парламентарызм і агульнанацыянальныя праблемы, а выключна класавая барацьба, планетарная.
Гісторык.Дзіва, што пры гэтым вы пагаджаліся на федэратыўны саюз БНР з бальшавіцкай Расіяй.
Луцкевіч.Пагаджаліся толькі пры ўмове незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, што аніяк не адпавядала класава-імперскім інтарэсам бальшавікоў. Хоць на тое, каб беларускія дзеячы, акрамя членаў урада БНР, засталіся ў Менску пасля зыходу германцаў, Ленін згоду даў.
Гісторык.I беларускія дзеячы ўлезлі ў гэту бальшавіцкую пастку?..
Луцкевіч.Асабіста я стаяў на тым пункце гледжання, што НАЦЫЯ — гэта нешта вечнае, што павінна існаваць і выяўляць сваю жыццёвасць заўсёды і пры ўсякіх абставінах і пры любых ахвярах у барацьбе з духоўным, нацыянальным і сацыяльным рабствам. Улезшы ў пастку, мы займелі нашых прыхільнікаў-адраджэнцаў у кіраўніцтве Інбелкульта, Акадэміі навук, Наркамаце асветы, выдавецтвах, творчых суполках і нават у асобе наркома сельскай гаспадаркі. Беларусізацыя Айчыны і вяртанне нацыі да сваёй роднай мовы была вартая нашых ахвяр. Без іх сённяшняя Беларусь не мела б ні народнага фронту, ні самой дзяржаўнасці, ні абуджанай нацыі, якую ўжо не ўбаюкаць ніякім сірэнам ад шавіністаў і калабарантаў. У становішчы, смяротна небяспечным для нацыі, мы мала зважалі на сталінскую дырэктыву нас «приласкать и уничтожить», а наадварот, напоўніцу пакарысталіся амністыяй для адраджэнцаў-бэнээраўцаў. Ды і хто мог уявіць, што бальшавіцкая падступнасць стане чумой XX веку, а савецкая імперыя ператворыцца у імперыю зла і стане ўпоравень з імперыяй нацыянал-фашысцкай, з іх незлічонымі ахвярамі. А сярод іх і мы, адраджэнцы з мінулага стагоддзя.
Прывід Луцкевіча знікае.
Сцэна асвятляецца.
Гісторык( да залы ). Спадарове суайчыннікі, ушануем мінутай смутку памяць барацьбітоў за волю народа і незалежнасць Першай Беларускай Народнай Рэспублікі. Іх былі многія тысячы. Перад намі ж прайшлі некалькі выканаўцаў іх роляў у тэатральным відовішчы.
Пад гэтыя словы паволі апусціцца заслона ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга. Перад ім да Гісторыка з супрацьлеглай кулісы будуць падыходзіць выканаўцы роляў у турэмнай паласатай вопратцы і выстройвацца на фоне сцяга. Гісторык назаве кожнага паіменна.
З’яўляецца Шантыр.
Шантыр Фабіян Гіляравіч — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст. У 1920 годзе Асобым аддзелам 16-й Чырвонай Арміі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Навазыбкаве.
З’яўляецца Фальскі.
Фальскі Усевалад Сцяпанавіч — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч. У 1921 годзе прыгавораны ЧК Беларусі да зняволення ў Смаленскай катаржнай турме. Далейшы лёс невядомы.
З’яўляецца Бадунова.
Бадунова Палута Аляксандраўна — дзеячка беларускага нацыянальнага руху, настаўніца. У 1938 годзе прыгаворана да вышэйшай меры пакарання. Расстраляна ў Мінску.
Читать дальше