УСЯСЛАЎ БРАЧЫСЛАВАВІЧ— полацкі князь з 1044 г., сын князя Брачыслава Ізяслававіча. Год нараджэння невядомы. Памёр у 1101 г.
Усяслаў Полацкі — адзін з самых знакамітых полацкіх князёў. Прыгадаем яго продкаў: прапрадзед Усяслава — вялікі Рагвалод, заснавальнік дынастыі полацкіх князёў, прабабка — славутая Рагнеда, яго прадзед — Ізяслаў Полацкі, той што аднавіў дынастыю Рагвалодавічаў, яго бацька — Брачыслаў Полацкі, родны пляменнік Яраслава Мудрага.
Летапісы апавядаюць, што Усяслаў нарадзіўся ў сарочцы, таму і стаў удалым воінам. Ён заняў полацкі прастол пасля смерці свайго бацькі. Калі памёр Яраслаў Мудры і да ўлады прыйшлі яго сыны, выявілася, што на кіеўскі прастол маюць больш правоў нашчадкі Ізяслава, які быў старэйшым братам памерлага.
Але Усяслаў не думаў пра тое, каб перабрацца ў Кіеў, а хацеў узвысіць і ўмацаваць Полацк, каб надаць яму большую значнасць сярод галоўных гарадоў таго часу. Ён загадаў пабудаваць у Полацку Сафійскую царкву, бо такія ўжо былі ўзведзены ў Кіеве і ў Ноўгарадзе. Полацкі князь набраў дружыну і доўгі час рыхтаваўся да барацьбы з сынамі Яраслава Мудрага.
Гэтую барацьбу ён пачаў з нападу на Пскоў. Не здолеўшы ўзяць яго, Усяслаў нечакана пайшоў на Ноўгарад. Ноўгарад не вытрымаў удару, і войскі полацкага князя захапілі яго. Сучаснікі называлі Усяслава чарадзеем. Яны лічылі, што ён мог абарачацца ў ваўка і з'яўляцца то каля сцен Ноўгарада, то каля Кіева.
«Тройчы здабываў ён перамогу, адчыніў браму Ноўгарада, разбіў славу сыноў Яраслава, скочыў воўкам на Нямігу», — пісаў аўтар у паэме «Слова аб паходзе Ігаравым» пра славутага полацкага князя.
Сыны Яраслава павялі свае дружыны супраць Усяслава. Войскі сустрэліся на рацэ Нямізе. «I была сеча жорсткая, і многія пагінулі», — чытаем мы ў летапісе. А аўтар «Слова аб паходзе Ігаравым» апавядае: «На Нямізе снапы сцелюць з галоў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела».
Сілы сыноў Яраслава аказаліся мацнейшыя, Усяслаў адышоў да Дняпра. Тады кіеўскія князі запрасілі яго на перагаворы. «Прыйдзі да нас, не зробім табе ніякага зла», — сказалі яны, пакляліся і пацалавалі крыж.
Усяслаў паверыў клятве, пераплыў на лодцы Дняпро і прыйшоў у шацёр да сыноў Яраслава. Кіеўскія князі схапілі яго, адвезлі ў Кіеў і пасадзілі ў цямніцу.
Летапісец піша, што Бог пакараў сыноў Яраслава за гэтую здраду — наслаў на іх страшэнных качэўнікаў-полаўцаў. У бітве з кіеўскай дружынай яны ўшчэнт разбілі сыноў Яраслава, і давялося ім зачыніцца ў Кіеве.
Жыхары Кіева, абражаныя паражэннем сваіх князёў, запатрабавалі даць зброю. Яны хацелі самі прагнаць качэўнікаў, якія рабавалі наваколлі Кіева. Але князі пабаяліся ўзбройваць народ. Тады натоўп гараджан кінуўся да княжацкага палаца. Князі ўцяклі з Кіева. Кіяўляне вызвалілі Усяслава і, па словах летапісца, праславілі яго сярод княжацкага двара — абралі вялікім князем.
Сем месяцаў Усяслаў Чарадзей княжыў у Кіеве. Ён прагнаў полаўцаў, зрабіў некалькі пераможных паходаў. Упершыню пад уладай полацкага князя аказаліся славянскія землі ад Ноўгарада і Полацка да берагоў Чорнага мора і горада Тмутаракань на яго ўзбярэжжы.
Але гэта былі вельмі ненадзейныя і нетрывалыя ўладанні. Усяслаў добра разумеў гэта. I калі старэйшы сын Яраслава, які збег з Кіева, з дапамогаю свайго цесця — польскага караля — рушыў на Кіеў, Усяслаў вярнуўся ў Полацк. Старэйшы сын Яраслава аднавіў сваю ўладу ў Кіеве, асадзіў і ўзяў Полацк. Усяслаў Чарадзей праз нейкі час адбіў сваю сталіцу. Увесь час, пакуль ён княжыў у Полацку, кіеўскія князі не пакідалі намеру перамагчы яго. Але гэта не ўдалося ні сынам Яраслава, ні Уладзіміру Манамаху, які авалодаў кіеўскім прастолам пасля іх. Усяслаў Чарадзей адстаяў і горад, і незалежнасць свайго княства, незалежнасць Полацкай зямлі — так у той час называлі беларускую зямлю.
БАРЫС УСЯСЛАВАВІЧ— полацкі князь, сын Усяслава Брачыслававіча. Год нараджэння невядомы. Памер у 1128 г.
ГЛЕБ УСЯСЛАВАВІЧ— першы менскі князь. Нарадзіўся ў 1070г. Памёр у 1119 г.
ВАСІЛЬКА— полацкі князь. Жыў у 12 ст.
Цяжкія часы чакалі Полацкую зямлю пасля смерці Усяслава Чарадзея. Яго дзеці валодалі кожны сваім горадам і часта ваявалі паміж сабой. Улада аслабла. У Полацку сход гараджан — веча — то выганяў князёў з горада, то запрашаў зноў, потым зноў выганяў.
Читать дальше