Вельмі небяспечна было крыўдзіць ПАДВЕЯ, бо ён раскідвае стагі і скірды, зрывае стрэхі з дамоў. Для абароны ад яго раней выкарыстоўвалі розныя замовы, пра якія сёння забыліся.
У рэгіёнах, што мяжуюць з Расіяй, верылі, што віхура, смерч — вяселле нячысцікаў. Калі кінуць нож у сярэдзіну смерчу, ён стане крывавым, бо параніць мноства злых духаў, а яны баяцца жалеза. У Максіма Багдановічаёсць цудоўны верш «Завіруха», які ўвасабляе вобраз Падвея:
У бабны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе,
І спеў льецца ўсё мацней, –
Гулянку справіў пан Падвей.
У нашых класікаў вобраз ветру ўвогуле сустракаецца вельмі і вельмі часта — у самых розных выглядах. Вецер — асноўны пасрэднік паміж зямлёй і небам, галоўны прадстаўнік натурафіласофскай стыхіі «паветра», найбольш дынамічны. Але менавіта ПАДВЕЙ — не проста вецер, а смерч, віхура, завіруха.
У многім супрацьлеглы ПАДВЕЮ персанаж — ЖЫЖАЛЬ (ЖЫЖ) — бог ці дух полымя і кавальскай справы. Паводле рэшткаў міфаў, што захаваліся ў беларусаў, менавіта ён выкаваў шыкоўныя залатыя і сярэбраныя калясніцы для СОНЦА і ПОЎНІ.
У язычніцкіх рэлігіях іншых народаў існуюць багі, функцыі якіх супадаюць з функцыямі ЖЫЖА. Гэта, прыкладам, грэчаскі ГЕФЕСТ. Але ён бог антрапаморфны. У беларусаў ЖЫЖАЛЬ — сам агонь. Ён адорвае людзей святлом і цяплом. Але асабліва апякуе кавалёў. А да кавалёў раней ставіліся з выключнай павагай, як да самых умелых з рамеснікаў, сапраўды творчых людзей. Не будзем забываць, што, паводле грэчаскага філосафа Гесіёда, нават эпоха, у якую мы жывём, называецца Жалезнай. Ды і праўда — наша цывілізацыя тэхнагенная, заснаваная на метале. Беларусы верылі, што ЖЫЖАЛЬ паходжвае пад зямлёю і выпускае з сябе агонь. Калі ходзіць паціху, зямля саграваецца, калі хутка, зямля загараецца (торф гарыць).
Ушанаванню ЖЫЖАЛЯ прысвечана адно з самых прыгожых язычніцкіх святаў — «Жаніцьба Пасвета» (ПАСВЕТ — хатні агонь). Адзначалася яно ў верасні (у дзень асенняга раўнадзенства), калі яшчэ даволі цёпла, але цемра апускаецца ўжо рана, і людзі адчуваюць патрэбу ў асвятленні сваіх хат. Пасвет — самаробны падвясны свяцільнік. У ім звычайна гарэлі дзве свечкі. Людзі прыносілі ў ахвяру гэтаму маленькаму хатняму богу-агню алей, а часам і нешта іншае, спявалі ў яго гонар абрадавыя песні, упрыгожвалі свяцільнік кветкамі, гірляндамі. Часткова культ хатняга агню захаваўся ў хрысціянскім звычаі паліць ладанкі перад абразамі.
У славян былі свяцілішчы і нязгаснага агню ў запаветных дубровах, гаях, дзе жрацы-вешчуны «кармілі» яго паленнем, жывіцай. Называлі нязгасны агонь ЗНІЧ. У свяшчэнныя дубровы нельга было ўвайсці чужынцу. ЗНІЧ выкарыстоўваўся для рытуальнага ачышчэння жылля, скарбу, свойскіх жывёл, людзей. І попел яго лічыўся гаючым — яго давалі як лекі. Па характару гарэння ЗНІЧА варажылі, прадказвалі надвор’е. Адно з такіх культавых месцаў, напрыклад, знаходзілася ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна, дзе на высокім узгорку Дзевіч-гары археолагі раскапалі язычніцкае капішча.
Згаданымі персанажамі далёка не вычэрпваецца сістэма ніжэйшай міфалогіі славян (беларусаў). Так, беларускі даследчык міфалогіі і фальклору Уладзімір Васілевічу сваёй кнізе «Беларуская міфалогія» толькі ў раздзеле «Лясныя духі» прыводзіць звесткі пра наступныя персанажы: «Лесавік», «Пушчавік», «Гаюн», «Гаёўкі», «Дабрахочы», «Купальскі дзядок», «Змяіны цар», «Вужалкі», «Зазоўка», «Расамаха». У раздзеле «Вадзяныя духі»: «Вадзянік», «Русалкі», «Азярніцы», «Баламуцень», «Сарэны», «Ядзеркі». У раздзеле «Балотныя духі»: «Балотнік», «Багнік», «Аржавень», «Кадук», «Лазавік», «Хапун», «Лойма». Існуюць і іншыя персанажы, якія насяляюць падзем’е, паветра і іншыя ўзроўні прасторы, ландшафты Беларусі.
Пытанні для засваення і самакантролю:
1. Паняцце анімізму.
2. Культ расліннасці ў старажытных народаў.
3. Значэнне анімістычнага мыслення для ўтварэння тропікі фальклору і мастацкай літаратуры.
4. Духі прыроды (духі локусаў) у славян.
5. Успомніце расповяды старых людзей пра незвычайнае ў мясцінах, адкуль вы родам.
6. Прывядзіце прыклады адухаўлення розных з’яў прыроды ў беларусаў.
Магія здаецца праблемай ненавуковай. На самай справе ў апошні час магіяй цікавяцца самыя сур’ёзныя навукі: фізіка, біяфізіка, этнапсіхалогія і інш. Акрамя таго, чаму мы лічым, што навука ведае ісціну ў апошняй інстанцыі? Калі б гэта было так, не існавала б мастацтва, якое звязана не столькі з матэрыяй, колькі з духам. Сёння гавораць, што ў глыбокай архаіцы (напрыклад, у Старажытным Егіпце, Старажытным Кітаі) магія была галоўнай навукай таго часу, навукай навук, супернавукай. Магія — важнейшая асаблівасць старажытнага мыслення і практычнай дзейнасці. Адпаведна магіяй можна лічыць: 1) устанаўленне сувязі паміж рознымі прадметамі і з’явамі рэчаіснасці, часам вельмі далёкімі; 2) імкненне чалавека паўплываць на прыроду і на іншых людзей з дапамогай адпаведных дзеянняў, рытуалаў. Згодна англійскаму даследчыку-этнографу Д.Д. Фрэзеру, існуе некалькі відаў магіі:
Читать дальше