Маскоўскія людзі адказвалі ім:
— Ні ваявода і ніхто іншы з вамі не будзе нічога вырашаць. Прыстава і прыёмшчыка ад яго царскай вялікасці няма. Увесь корм гатовы, ды няма каму з вамі пра тое казаць.
І не пусцілі нашых людзей у прадмесце.
Маскавіты загадалі нам размяшчацца за горадам у хацінах, якія былі пачварна пабудаваны і не мелі ніякіх выгод.
У той дзень даставілі нашым людзям вельмі сціплы харч. Тыя людзі, што даставілі яго, перадалі на словах:
— Ваявода з міласэрнасці сваёй даслаў вам ежу. А заўтра, пакуль тут будзеце знаходзіцца, за грошы сабе ўсяго здабывайце.
Іх міласці паслы зразумелі, што дамовіцца з маскавітамі ў іх не атрымаецца. Яны накіравалі Раецкага да вяземскага ваяводы. Раецкі павінен быў перадаць ваяводу ліст ад пана Мадаленскага. Начаваць паны паслы засталіся на ранейшым месцы.
5 у панядзелак. Пасля набажэнства і сняданку іх міласці паны паслы рана адправіліся ў шлях. Яны рухаліся ў наступнай чарговасці. Спачатку, наперадзе вазоў, ішлі верхавыя коні лікам 49. З іх — 5 коней пана Сапегі ў прыгожых і багата ўпрыгожаных пакрывалах, з пазалотай, у зялёных аксамітных каўпаках; 10 коней пана Песачынскага і яго прыяцеляў; астатнія коні, таксама ў багатай збруі, належалі слугам паслоў. З ліку апошніх, трое коней належалі пану Вяжэвічу.
За верхавымі коньмі рухаліся вазы. Спачатку вазы прыяцеляў яго міласці пана Песачынскага, па пары. Затым вазы слуг яго міласці пана Сапегі, па тры, па чатыры, па пяць, па шэсць. Пасля іх у карэце ехалі самі паслы.
За карэтай, верхам на конях, рухаліся ахайна апранутыя маладыя людзі: 26 з іх суправаджалі пана Сапегу і 13 — пана Песачынскага. З двух бакоў карэту ахоўвалі: венгерская пяхота, лікам 60 чалавек, якая належала Сапегу, і 32 драгуны, якія належалі Песачынскаму. У канцы абозу рухалася некалькі сотняў фурманак і купецкі табар.
Прыехаўшы да рэчкі Палянаўкі, мы спадзяваліся, што нас там сустрэнуць. Але ніхто нас не чакаў. У адпаведнасці з ранейшымі дамоўленасцямі, паслы накіраваліся проста да Вязьмы.
Праз некалькі міль наперадзе нас з’явіліся два коннікі. Іх выслалі наперад, каб даведацца, ці едуць паслы. Убачыўшы паслоў, яны вярнуліся назад да сваіх. У паўмілі ад горада Вязьмы да нас пад’ехалі маскоўскія казакі на 40 конях. Трохі пакруціліся каля пасольскай карэты, а потым рыссю ад’ехалі ў горад.
Неўзабаве тыя казакі вярнуліся назад разам з царскімі дваранамі — Філонам Міхайлавічам, Аляксеем Іванавічам і Малютам, які з’яўляўся стольнікам над стральцамі. Дваране мелі даручэнне — сустрэць вялікіх паслоў. З царскімі дваранамі са сталіцы прыбылі 100 стральцоў, якія падпарадкоўваліся Малюту. Самі дваране сядзелі разам у адных санях, у якія былі запрэжаны двое коней. Кіраваў коньмі халоп. Калі дваране зраўняліся з карэтай паслоў, яны спыніліся. Паслы таксама загадалі сваім спыніцца. Дваране выйшлі са сваіх саней і сталі каля пасольскай карэты, чакаючы пакуль паслы высадзяцца.
Па даручэнні паслоў з карэты да царскіх дваранаў выйшаў пан Мадаленскі. Ён выказаў дваранам абурэнне ў сувязі з тым, што яны абняславілі паслоў, не сустрэўшы іх на мяжы. Маскавіты ўсклалі ўсю віну на пана Крэмяноўскага, які, як быццам бы, не папярэдзіў іх аб прыбыцці вялікіх паслоў. Пан Мадаленскі далажыў дваранам пра тое, што паслы, у знак крыўды і абурэння, не стануць высаджвацца з карэт.
Маскавіты адказвалі:
— Калі вялікія паслы не высадзяцца, мы з імі ні пра што размаўляць не будзем.
Пан Мадаленскі прапанаваў маскавітам падысці да карэты паслоў і выказаць ім прывітанне.
Маскавіты адказвалі:
— Гэта будзе знявагай для царскай вялікасці, калі мы так непрыгожа зробім.
Але затым яны знялі шапкі, адышлі ад свайго вазка і наблізіліся да пасоль-
скай карэты. Паслы свядома не спяшаліся, але ўсё ж высадзіліся адзін за адным з карэты. Праўда, яны далёка не адыходзілі ад карэты.
Філон звярнуўся да іх вялікасці паноў паслоў з наступнымі словамі:
— Ад вялікага гасудара, цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самаўладцы і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка пасланыя сустракаць вас, вялікіх паслоў найяснейшага Уладзіслава Чацвёртага, Божай ласкай караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, і корм вам даць у гаспадарстве яго царскай вялікасці.
Адказваў яму пан Аляксандр Песачынскі:
— Мы пасланыя вялікімі пасламі ад найяснейшего Уладзіслава IV, Божай ласкай караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, да вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самаўладцы і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка — дзеля вялікіх спраў. Але вы нас абняславілі, не сустрэлі нас. Мы, нягледзячы на вашы глупства і гонар, прыехалі сюды, не чакаючы вашай сустрэчы.
Читать дальше