- Слухай, Раман, – усміхнуўся Аляхно, – можна пакінуць сытымі ваўкоў і цэлымі авечак. Бяры яе, на колькі спатрэбіцца. Ты ведаеш, я пряцель твой і сусед і ніколі не запатрабую яе назад. Мне вельмі не хочацца, каб ты ажаніўся з ёю.
- Не, – сказаў Раман.
- Сур’ёзна, вазьмі яе, калі ўжа так захацеў. Зрабі ёй дзіця і супакоішся.
- А калі яна мяне ненавідзіць?
- А хто пытае пра гэта ў быдла?
- Не да ладу кажаш, сусед, – сказаў Раман, – дзяўчат гэтага “быдла” таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.
- Ну і вазьмі яе сабе, – засмяяўся Кізгайла.
- Браць сілком, браць у ланцугах – гэта трэба не паважаць сябе.
- Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.
- І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба каб па любові, іначай якая ж тут радасць?
- Гм... Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.
- Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.
Кізгайла падумаў крыху.
– Не, не адпушчу, – сказаў ён. – Хочаш – бяры. Не хочаш – не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.
Ён занатурыўся, і Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесці размову аб гэтым і ледзь не маліў Кізгайлу, але той стаяў на сваім.
Пасля гэтага Раман пакінуў ездзіць да Кізгайлы. Той перапалохаўся – суседзі сталі коса глядзець на яго. Яму зусім не хацелася варагаваць з Ракутовічамі, і ён вырашыў адпусціць Ірыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзілася пайсці за яго, вось-вось павінна было загрымець на ўсё ваяводства званамі і шамкамі коней. І ён, як варты павагі жаніх, спытаў у нявесты, ці трэба даваць Ірыне вольную.
Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала:
– Не.
Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.
– Не, – паўтарыла яна. – Нобіль і халопка? Калі ты гэта зробіш, пра мяне можаш не думаць.
І Аляхно не паехаў да Ракутовіча.
А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.
- Аляхно, – маліў ён Кізгайлу, – зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім звар’яцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакратна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.
- Не, – сказаў Аляхно і сказаў гэта не сваімі вуснамі, а вуснамі жонкі.
- Ты ведаеш, – сказаў Якуб, – ён крычыць, што гэта цяперашнія выскачкі зрабілі такімі цяжкімі ланцугі халопства, што хутка стануць халопамі і паны, увесь народ... Аляхно, ён не есць, і не п’е, і не спіць па начах. Адпусці!
- Не, – сказаў Аляхно.
- Добра, – ускіпеў Якуб, – ты будзеш вінен у пагібелі дзвюх душ. Яго і гэтай дзеўкі, таму што яна таксама шкадуе яго, я ведаю. Сорам табе, Аляхно! Дзяды часта жаніліся так, як хоча Раман. І гэтыя новыя парадкі нам не даспадобы.
- Не, – сказаў Аляхно.
- Добра ж, – і Якуб кінуў на стол корд [5] Кароткі меч
, – тады слухай, Аляхно. Ракутовічы табе абвяшчаюць варожасць. Беражыся.
Кізгайла пагаварыў яшчэ раз з жонкай, але тая ўпарта і тупа стаяла на сваім. А праз месяц Якуб, спасцерагаючы згасанне брата, выклікаў Аляхно на бой і быў забіты.
Смерць брата крыху працверазіла Ракутовіча. Ён стаў на ногі. І ніхто не ведаў, што ён думае. Перапалоханы гэтым нядобрым маўчаннем, Кізгайла вырашыў напасці на адну з вёсак суседа, каб паскорыць вырашальную сустрэчу.
Па дарозе туды ён быў паранены стралою з сялянскага самастрэла. Страляў адзін хлопец з аховы Якуба. Помсціў за нябожчыка.
Загонавыя дваране адступілі, забраўшы з сабой Кізгайлу. Той не дазволіў ім дакранацца да сябе і адлежваўся ў Кісцянях, нікога не пускаючы ў свой пакой.
І вось цяпер мужыцкія орды ўзначаліў гэты чалавек, смяротны вораг майго гаспадара.
Я плюнуў, выслухаўшы гэтую гісторыю. Калі ў справу ўмешваецца баба – дабра не чакай. І ахвота яму было пытацца парады ў свае жонкі!
Але ўсё адно яна была гожая, а гэтага Ракутовіча я не разумеў.
Толькі вар’ят мог, калі яму дакляруюць такую раскошу, – патрабаваць сабе ланцугоў на шыю.
Читать дальше