Да пачаткоўца Міколы Арочкі, у яго спробы пяра не адразу прыходзіла абуджаная нацыянальным жыццём вялікая мэта, без якой, як ён адчуў, няма сэнсу асабістага існавання. Шкодзіла толькі пакалечанасць культаўскім пострахам. Прыходзілася часам, як успамінае Мікалай Мікалаевіч, апусціўшы вочы, глытаць ганьбаванне жыццёва-дасведчаных дзядзькоў, якія чыталі, здаралася
Яго практыкаванні одапісу. Што казаць: грашыў на старэйшых гледзячы. Дый дзеля ўласнай перасцярогі, спазнаўшы першыя кіпці ліхога “варанка”. Штосьці прасачылася і ў рэспубліканскі друк. “Сорамна прыгадваць, — кажа Мікола Арочка, — але тыя вершаскладанні былі заўважаны”. І вучань Азярніцкай сярэдняй школы неспадзявана атрымлівае выклік у Мінск на Трэцюю рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў. Гэта быў 1950-ты год.
Як усцешна і ўзрушальна было сустрэцца са славутым песняром Беларусі, жывым класікам Якубам Коласам (перад ім ужо быў грэх паэмнага пераймальніцтва!), чуць яго зычлівыя запавяданні, услухацца ў яго мякка-дрыготнае чытанне новых частак паэмы “На шляхах волі”, а на ростані — сумнаватае прызнанне наконт усё большай узроставай “цягі” зямлі.
У часе абмеркавання творчасці маладых Мікола Арочка дранцьвеў ад сораму, калі старонкі яго сшыткаў з вершаскладаннем перабіралі-перагортвалі Максім Танк, Алесь Бачыла, Анатоль Вялюгін, Аляксей Русецкі. Затое з якім досціпам ён услухоўваўся ў зычліва-крытычны разгляд набытку яго калег — Сцяпана Гаўрусёва, Пятруся Макаля, Віктара Шымука. Не кажучы пра разгляд досыць сталага плёну Сяргея Дзяргая, Аляксея Пысіна (паводле яго набытку прымалі ў члены Саюза пісьменнікаў, іншых — у кандыдаты). Ці думалася, што ў тое пераломнае дзесяцігоддзе Міколу прыдзецца ад многіх з іх чуць не толькі настаўніцкае спрыянне, але ўжо і супольна набываць новыя ўрокі ломкі старога ўкладу і творчага абнаўлення?
Аднаго не аднімеш — ужо з набытага: скарыстанай магчымасці засвойваць веды. Магчымасць сапраўды была шырока разнасцежанай: хто хацеў вучыцца, мог вучыцца, здолеў уздымацца па прыступках асветы. Праўда, завадатары гвалтоўнай калектывізацыі спахапіліся, кінуліся перапыняць маладзёвы запал, напор у навуку нявыдачай старшынскіх даведак і інш. Але гэта толькі падліва масла ў агонь: імкненне вырвацца з новай формы парабчанства, нібы з палону, стала неадольным, кроўна-жыццёвым у патрэбе.
Дзве вышыні на гэтым шляху былі здабыты асветніцкай напорыстасцю Міколы Арочкі: Беларускі Дзяржаўны універсітэт (1951-1956) і затым, ужо ў наступным дзесяцігоддзі — Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук. Не справа толькі ў рэалізацыі навукова-літаратуразнаўчага патанцыялу: у абароне дысертацый, — кандыдацкай, прысвечанай Валянціну Таўлаю ў 1967 годзе, і доктарскай — пра беларускі паэмны эпас у 1980 годзе. Расхінулася з вышыні акадэмічнага Інстытута літаратуры далёкасяжная даследчыцкая аглядальнасць паэмна-эпічнай прасторы ў гістарычным часе. А разам з даследчыцкімі — адхінуліся зманлівыя магчымасці і спробы асабістага ўжывання ў паэму, у яе вякамі напрацаваны вопыт —дзеля сучаснага тварэння. Невыпадкова Міколу Арочку з яго распрацоўкамі эпічнай канцэпцыі паэмы было прапанавана распачаць усесаюзную дыскусію: “Паэма: крызіс ці адраджэнне?” (“Литературное обозрение”, 1973, № 5).
Зрэшты, ці мела б усё гэта шырокі рэзананс і выніковасць, калі б тады ў грамадскім жыцці на поўную моц не працягвалі адбывацца сацыяльна-тэктанічныя зрухі? Другое дыханне, другое творчае нараджэнне ахапіла і ператрэсла да самых асноў паэзію Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі. Іх бескампраміснае, самакрытычнае прамаўленне ў грамадзянскіх творах увачавідкі мяняла вектар эстэтычнай дзейнасці. Прыкоўвала ўвагу кардынальнае абнаўленне куляшоўскай паэмы ("Эпічны свет Куляшова”). Для Арочкі-навукоўца адсланяўся прастор для аналізу. І не толькі. У яго творчыя задумы пачала ўжо асмялела стукацца самая спакусная для яго форма асэнсавання — паэма ў самых розных яе жанравых разнавіднасцях. Уяўленні запалоньвалі ўмоўныя формаўтварэнні з іх невычэрпнымі магчымасцямі скандэнсаванай шматзначнасці і абагульненасці мастацкага вобраза. Паэтам засвойваўся і абжываўся як бы новы тып эпічна-паэмнага мыслення, які аказаўся для яго не чужародным, а арганічна ўласцівым, надзвычай прыдатным для бачання і асэнсавання таго мацерыка, які гадаваў яго, агнём паласаваў яго маленства, падкошваў узлётнасць юнацтва. “Памяць зярнятаў” шукала расшыфроўкі. Цяжка прарасталі тыя апаленыя зярняты, пакуль станавіліся калоссем матчынага жыта, хлебам паэзіі (паэма “Матчына жыта”, 1976). “Бачу, як эпічны герой — бохан чорнага хлеба, — піша аўтар драматычнай паэмы “Курганне”, — з вогненнага печыва нашай хаты ідзе па бясконцым шляху надзей, каб уратаваць свет. Каб сваёю смерцю прадухіліць смерць”. І далей: “Я сустрэў яе, сястру Хатыні, на Магілёўшчыне — вёску Курганне. Уклаў у яе сімвалічнасць, ўзвёўшы да яе ўсё, што асабіста перажыў”.
Читать дальше