Тарквемада працягнуў далонь.
- Падай мне, сыне, руку.
Рука была халодная i сухая.
- Ты думаеш, ойча, што ў мяне гарачка? Не, ойча, гарачкi няма, я здаровы.
- Бачу, сапраўды няма гарачкi. Але ж гаворыш ты, браце...
- Завуць мяне братам Дыега.
- Але ж гаворыш ты, браце Дыега, так, як звычайна людзi ў вялiкай гарачцы або пад вялiкiм грэхам, якi точыць iх сумленне.
Брат Дыега ўздрыгнуў.
- О не, ойча! Цяжкiя грахi не на маiм сумленнi. Не мяне трэба вiнавацiць за прымус, не на мне людскiя крыўды, слёзы i пакуты. Нiхто яшчэ мяне не праклiнае i не ненавiдзiць. Не маю на сумленнi нiякага злачынства, нiякай няпраўды.
Некалькi хвiлiн панавала маўчанне. Падрэ Тарквемада падцягнуў пад шыю сутану.
- Браце Дыега, ты выказваешся даволi няясна, аднак мне здаецца, што тваiмi вуснамi гаворыць вялiкая пыха.
Той заварушыўся.
- О не, ойча, гэта не пыха! Ты ж мяне не ведаеш. Не ведаеш маiх думак.
- Ты так мяркуеш?
- Не ведаю, ойча. Можа, i знаеш iх, можа, i ведаеш, што ўва мне дзеецца. Я хацеў малiцца, але не ведаў, што тут я не адзiн. Бачу цябе першы раз, не ведаю, хто ты, але калi стаю перад табою i, апроч нас двух, няма нiкога, мне здаецца, што ведаю цябе даўно, з першай хвiлiны, як я пачаў мыслiць. Чаму ты так дзiвiшся на мяне, ойча? Ты сам сказаў, што ў мяне няма гарачкi, што я прытомны. Цi ведаеш ойча, за што я хацеў малiцца? Можа, i здагадваешся, але дазволь мне сказаць пра гэта, бо ты зразумееш: у цябе твар чалавека, якi ўсё разумее, а можа, таксама адчувае, што ведаў мяне даўно, з самага пачатку. Ойча мой, ойча, я хацеў прасiць у Бога, каб ён дараваў тым усiм, якiя, маючы ў сваiх руках уладу, дрэнна карыстаюцца ёю i не на дабро людское яе прыкладаюць, а на страшныя крыўдны i пакуты. Хацеў сказаць: Божа вялiкi i лiтасцiвы, якi на небе, май лiтасць да гвалтаўнiкоў справядлiвасцi, даруй свядомым iлгунам, здрадным скаржнiкам i фальшывым суддзям, будзь мiласэрны да тых, якiя ў сляпым забыццi нiшчаць спакой людскi i сеюць страх, аблуду i нянавiсць, злiтуйся з забойцаў... Так хацеў малiцца. Але не змог, ойча, не здолеў, не жадаў! Словы ў горле стылi. Калi цяпер iх вымаўляю, дык яны - абвiнавачанне i праклён, а калi яны павiнны былi быць малiтвай, кожнае з iх здавалася мне цяжэйшым за камень. Ойча, гэта была б благая малiтва!
Падрэ Тарквемада стаяў нерухомы.
- Цi можаш сказаць мне, браце Дыега, - сказаў праз хвiлiну, - хто тыя людзi, за якiх ты хацеў малiцца i на якiх ускладваеш вiну, такую вялiкую, на тваю думку?
Брат Дыега падняў да грудзей абедзве зацiснутыя далонi.
- Ойча! Гэтая сутана палiць мяне, яна душыць мяне.
- Браце Дыега!
- Палiць мяне, ойча, бо зганьбавана людзьмi, якiя носяць яе.
- Браце Дыега, я таксама нашу яе.
- I нiколi яна не душыла цябе? Скажы, нiколi цябе не трывожыць сорам, што людзi ў такiх самых сутанах...
Тарквемада вызвалiў з рукава далонь i рашучым рухам адсунуў ад сябе Дыега.
- Маўчы! Цi не разумееш, няшчасны, таго, што гаворыш? Цi ведаеш, хто я?
Брат Дыега знепрытомнена паглядзеў палкiмi вачыма на старога.
- Хто ты? Не ведаю! Ведаю, што знаю цябе здавён.
- Браце Дыега, - сказаў той цiха, амаль лагодна, - я брат Томас Тарквемада.
Дыега болесна ўсмiхнуўся.
- Навошта з мяне кпiш? Хочаш выпрабаваць маю адвагу? О не, ойча, няма ўва мне страху. Калi б замест цябе сапраўды стаяў тут перада мною сам айцец Тарквемада, я таксама не адмовiўся б ад нiводнага слова, што сказаў. Мая нянавiсць мацнейшая за страх. Няма ўва мне, ойча, месца страху.
- Браце Дыега, апамятайся, - сказаў вялебны айцец амаль шэптам, але з асаблiва моцным нацiскам, - ты стаiш перад Вялiкiм iнквiзiтарам.
Стала цiха. Брат Дыега з усё большым напружаннем у вачах узiраўся ў Тарквемаду. Пасля паднёс руку да лоба. Адчуў пад пальцамi халодны пот.
- Божа, - прашаптаў.
Адступiў на крок у глыбiню каплiцы i ў гэты момант зачапiў нагою падсвечнiк, якi стаяў з боку алтара. Твар яго скрывiўся, губы задрыжалi. Ён хутка нагнуўся i, схапiўшы цяжкi чатырохгранны падсвечнiк, замахнуўся iм на Тарквемаду. Аднак не ўдарыў. Стаяў з высока занесенай рукою, цяжка дыхаючы, з тварам, працятым нянавiсцю, але адначасова абяззброены спакоем i маўчаннем старца, якi не адступiў нi на крок, не зрабiў анi руху на абарону. З яго нерухомай постацi бiла такая сабраная i цвёрдая сiла, што праз хвiлiну Дыега заплюшчыў павекi, i, хоць яшчэ стаяў замахнуўшыся, - падсвечнiк выпаў з рукi i, з ляскатам стукнуўшыся аб каменныя сходкi алтара, пакацiўся з iх i застыў каля ног Тарквемады. Гулкае рэха разарвала цiшыню цемры, i адзiн яго гук асаблiва доўга i працяжна звiнеў недзе пад самым скляпеннем царквы, пасля ўсё раптам змоўкла, i цiшыня стала яшчэ глыбейшая.
Читать дальше