«Паўлінку» першы раз ў Вільні гулялі 27 студня 1913 г. у салі гімнастычнага таварыства «Sokół» на Віленскай вул.
Другі выдатны драматычны Купалы твор, якому няраз прыйшлося бачыць сьвет рампы, гэта — «Раскіданае гняздо», драма ў 5-цёх актах, у якой адчуваецца і шырокі размах пяра і лепшая знаёмасьць з вымогамі сцэны. Тэма «Раскіданага гнязда» — барацьба панскага двору з мужыцкай хатай, пана з селянінам. Лявона Зябліка пан выкідае з хаты. Ен, Зяблік —
…«з гэткай зямелькай зжыўся, як з роднай маткай. Кожны каменьчык на полі і кожны кусьцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ. На гэтых гонейках пасьвіў скаціну, араў, сеяў, касіў. А тут!.. Суд — вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў!..» [66] Янка Купала. Раскіданае гняздо. Драма ў 5-цёх актах. Выдавецтва Менскага Камісарыяту Асьветы. Вільня. 1919.
Гэта — трагэдыя сялянскай душы Лявона. І няма дзіва, што ён не перажывае гэтага, бо — кажа — «чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: зьсячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне…»
Засталіся: хворая яго жонка ды дзеці. Зоська — дачка, кволая дзяўчына, пранікнутая містычнасьцяй, мэлянхолічная якбы ад сьвету гэтага адарваная; Сымон — старшы сын, горды і адважны, знае сабе цану і верыць у сваю сілу; Данілка і двое малых. З хаты ня йдуць. Ня кінуць зямлі. Па загаду пана дворныя людзі ламаюць ужо страху. На іхнія галовы сыплецца пясок…
Засталіся пад голым небам, — але з зямлі ня кратаюцца. галава ў хаце пасьля бацькаўскай сьмерці — Сымон застаецца на руінах хаты і не пазваляе сваёй сям’і зыйсьці з яе. Службу давалі, можна было добра прыстоіцца, але ён з нязвычайна гордай упартасьцяй ня хоча «прыстроіцца», а чакае адкульсь нейкай справядлівасьці. Але справядлівасьці няма. Ды мала яшчэ бяды: сястра, Зоська, палюбіла паніча, «як зорка месяц…»
Але прыходзе Незнаёмы і кліча на Вялікі Сход.
«Годзе нацягаліся твае дзяды і прадзеды ношкі непасільнай! Выбіла гадзіна, і ты мусіш, як арол магучы, распусьціць сваё крыльле і ляцець туды, куды усе цяпер зьлятаюцца. Кончылася чалавечае вечнае начаваньне, і сьвітаньне агністае пачынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора…»
«Дагэтуль ты сьцежкі свае ня бачыў, бо вечна нязмытыя сьлёзы на вачох тваіх віселі, хоць чырвоная кроў з цябе капала на сьляды твае. Наганяў ты сабе мазалі непазбытыя, як араў і сеяў, а груганы пражорлівыя зярнаты твае сьпелыя клявалі…»
І Сымон пайшоў — «Смока выганяць…»
Драма канчаецца жудаснай сцэнай: водблеск пажару асьвятляе руіны хаты — гэта гарыць падпалены Сымонам панскі двор. На руінах хаты звар’яцеўшая Зоська ў вянку з пасохшага лісьця на галаве круціцца і пяе:
Вецер іграе, зорачкі скачуць,
Месяц між імі лад водзе…
Маці і малыя з торбамі на плячох ідуць за Старцам — у сьвет…
Тут ужо не сьмяхотныя пьяненькія тыпы з «Паўлінкі», тут — панурыя, выкаваныя з жалеза беларускія сымволі. Але «Раскіданае Гняздо» не карыстаеца на сцэне гэткім пасьпехам, як «Паўлінка». Віной гэтага той літэратурны, анты-тэатральны баляст, якога шмат у «Раскіданым Гнязьдзе». А з другога боку — гэтая «літэратурнасьць» мае гэтулькі мастацкага хараства, а словы, якія кажуць героі п’есы гэтак жыўцом вырваны з акрываўленага сэрца народу, што рэжысэрскі алувок ня важыцца чыркануць старонак вялікага твору Купалы.
Разьвіваўшая дзеяльнасьць беларускага драматычнага гуртка ў Вільні праявілася далей ў сьмеласьці заглянуць да «клясычнага» рэпэртуару. 25 студня 1915 года у тэатры «Фільгармонія» на Ноўгародзкай вул. ставяць першы раз ад Марцінкевічаўскіх часаў «Залёты». Вялікую працу каля гэтага спэктаклю далі Марыя Кімонт († 1923), якая замест загінуўшай Манюшкаўскай музыкі напісала часткай сваю ўласную, а рэшту дабрала з розных чужых матываў, і А. Бурбіс, які першы пераклаў на беларускую мову польскія сцэны «Залётаў» і рэжысэраваў п’есу. Варта адзначыць, што роль жыда ў «Залётах» гуляў запраўдны жыд — вядомы беларускі пісьменьнік Зьмітрок Бядуля (Плаўнік).
Няма што й казаць, што спэктакль меў вялізны пасьпех.
Гэты спэктакль быў лебядзінай песьняй старага віленскага драматычнага гуртка. Ужо йшла вайна, хаця не на палёх Беларусі, але ўжо грымелі гарматнія стрэлы. Культурныя справы сайшлі на другі плян. Моладзь паклікалі на крывавае дзела. Беларускія спэктаклі спыняюцца. Пачалася эвакуацыя Вільні. Ня час песьні пяяць, калі сьмерць усюдых сваю жніўную песьню пяе.
Читать дальше