У сваёй кнізе “Мы стваралі сваю Беларусь” Вольга Грыцук успамінае: “Быў Алесь мужны і бясстрашны чалавек, таму меў у лагеры вялікі аўтарытэт. Вось жа толькі адзін прыклад з тых часоў: у 1945-1946 гг., калі яшчэ не было ніякіх візаў на выезд з Аўстрыі ў іншыя краіны, ён хадзіў нелегальна цераз Альпы ў Нямеччыну, каб навязаць лучнасць з Радай БНР, якая ў той час знаходзілася ў Мюнхене. Кожны раз я моцна перажывала за яго, бо гэта было небяспечна і таму, што пераходзіць цераз гэтыя велічэзныя горы простаму чалавеку, не альпіністу, зусім няпроста, а яшчэ таму, што гэта было забаронена і наступствы маглі быць самыя цяжкія. Адтуль, з Нямеччыны, Алесь прыносіў розныя навіны і весткі аб адраджэнні беларускага жыцця, што для нас было вельмі важна”.
У студзені 1948 года Аляксей Грыцук выехаў у Канаду. Яго ўзялі ў гэтую краіну па кантракту, які трэба было адрабіць, працуючы год лесарубам. І Аляксей працаваў. Але разам з тым актыўна ўключыўся ў беларускія справы. У 1965-1967 і ў 1970-1972 гадах ён узначальваў Згуртаванне беларусаў Канады, шмат друкаваўся ў газеце “Беларускі эмігрант”. Дарэчы, у кнігу Вольгі Грыцук увайшлі артыкулы, эсэ, урыўкі з дысертацыі Аляксея Грыцука. Ён марыў абараніць доктарскую дысертацыю па жыцці і творчасці Максіма Багдановіча. У кнізе друкуюцца ўрыўкі з дысертацыі, абарона якой не адбылася. Назвы артыкулаў гучаць так : “Максім Багдановіч і станаўленне сучаснай беларускай літаратуры”, “Французскі сімвалізм і паэзія Максіма Багдановіча”.
Пра што яшчэ думаў тады і пісаў наш зямляк? Гартаю кнігу і чытаю ягоныя цікавыя матэрыялы, якія ён друкаваў у беларускім эміграцыйным друку. Гэта артыкулы пра Крэва, пра Гародню, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра Цётку, якая “праклала далейшы шлях для развіцця беларускай літаратурнай мовы”, пра Францішка Скарыну, які “не толькі ўславіўся як першы друкар ва Ўсходняй Еўропе, але і як вялікі вучоны тагачаснасці. Ён быў наскрозь прасякнуты ідэямі гуманізму і пашыраў іх на сваёй Бацькаўшчыне Беларусі. Слава яго выйшла далёка па-за межы Беларусі”. Напісаў і пакінуў нашчадкам Аляксей Грыцук і сур’ёзнае даследаванне “Беларусь у Х-XII стагоддзях”. Даследаваў на эміграцыі наш зямляк і беларускі друк у Канадзе. Ён адзначае, што “на працягу дваццацігадовага існавання беларуская эміграцыя не стварыла вялікага спісу надрукаваных працаў, і для тлумачэння гэтага існуюць дзве прычыны. 1. Зусім нямногія з інтэлектуалаў абіраюць Канаду сталым месцам жыцця і 2. Вельмі абмежаваныя грашовыя рэсурсы”.
Сапраўды, Канада была не лепшым месцам для адукаваных эмігрантаў у 1948 годзе, асабліва для тых, хто меў гуманітарную адукацыю. Таму некаторыя з іх праз пэўны час эмігрыравалі ў ЗША. А тым, хто застаўся, давялося змагацца за працу, забываючы адукацыю і падрыхтоўку. Як згадваў Аляксей Грыцук, усведамляючы гэта, беларусы Канады звычайна злучалі свае намаганні з беларусамі ў ЗША.
Цікавым дакументам, які надрукаваны ў кнізе, з’яўляецца “Рэляцыя Алеся Грыцука, кіраўніка галоўнага Школьнага Інспектарату па Беластоцкай акрузе ў 1943-1944 гг.”. Дарэчы, яна друкавалася ў “Беларускім гістарычным зборніку”(рыхтаваў Вячаслаў Харужы) у 1999 годзе (№ 11). “Да 1943 года існавала на Беласточчыне прыблізна 20 школаў. 95 школаў пачало працу ў верасні 1943 года. У канцы траўня 1944 года канчала школьны год каля 115 школаў з 140 настаўнікамі. Галоўны Школьны Інспектарат не быў у сілах пакрыць усе запатрабаванні на адкрыццё новых школаў з прычыны браку людзей. Я не ведаю, якія раёны абнімае цяперашні Сакольскі павет, але там школы не было. Там справа пагоршылася, калі Міхась Васілёк перайшоў у партызаны. Адтуль была заява на школу ў 1944 годзе, але не было настаўніка”, -- згадвае Аляксей Грыцук.
Жывучы ў Канадзе, наш зямляк ведаў, апроч роднай мовы, рускую, нямецкую, польскую, украінскую, французскую і ангельскую. Аднойчы ў пошуках лепшай працы, ён прыехаў у горад Кінгстан, дзе ў мясцовым Квінс-універсітэце яму прапанавалі добрую працу. А ў 1966 годзе сюды ён перавёз усю сваю сям’ю. Працуючы ва універсітэце і маючы нядрэнны заробак, у 1970 годзе Грыцукі пабудавалі ў Кінгстане сабе новы дом і справілі наваселле. Хто толькі тут не пабываў! У іх гасцілі Жук-Грышкевічы, Вітаўт Тумаш, Наталля Арсеннева, Рагулі, Сурвіллы, Сажычы, Ганькі, Касцюкевічы, Пашкевічы, ды амаль усе прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў Канадзе і ў ЗША.
З 1951 года Аляксей Грыцук быў то скарбнікам, то сябрам, а то і старшынёй сектару Рады БНР у Канадзе. Вельмі часта выступаў на розных навуковых канферэнцыях, сустрэчах, фестывалях, секцыях. Найперш гэтыя выступленні былі звязаныя з гісторыя Беларусі, яе знакамітымі людзьмі і датамі. Ён шмат з кім перапісваўся. Некаторыя пісьмы да Аляксея Грыцука і яго лісты апублікавныя ў кнізе. Гэта лісты ад Алеся Салаўя, Янкі Юхнаўца, Янкі Станкевіча, Міколы Абрамчыка, Сяргея Хмары, Янкі Запрудніка, Кастуся Мярляка і іншых беларускіх дзеячаў на эміграцыі.
Читать дальше