Пасля заканчэння школы, а таксама Варшаўскага кадэцкага корпуса, малады Касцюшка вучыў дзяцей полацкага ваяводы Юзэфа Сасноўскага, які жыў на Палессі. Там Тадэвуш закахаўся ў дачку ваяводы — Людвіку. Але пан Юзэф не даў згоды на шлюб, а толькі прамовіў:”Пава не для вераб’я...”. Тады Касцюшка вырашыў выкрасці Людвіку. Але змоўшчыкі яго выдалі, і планам не ўдалося ажыццявіцца. Для юнака гэта была трагедыя. Таму на ўсё жыццё Тадэвуш Касцюшка застаўся адналюбам.
У 1769 годзе наш зямляк пакінуў Беларусь і выехаў на вучобу ў Францыю. Праз пяць гадоў ён закончыў Парыжскую акадэмію, дзе вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. Гэтую яго вучобу і паездку фінансаваў князь Адам Чартарыйскі. Князь нават рэкамендаваў Касцюшку вывучаць будаўніцтва дарог, мастоў, каналаў і шлюзаў.
З Францыі Касцюшка выехаў у Паўночную Амерыку. Там якраз ішла вайна супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. За незалежнасць ЗША выступіў і Тадэвуш Касцюшка. На працягу сямі гадоў ён змагаўся ў радах амерыканскай арміі. Служыў на пасадзе галоўнага вайсковага інжынера арміі Поўначы, удзельнічаў у будаўніцтве фартыфі¬кацый пад Саратогай, кіраваў будаўніцтвам цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. Кангрэс ЗША надаў Касцюшку званне брыгаднага генерала. За заслугі перад Амерыкай ён быў узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. Прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон назваў Касцюшку “чалавекам навукі і вышэйшых якасцяў”. Шчыра сябраваў Касцюшка з яшчэ адным прэзідэнтам ЗША Томасам Джэферсанам.
У студзені 1793 года Прусія дамовілася з Расіяй аб адарванні ад Рэчы Паспалітай пэўнай тэрыторыі. Да Расіі адышла частка Беларусі і Заходняй Украіны, а да Прусіі — спрадвечна польскія землі. Гэты факт выклікаў незадавальненне сярод простага народа і шляхты Рэчы Паспалітай (адзіная дзяржава, у якую аб’ядналіся Вялікае Княства Літоўскае і Польшча). Тадэвуш Касцюшка ў гэты час ужо вярнуўся на Радзіму. Ён прымаў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да паўстання. І ў сакавіку 1794 года яно пачалося. На чале паўстання стаяў генерал-лейтэнант Тадэвуш Касцюшка, які даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць ме-жаў сваёй дзяржавы, устанаў¬ленне самаўладдзя народа і ўсе¬агульную свабоду. Ён прызначыў Найвышэйшую Нацыянальную раду, а таксама выдаў Паланецкі ўніверсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці.
Першыя баі з рускімі адбыліся каля Кракава, і перамогу святкавалі паўстанцы. Пасля бітвы перамясціліся на Гарадзеншчыну: каля вёскі Паляны Ашмянскага павета і каля вёскі Солы на Смаргоншчыне. Адметнаю рысаю вызвольнага паўстання было ўжыванне партызанскіх і дыверсій¬ных формаў змагання. Асобнымі аддзеламі паўстанцаў кіравалі вопытныя камандзіры Якуб Ясінскі, Міхал Агінскі, Тадэвуш Гарадзенскі, Стафан Грабоўскі, Карол Серакоўскі, Тадэвуш Ваўжэцкі і многія іншыя ліцвіны.
Вялікія надзеі ў пашырэнні паўстання на Беларусі Тадэвуш Касцюшка ўскладваў на корпус генерала Серакоўскага. У канцы ліпеня 1794 года ён накіраваўся ў Слонім дзеля прыкрыцця Вільні і недапушчэння захопу Бярэсця. Каля Слоніма паўстанцы сустрэліся з корпусам генерала Дэрфельдэна. Пачалася бітва. Серакоўскі вырашае адысці да Ружанаў, а потым — пад Бярозу. Гэты адыход нельга было лічыць беспадстаўным. З Украіны на Беларусь рухаўся вялікі рускі корпус Суворава. Недалёка ад Кобрына і пачалася найбуйнейшая бітва з часоў паўстання 1794 года. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі каля 20 тысяч чалавек. Сярод іх было каля дзвюх тысяч беларускіх сялян-касіянераў, якіх набраў Серакоўскі пад Слонімам, Кобрынам, Пружанамі і Бярозай. У гэтай бітве сілы былі няроўныя і перамогу святкавалі маскалі. Беларускі гісторык Уладзімір Емяльянчык пісаў, што”менавіта за жорсткае задушэнне паўстання Сувораў атрымаў ад Кацярыны II званне фельдмаршала, а таксама больш за 13 тысяч прыгонных сялянаў з Кобрынскага павета. Усяго ж “вызвольнікам” было раздадзена больш за 80 тысяч прыгонных беларусаў”.
У бітве каля Мацяёвіцаў Тадэвуша Касцюшку моцна параніла ў галаву. Непрытомнага яго схапілі расейцы і адправілі ў Петрапаў¬лаўскую крэпасць. З палону яго вызваліў цар Павел I. Атрымаўшы свабоду, Касцюшка выехаў у ЗША, а праз пэўны час зноў вярнуўся ў Еўропу. У вольныя хвіліны ён любіў маляваць, выточваць розныя драўляныя рэчы. А ў 1809 годзе ў Лондане Тадэвуш Касцюшка выдаў нават брашуру “Манеўры коннай артылерыі”. За два гады да сваёй смерці ён пісаў цару Аляксандру I : “Нарадзіўся я ліцвінам (г.з. беларусам)...”.
Читать дальше