– А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.
Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна:
– Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.
І спытала ў капітана:
– Тую дзеўку адправілі ў Магілёў?
Капітан ледзь не ўдавіўся кавалкам і пачырванеў:
– Праз гадзіну адправяць. Разам з астатнімі.
– Загадайце берагчы яе. Калі з ёй што-небудзь здарыцца ў дарозе і той даведаецца – ён не пакіне ад Кісцянёў каменя на камені.
– Слухаю вас, – буркнуў капітан.
Я не пытаў ні аб чам. Занадта многа таямніц на адзін вечар.
Потым мы спехам вырашылі, каму які мур абараняць, а Кізгайла даў загад трымаць напагатове смалу і дровы і змазаць пад’ёмнік другой рашоткі.
Загадзя ведаючы, што гэта бескарысна, вырашылі ўзняць на супраціўленне мужыкоў з замкавых вёсак Кізгайлы.
Потым Кізгайла прачытаў загад збароўскім мяшчанам, на якіх таксама маглі напасці. Ім належала: “Стрэльбу ўсякую, то бок гакаўніцы, ручніцы і сагадайкі, і іншую абарону, то бок шыбні і што іного да той абароны належыць, у дамех сваіх маці; а хто не можа больш, іно хаця адну ручніцу і рацішча няхай маець, а без абароны ў даму няхай не мешкае”.
– Не атрымаецца і гэта, – усміхнуцся Крот.
– Гэта чаму? – узвіўся Кізгайла.
Крот выцер ільсняныя губы:
- Яны ў нас пра падатак прасілі?
- Ну, прасілі.
- А ты не зняў?
- Не зняў...
- Таму і не атрымаецца. Скажуць, як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць, а як с... і д... дык нас ішчуць.
- Не лайся, Іван, – скрывіўся гаспадар, – баба за сталом.
- Калі яна баба, – нахабна адказаў той, – няма чаго ёй за нашым сталом сядзець. А калі села, няхай слухае. Воінам без лаянкі нельга. Прыцерпіцца.
І тут пані Любка мяне здзівіла. Глянула на Крата цёмна-блакітнымі вачыма і сказала цвёрда:
- Калі пан хоча лаяцца, няхай пакіне замак і за мурамі лаецца з тым, хто ідзе.
Крот наліўся крывёй:
- А ці не хоча пані, каб дваране і яе адправілі за муры сустракаць гэтага чалавека?
- Добра, – усміхнулася яна, – пагроза за пагрозу.
І раптам устала.
- Пан Цхакен, клікніце сваіх людзей. Я загадваю вам выкінуць гэты зброд за браму. Няхай абараняюцца ў чыстым полі.
- Любка, – уступіўся муж, – гэта ж кожны трэці абаронца.
Спалоханы сваркай гарнастай шмыгнуў пад рантух і хутка ўжо высоўваў сваю трохкутную мордачку з рукава гаспадыні.
– Нам не патрэбен такі трэці, – сказала яна, – здрада крочыць цераз самыя высокія вежы. Пан Цхакен...
Я ўстаў і бразнуў шпорамі. Гарнастай зашыпеў на мяне з рукава, як васіліск.
Але Крот ужо звяў. Ён раптам усміхнуўся гаспадыні:
– Добра, пані. Даруйце мне. Добрыя мы будзем, распачаўшы бойку, калі справа зайшла аб скуры. Паасобку будзе дрэнна і вам і нам.
Воблака рассеялася. Вячэра цягнулася далей. Вырашылі паспрабаваць заўтра выслаць Дамініка лазутчыкам, каб даведацца, дзе вораг.
Усё астатняе для абароны было падрыхтавана. Мы толькі не ведалі колькасці ворага. Мяцеж, выяўляецца, узгарэўся ў наваколлі Зверына. Адтуль не ўцёк ніводзін дваранін. Было гэта за тры тыдні, а першая чутка аб бунце прыйшла тыдзень назад, калі паўстанцы ўзялі Рагачык. І тады ўжо на чале іх быў гэты Раман.
Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ніколі не верыў людзям, якія занадта доўга церпяць. Калі іх нянавісць загарыцца, яна гарыць, пакуль не спапяліць праціўніка або самога сябе.
І толькі цяпер я даведаўся нарэшце, у чым рэч, і сам сабе падзівіўся неразумнасці Кізгайлы.
А расказаў мне гэта попік з цяжкавымоўным імем.
Аказваецца, паўтара года таму назад Раман прапанаваў пану Аляхну пяцьдзесят бітых талераў за тое, каб ён адпусціў на волю сваю халопку Ірыну.
Яны сядзелі і пілі разам, і Аляхно спытаў Рамана, нашто яму гэта. Той адказаў, што паспрабуе пасля гэтага завалодаць яе сэрцам і ажаніцца на ёй.
- Сэрца, як я мяркую, табе без патрэбы, ласкавы пане, – легкадумна адказаў нежанаты тады пан Аляхно.
- Аднак ты ж прынёс сваё да ног панны Любкі.
- Гэта зусім іншая рэч. Яна высокага роду. А нобілю сорамна браць за сябе халопку.
- Ажаніўся ж на дачцэ смерда мурамскі Пётр, – сказаў Ракутовіч.
- Рабы татар могуць рабіць, што ім хочацца.
- Не папікай, сусед. Падобна на тое, што прыйшла чарга нам трапіць у рабства. Варшава задушыць нас, мы згубілі памяць. І невядома, чыё рабства будзе даўжэйшае.
- І ўсё ж гэта ганьба для нобіля – мяшаць сваю кроў з халопскай.
- Ты дазволь мне самому меркаваць пра гэта.
Читать дальше