Я сплю доўга — дзве ці тры гадзіны, — пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу і сплю... Я гэта адчуваю і ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзіць, глядзіць на мяне, абмацвае мяне, залазіць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамі за шыю і сціскае, сціскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.
Я спрабую адбівацца, але мяне нібы звязвае тое страшнае бяссілле, што паралізуе нас у сне, я хачу закрычаць — і не магу, хачу паварухнуцца — і не магу, нялюдскімі намаганнямі, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скінуць гэтую істоту, што душыць, расціскае мяне — і не магу!
І раптам я прачынаюся, ледзь не звар'яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку — у пакоі нікога няма.
Пасля гэткага прыступу, які паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да раніцы.
2 чэрвеня. — Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робіцца? Бромісты калій не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкі стаміцца, хоць я і без гэтага быў вельмі стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскім лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае і мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў і лісця, напоўніць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца — новаю сілаю. Я ішоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкі два доўгія рады незвычайна высокіх дрэваў распасціралі нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лістоту, закрываючы неба.
Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.
Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, ці, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзін у гэтым лесе. І раптам мне здалося, што за мной нехта ідзе, зусім побач, ледзь не наступаючы на пяткі, здаецца, вось-вось схопіць.
Я рэзка павярнуўся. Нікога не было. Я ўбачыў за мною толькі простыя шырокія прысады — яны былі высокія і пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другі бок — гэткія ж самыя пустыя, вусцішныя прысады, якія вядуць у бясконцую даль.
Я заплюшчыў вочы. Нашто? І пачаў круціцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочы — дрэвы скакалі, зямля плыла. Я сеў. І, о Божа! зразумеў, што не ведаю, з якога боку я прыйшоў! Дзіва! Такое дзіва! Я напраўду зусім заблытаўся. Пайшоў урэшце ў правы бок і выйшаў на дарогу, па якой я быў зайшоў у лес.
3 чэрвеня. — Ноч была невыносная. Мне трэба на пару тыдняў некуды з'ездзіць. Маленькае падарожжа павінна мне пайсці на дабро.
2 ліпеня. — Я вярнуўся. Здаровы. Зрэшты, вандроўка была выдатная. Я пабачыў гару Сэн-Мішэль, дзе я ніколі яшчэ не быў.
Якое відовішча адкрываецца вачам вандроўніка, які прыязджае ў Аўранш надвячоркам! Сам горад стаіць на ўзгорку. Мяне правялі ў гарадскі парк у самым канцы горада, і там я ўскрыкнуў ад захаплення. Перада мною, як скінуць вокам, распасціралася вялізная бухта між двух берагоў, якія адыходзілі ў далячынь і знікалі ў смузе. Пасярэдзіне гэтай вялікай жоўтай бухты пад зіхатліва залацістым небам змрочна ўздымалася сярод пяскоў дзіўная спічастая гара. Сонца ўжо зайшло, і на вячэрнім гарызонце вырысоўваўся сілуэт гэтай фантастычнай скалы з не менш фантастычнай будынінай на вяршыні.
Як толькі развіднела, я накіраваўся да яе. Быў адліў, як і напярэдадні. Я паволі набліжаўся да гары, і перада мною вырастаў дзівосны кляштар. Праз некалькі гадзін я прыйшоў да гары — вялізнай крушні камянёў. На ёй была маленькая вёсачка, а над усім высілася вялікая царква. Я падняўся вузенькай вулкай і ўвайшоў у гэтую самую прыгожую гатычную пабудову на зямлі, вялікую, як горад, поўную нізенькіх пакояў, амаль расціснутых пад скляпеннямі і высокімі галерэямі, якія трымаліся на далікатных калонах. Я ўвайшоў у гэты велізарны гранітны палац, лёгкі, нібы карункавы, з безліччу вежаў, зграбных званічак, куды вядуць стромкія сходы. Яны ўздымаюць у благат дня або ў цемрадзь ночы свае незвычайныя галоўкі, абсыпаныя хімерамі, д'ябламі, фантастычнымі жывёламі, пачварнымі кветкамі і злучаныя між сабою тонкімі аркамі.
Калі я дабраўся да вяршыні, я сказаў манаху, што ішоў побач са мною: «Мой ойча, як вам тут добра!»
Ён адказаў: «Тут надта дзьме вецер, пане». Мы гаварылі, гледзячы, як прылівае мора — яно набягала на пясок і адзявала бераг у сталёвы панцыр.
І манах пачаў апавядаць мне паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі, старадаўнія легенды.
Адна асабліва мяне ўразіла. Мясцовыя людзі, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы — адна мацней, другая цішэй. Недаверлівыя кажуць, што гэта крычаць марскія птушкі, часам іх крыкі нагадваюць бляянне, а часам — чалавечы стогн. Але рыбакі, якія позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалі ў дзюнах старога пастуха. Твару яго ніхто ніколі не бачыў, бо ён ходзіць, увярцеўшыся з галавою ў плашч. Ён пасвіць казла з тварам мужчыны і казу з тварам жанчыны. У абаіх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.
Читать дальше