Пры аглядзе культуры Беларусі ў мінуўшчыне, трэба зьвярнуць увагу на вельмі важную яе азнаку — самабытнасьць. Маем на ўвеце самабытнасьць культуры духовай, не матэрыяльнай. Самабытнасьць культуры народу мае такое-ж важнае значэньне ў ягоным жыцьці, як, прыкладам, мова. Народ, які страціў сваю культуру й лучыў пад неабмяжаваны ўплыў чужой, заўсёды пераставаў быць сабой, ня жыў сваім собскім, нацыянальным, жыцьцём, бо за культурнай асыміляцыей прыходзіла палітычная ды кажная іншая. Ведамым ёсьць сказ Ф. Багушэвіча: «не пакідайце мовы сваей беларускай, каб не памерлі». Тое самае можна сказаць аб значэньні культуры для народу.
У чым выражаецца самабытнасьць культуры й чаму народ павінен імкнуцца яе захаваць? Трудна тут шырэй на гэтую тэму гаварыць, але трэба зьвярнуць увагу на наступнае. Кажны народ — гэта ня толькі азначаная колькасьць людзёў супольнага паходжаньня, што жыве шчыльнай масай на дадзенай тэрыторыі й гавора аднэй мовай, але й аб'яднаная адным духовым сьветаглядам, аднымі звычаямі, аднэй псыхікай. Гэтыя духовыя свомасьці народнае душы вырабляюцца вякамі, a мо' й тысячагодзьдзямі, а на фармаваньне іх маюць уплыў ня толькі прыродныя абставіны, у якіх даны народ жыве, але й супольна перажытая барацьба за йснаваньне ў мінуласьці, што пакінула па сабе пэўную суму народных традыцыяў, якія твораць скарб народнага дазнаньня й мудрасьці. Захаваньне, гэтага духовага скарбу для народу ёсьць жыцьцева неабходным i зьяўляецца складовай часткай яго паняцьця. Ён ёсьць найлепшым настаўнікам у жыцьці народу, ён вызначае спраўджаныя стагодзьдзямі вехі народнага паступаваньня. Хоць нельга цьвердзіць, што мінуўшчына ёсьць заўсёды i ўсюды настаўніцай жыцьця, але ў галоўных асновах яна, бязумоўна, ёй ёсьць i да ейнага голасу трэба прыслухоўвацца. Для каго ня будзе, прыкладам, дастаткова павучальнай хоць-бы гісторыя навейшых баларуска-польскіх, або беларуска-маскоўскіх культурных i іншых адносінаў калі-б ён заінтарасаваўся гэтай квэстыей, усе роўна зь якой нагоды?
Вось-жа духовы культурны скарб ёсьць першараднае вагі крыніцай сілы народу, магутнай зброей у ходаньні за ягонае йснаваньне. І калі гэты скарб траціць свае народныя свомасьці, падменьваецца іншым, чужым, дык, зразумела, народ пачынае жыць чужым дазнаньнем i мудрасьцю, што азначае для яго няўхільную сьмерць, бо як правільна кажа народная прыказка, чужым розумам далёка ня зойдзеш. Можна й часам трэба, нават, выслухаць, што ён гавора й зь ім згадзіцца, калі ён ёсьць дастаткова пераканалыным, але ў прынцыпе — трэба перш усё прапусьціць праз прызму свайго собскага народнага розуму.
Самабытнасьць духовае культуры народу й палягае ня толькі на разьвіцьцю радзімых псыхолёгічных асноў духовае язьні народу, але й на перайманьню чужых культурных зьявішчаў, аднак пад умовай папярэдняга скантраляваньня іхняе карыснасьці праз менаваную прызму народнае мудрасьці. Самабытная культура ў гэтым разуменьні — гэта ня культура ранейшых кітайцаў, што адгараджваліся ад iншагa сьвету высокай сьцяной. Разьвіваючы радзімыя асновы духовае культуры народу, самабытнасьць не бароніцца ад сутыку з чужымі культурнымі ўплывамі, a толькі адкідае бяскрытычнае перайманьне апошніх, загадвае паддаваць ix кантролі.
Сяньня ў пару так дасканальных мэтадаў культурнае барацьбы можна ўявіць сабе йснаваньне адумыснае інстытуцыі, каторая-б магла спэцыяльна займацца гатый справай i гэткія ўстановы маюць шмат якія культурныя народы. Але ў мінуўшчыне ролю гэтака абаронцы сваей культуры выкопваў адзіна толькі самабытны культурны інстынкт народу, асабліва ў нас. Ён падсьведама кантраляваў чужыя ўплывы й пераймаў толькі тое, што ўважаў за карыснае, або, прынамся, няшкоднае.
Само сабой зразумела, што гэты інстынкт павінен быць дастаткова сільным, каб магчы выканаць гэтую ачышчаючую функцыю. Асновы собскае культурнае язьні народу, скуль бярэ пачатак гэты інстынкт, павінны быць няслабшымі за асновы чужое культурнае язьні, бо накш гэтая сялекцыя ўплываў немагчымая. Слабшыя асновы будуць заўсёды пераможаны сільнейшымі.
I калі мы сяньня чуем, што беларускі народ, побач з сваёй мовай, у вяковых змаганьнях з так вялікімі культурнымі потэнцыямі захаваў i асновы свайго самабытнага культурнага сьветапогляду, што ёсьць незапярачальным фактам для кажнага, дык можна ўявіць, як сільным быў у яго гэты самабытны культурны інстынкт, як сільнымі ёсьць духовыя асновы беларускае культурнае язьні. Панесеныя й зразумелыя страты ў гэтым шматвяковым культурным ходаньні з гэтага гледзішча ня маюць значэньня. Яны — драбніца ў прыраўнаньні з тым, што захавалася. Захавалася культурная душа народу. Ён абараніўся ад культурнае асыміляцыі, якая была тым больш небясьпечнай, што йшла ў прыраўнальна лёгкай да страўленьня форме, бо суседняй, славянскай.
Читать дальше