Мне хоць глыток адзіны
Адтуль, з Радзімы,
З пушчаў і гаёў,
Дзе сэрца працінаў мне рык зубрыны,
Дзе рагачы вялі мяне з гайнёй,
Дзе я, ўчапіўшыся каню у грыву,
Кідаўся ў стромы Нёмана, Дняпра!
Сын палясоўшчыка,
Я — з тых мыслівых,
Якія ў жылах чуюць кроў зубра!
Дзівуецца Скарына: “чаму мы толькі ў немачы або з-за краты шчымліва б’емся ў дзверы роднай хаты?”. Спроба Гусоўскага даць адказ, “бо тут чужына душ” толькі развярэджвае закратны роздум Францішка:
Чужына душ?
Вось, браце, сэнс цяжкі!
Мне ад яго аж непамысна штосьці.
Ды на Радзіме, любай з маленкосці,
Свае хіба не ходзяць чужакі?!
Вобраз зубра, загнанага хіжымі лаўцамі ў пастку, стрыножанага, з колцам у пысе, распярэшчанага ў мішэнь для спрыту і збройнага рыштунку, са стрэламі ў баках, — балюча-шматзначны “пасвежаваўшы волата, на скуры разлягуцца, учыняць шумны баль…”. Скарына:
За гэтай прытчай бачу я, на жаль:
Не баль яны спаўняюць,
А хаўтуры!
Аўтар “Песні пра зубра” са скрушнасцю дадае:
Арканяць край, не цямячы, што робяць!
З расколіны зжахнецца яшчэ свет!
Свет бачыць. Але заступніцтвам не абцяжарваецца. У разуменні штось прамаўляе (“Ды сёння ў яме ад таго хіба лягчэй зубру?”). Драматычныя сцэны такога кшталту (“Начная размова з Іовам” і іншыя) маюць актуальны падтэкст, вярэдзяць, філасафічна набліжаюць да ісціны…
* * *
Міколу Арочку сёння рэдка калі можна застаць за пісьмовым сталом у роднай хаце ў Вецявічах. Ён часцей працуе з рыдлёўкай ці касой у руках, або на пашы з роварам пры дробнакапытнай жыўнасці, з нязменным лазовым кошыкам, у якім ляжаць кнігі і рукапісы ў цалафанавых мяшэчках. Яго пісьмовы стол — зялёны палетак, выпас, пянёк на ўзлеску, услончык ці ўласныя калені. Ідзе апошнім часам паглыбленне і выспяванне ў варыянтах і адпрацоўках новай драматычнай паэмы “Каранацыя Міндоўга”, каб дадацца да гістарычнага трыпціху двух папярэдніх паэм. А яшчэ з-пад яго рук, са “стала зялёнага” просяцца ў шырока разнятую “самааповесць” два новыя аповеды — “Пёрка купрапаткі” і “Бацькоўскі край”.
Трагічныя штрыхі закраліся ў яго светаадчуванне пасля таго, як яго два акрутна загубленыя сыны (паэма “Страта”, “Малітва сына Віталія”) перабраліся на пагорак паўскрай вёскі Вецявічы, пад навісла-плакучыя бярозы. Таму дзядзька Мікола, як я яго называю, са сваёй паплечніцай цёткай Марыяй апынуліся тут, у спадчыннай бацькоўскай хаце на Слонімшчыне. Выгадавалі, дзякаваць Богу, кругла асірочанага ўнука Валерыка. Тут, у сялянскім асяроддзі, куды пішчом лезе стратнасць красы духоўнай, яшчэ жыве стыхія беларускасці, роднай мовы, свежай, непакананай гаючасці прыроды. Спрыяльна ўзнаўляе і кампенсуе мазольныя выдаткаванні дотык да роднай зямлі, рэальнае адчуванне каранёвай сувязі з ёй.
І, як покліч, стукаецца ў сэрца ўзмоцненая запатрабавальнасць самапазнання.
2004
У сакавіку 2004 года на сесіі Рады польскага горада Гданьска было прынята рашэнне надаць адной з вуліц гэтага горада імя Лукаша Дзекуць-Малея. З гэтай ініцыятывай выступіў Цэнтр хрысціянскай літаратуры, якую падтрымалі форум супрацоўніцтва евангельскіх хрысціян і беларускае таварыства ў Польшчы “Хатка”.
Пасля прыняцця гэтай пастановы на пасяджэнні Рады горада Гданьска з падзякаю выступілі — старшыня беларускага культурнага таварыства “Хатка” Алена Глагоўская, сын Лукаша Дзекуць-Малея — Данель (Даніла), прэсвістэр хрысціян-паптыстаў Міраслаў Паталён. На сесіі прысутнічалі таксама ўнучка Лукаша Дзекуць-Малея — Альжбета і пастар хрысціян-баптыстаў Роберт Мікса.
На другі дзень на гарнізонных могілках у Гданьску былі ўскладзены кветкі на магілу Лукаша Дзекуць-Малея і яго жонкі Серафімы. На помніку святара напісана: “Тут спачывае ў Богу наш любімы Тата с.п. Лукаш Дзекуць-Малей.1.10.1888 — 20.1.1955. Казаў Ісус, хто ў Мяне верыць, хоць бы памёр, але будзе жыць. Св. Ян XI 25”.
Праўда, энцыклапедычны даведнік “Рэлігія і царква на Беларусі” (Мн., 2001, с.92) напісаў, што Лукаш Дзекуць-Малей памёр у ЗША. Але, як бачыце, гэта далёка не так. Таму хочацца сёння прыгадаць пра жыццё і рэлігійную дзейнасць гэтага мужнага, таямнічага і шчырага чалавека, які ўсё жыццё добрасумленна служыў Богу і людзям. А яшчэ — ён мой зямляк — родам са Слоніма. Тут ён нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў 1888 годзе. У родным горадзе Лукаш Дзекуць-Малей скончыў сярэдняе вучылішча, а пасля — першыя беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. Наведваў два гады і рэлігійныя курсы ў Пецярбургу.
Читать дальше