У рэшце рэшт 23 кастрычніка пад Алавай польскія і чэшскія ўзброеныя сілы аб’ядналіся. Злучаная армія рушыла на Уроцлаў. Аднак яна не была належным чынам падрыхтаваная да аблогі такой магутнай крэпасці. Праявілася ўсё бяссілле паспалітага рушэння супраць уроцлаўскіх муроў і гарматаў. Сабраным на адным месцы агромністым масам людзей і коней праз некалькі дзён стала бракаваць харчавання. Мацьяш распусціў па ваколіцах невялічкія атрады, якія перашкаджалі падвозіць у вайсковы лагер правіянт. Яны таксама чынілі дробныя напады на польскім памежжы. Дадатковай праблемай стала распаўсюджанне ў польска-чэшскіх шэрагах хвароб. У вайсковым лагеры ўзмацнялася стомленасць і апатыя. Яны набралі да такой ступені гвалтоўнага характару, што на пачатку лістапада былі ініцыяваныя перамовы з абложаным горадам. У іх выніку пад Вялікім Мухаборам каля Уроцлава (сёння гэта вялікі жылы мікрараён) адбылася сустрэча Мацьяша Корвіна з Ягелонамі. Праведзеныя перамовы прывялі да спынення ваеннай барацьбы і вызначэння паўнамоцных прадстаўнікоў для абмеркавання дэталяў замірэння ва Уроцлаве. Гэта адбылося 15 лістапада, а ўжо праз чатыры дні чэхі пачалі вяртацца дахаты, а за імі гэта зрабілі і палякі. Кароль вярнуўся ў Польшчу на пачатку снежня. Яго выправа зноў скончылася беспаспяхова, у чым абвінавачвалі галоўнакамандуючага войскам Яна Рытвіньскага.
8 снежня прадстаўнікі трох уладароў падпісалі ва Уроцлаве акт аб перамір’і. Бакі абавязваліся спыніць баявыя дзеянні да свята Тройцы 1477 г. Таксама было ўхвалена, што прызнаецца стан валодання тэрыторыяй да выправы Мацьяша Корвіна. Такім чынам, гэты этап змагання за венгерскую карону польска-чэшскі бок прайграў, нягледзячы на выдаткаванне вялікіх фінансавых сродкаў. І зноў было відавочным, што ў недалёкай будучыні дойдзе да чарговага канфлікту.
Аднак так сталася, што нешчаслівая сілезская выправа была апошнім паважным высілкам Ягелонаў у барацьбе за Чэхію. Грамадства было змучанае і знясіленае сталым і безвыніковым напружаннем фінансава-мілітарных рэсурсаў. Падчас выправы ў Сілезію стала відавочным непрыязнае стаўленне шляхты да дынастычнай палітыкі караля. Пад харугвамі Мацьяша апынулася немалая частка польскай шляхты. Кароль спрабаваў прымяніць супраць яе рэпрэсіўныя меры, але гэта толькі павялічвала расчараванне паноў у манарху. Шляхта каторы раз адмовілася ад падаткаў на войска і не дазволіла сабраць паспалітае рушэнне. Гэта адбывалася ў той момант, калі Уладзіслаў заключыў мірнае пагадненне з германскім імператарам, які здзейсніў у дачыненні дачэшскага караляакт фармальнай інвестытуры на чэшскі лен. Як наступства, Уладзіслаў вырашыў узнавіць вайну з Мацьяшам. Казімір Ягайлавіч звярнуўся да шляхты з просьбай аб падрыхтоўцы да новай выправы. Але шляхта, як ужо гаварылася, адмовіла ў гэтым.
Стрыманасць шляхты ў пэўнай ступені можа быць растлумачана і апраўдана падзеямі ў Прусіі. Там вялікі магістр Генрых фон Рыхтэнберг заключыў дамову з Мацьяшам Корвінам. Венгерскі кароль прадбачыў, што пасля сканчэння перамірнага тэрміну з Польшчай і Чэхіяй вайна можа быць адноўлена. Заключаючы пагадненне з крыжакамі, адвечнымі ворагамі Польшчы, ён ствараў для яе пагрозу патэнцыяльнай вайны на два фронты. Аднак Корвін не выканаў абавязкаў перад сваім новымі саюзнікамі. Падчас вайны Польшчы з Ордэнам 1478–1479 гг. ён паабяцаў крыжакам толькі дыпламатычную падтрымку ў завяршальны перыяд ваенных дзеянняў.
Кароль Венгрыі павінен быў змагацца з Уладзіславам самастойна. Аднак на гэтым тэатры баявых дзеянняў ніводзін з бакоў не атрымаў перавагі. У выніку быў заключаны мірны трактат у Брно 28 сакавіка 1478 г. Паводле варункаў міру Уладзіславу пакідалася Чэхія, Мацьяш затрымліваў да сваёй смерці Маравію, Сілезію і Лужыцу. Корвін вырашыў таксама парваць з крыжакамі і замірыўся з Казімірам. Мірная дамова была заключана ў Будзе, а затым ратыфікавана ў Оламаўцу 21 ліпеня 1479 г.
З’езд у Оламаўцу завяршыў васьмігадовае ваеннае змаганне паміж Мацьяшам і Ягелонамі. Дзеля стварэння трывалага падмурку для сябе і сваіх сыноў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе кароль Казімір Ягайлавіч ахвяраваў велічэзнымі фінансавымі і мілітарнымі сродкамі. Вынікі не адпавядалі панесеным выдаткам. Інтрыга вакол венгерскай кароны скончылася няўдачай, справы ў Чэхіі мелі палавінчаты вынік. Уладзіслаў сеў на чэшскі трон, але правіў дзяржавай, з усіх бакоў абкружанай уладаннямі Мацьяша. Саслабелая і раздробленая, Чэхія не з’яўлялася сур’ёзным і моцным партнёрам. Яны хутчэй былі асуджаны шукаць дапамогі з боку Польшчы.
Читать дальше