Што ж уяўляла сабой у тыя часы Прусiя? Гэтая краiна ляжала ля Балтыйскага мора, з усходу межавала з Жамойцю i Лiтвой, на поўднi - з Польшчай. Яна складалася з 12 вобласцяў, населеных балцкiмi плямёнамi. Усе гэтыя вобласцi ў пiсьмовых крынiцах называюцца "прускiмi землямi". На самой справе яны не былi заселеныя адным этнасам. У VI-XI стст. прусы насялялi паўвостраў Самбiю i паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа сучаснага Калiнiнградскага залiва. Да пачатку ХII ст. пад прускi ўплыў трапляюць тэрыторыi, якiя пазней атрымалi назвы "земляў": Памезанiя, Пагезанiя, Натангiя, Бартыя, Надровiя. Суседнiя плямёны (скальвы, ламаты, яцвягi) поўнасцю цi часткова прымаюць грамадскую арганiзацыю прусаў. Тэўтонскi ордэн пачынаў крыжовы паход непасрэдна супраць прусаў i для апраўдання тэрытарыяльных прэтэнзiй яму было выгодна называць усе гэтыя землi прускiмi. Ордэнскiя заваёвы спынiлi працэс утварэння дзяржавы на заходняй ускраiне балцкага арэала.
Прусiя - плоскi край, толькi на ўсходзе i поўднi ёсць пагоркi, прарэзаныя азёрамi. Месяцы травень, чэрвень, лiпень, жнiвень звычайна цёплыя, восень iмглiстая i пераменлiвая, зiма дастаткова суровая. Глеба ўраджайная - расце жыта, пшанiца, авёс, ячмень, проса, гарох, лён, каноплi, хмель. Многа было лясоў, дзе акрамя звычайнай дзiчыны ў тыя часы вадзiлiся туры, буйвалы i ласi. Прусы вялi гандаль футрам i бурштынам.
Герман фон Зальца паслаў да мазавецкага князя двух рыцараў з 18 людзьмi на агледзiны i высвятленне абставiн на месцы. Калi тыя прыехалi на мазавецкi двор, самога князя не было дома, гасцей прыняла яго жонка i прасiла пачакаць звароту мужа. Якраз у той час на Мазовiю напалi прусы. Тэўтонскiм рыцарам з'явiлася магчымасць прадэманстраваць свае баявыя вартасцi. Яны прынялi самы актыўны ўдзел у арганiзацыi абароны, магчыма, нават былi яе кiраўнiкамi. Бiтва з прусамi цягнулася цэлы дзень, урэшце мазуры кiнулiся наўцёкi i тут крыжакi паказалi сябе, прыкрываючы адступленне, пакуль не ўпалi пад мноствам стрэл. Перамога дасталася прусам дарагой цаной i яны ў тую ж ноч адышлi. Параненых рыцараў выхадзiлi i тыя прыступiлi да перагавораў з князем. Усе ўклады былi скончаныя ў 1230 г. Гэтым годам можна лiчыць пачатак будаўнiцтва ў Прусii ордэнскай дзяржавы.
Па просьбе крыжакоў князь збудаваў iм на гары левага берага Вiслы замак, названы Фогельзангам. У гэтым замку засела крыжацкая залога i баранiлася ад прусаў. Можна сказаць, гэты "птушыны спеў" (так перакладаецца з нямецкай мовы назва замка) стаў пачаткам пераможнай песнi крыжакоў над прускiмi абсягамi. Фогельзанг выканаў ролю ордэнскага плацдарма ў Прусах. Хохмайстар прыслаў падмацаванне з некалькiх рыцараў i сотнi конных. Рыцары былi надзеленыя пасадамi кiраўнiкоў новай правiнцыi (якой фактычна яшчэ не было). Галоўным сярод iх быў Герман Балк з тытулам намеснiка Прусii. З iм прыбылi прызначаныя ў новую правiнцыю маршал, комтур, дамавы комтур (камендант замка), шпiтальнiк. Напаўненне намiнальных пасадаў рэальным зместам залежала ад самiх рыцараў. Яны з запалам рынулiся "ў справу", гэта значыць у бойку, бо акрамя вайны iншых сродкаў не ведалi. Герман Балк адразу пачаў будаваць новы замак над Вiслай i назваў яго Няшава.
Конрад Мазавецкi прывiлеем у чэрвенi 1230 г. аддаў ордэну на вечныя часы Хэлмiнскую зямлю з рэкамi Дрвенцай i Мокрай i ўсё, што будзе здабыта ў Прусii. Адзiным абавязкам крыжакоў было змаганне супраць прусаў, пакуль тыя не прымуць хрысцiянства. Iмператар i папа зацвердзiлi гэтае наданне. Рымскi папа аб'явiў крыжовы паход супраць прусаў, яго ўдзельнiкам адпускалiся грахi нароўнi з крыжакамi, якiя хадзiлi ваяваць за Святую зямлю.
Забяспечыўшы сабе "прававую" падставу для заваёвы зямлi, жыхароў якой забылiся спытаць аб iх жаданнях, рыцары пачалi дзейнiчаць.
У 1231 г. Герман Балк з невялiкiм войскам на лодках перабраўся цераз Вiслу i дайшоў да аднаго з прускiх свяцiлiшчаў. Там стаяў дуб, якому пакланялiся мясцовыя жыхары. Крыжакi ўмацавалi гэтае месца - акружылi яго валамi i равамi, павесiлi на дубе сваю харугву i адбiвалiся ад насядаўшых прусаў, якiя iмкнулiся адагнаць чужынцаў ад святынi. Праз нейкi час на гэтым месцы быў закладзены замак i горад Торунь.
У хуткiм часе Герман Балк з дапамогай прыбыўшых з Эўропы крыжакоў выгнаў прусаў з усёй Хэлмiнскай зямлi. На месцы спаленага прускага гарадзiшча збудаваў горад Хэлмна, прызначыўшы яго на сталiцу Прусii. У 1234 г. аб'яднанае войска ордэна, Конрада Мазавецкага, сiлезскага князя Генрыка Барадатага, паморскага князя Святаполка, вялiкапольскага Ўладзiслава нанеслi прусам цяжкую паразу на рацэ Дзежгонь (Сiргуна). Пачалi будавацца новыя крыжацкiя замкi. 1237 год - Эльбланг, 1239 - Балга i г.д. Ордэн павольна прасоўваўся ўздоўж Вiслы, Нагаты, затым Вiслянскага залiва, каб не губляць воднай сувязi з базамi на Хэлмiнскай зямлi.
Читать дальше