На плошчы ў цэнтры планіровачнай кампазіцыі ў 1780 г. пабудавана ратуша (захавалася да нашага часу). Строга на яе арыентаваліся асноўныя гарадскія магістралі, што было фармальна ўзмоцнена роўнасцю даўжыні фасада квадратнай у плане ратушы шырыні магістраляў. На плошчы сіметрычна размяшчаліся таксама Г-падобныя карпусы гандлёвых будынкаў, якія ўключалі 76 крамаў. Перыметр плошчы акаймлялі ліпавыя алеі, такія ж рэгулярныя ліпавыя пасадкі праходзілі ўздоўж гарадскіх вуліц.
Ратуша служыла галоўным элементам у прасторы горада. Яе своеасаблівая кампазіцыя грунтуецца на ступенчатай, пірамідальнай будове архітэктурных мас, выкарыстанні амаль кубічных аб'ёмаў. Асноўная частка будынка завершана высокім стылабатам, на якім узвышаецца трапецападобная драўляная вежа. Па вуглах асноўнага аб'ёму пастаўлены чатыры малыя драўляныя вежы.
Вакол ратушы, на перакрыжаваннях вуліц былі сіметрычна пабудаваны чатыры храмы-ратонды: тры царквы і касцёл, якія мелі падобнае архітэктурнае аблічча. Праабражэнская і Вазнясенская (лічылася дамашняй царквой графіні А. Р. Чарнышовай) цэрквы знаходзіліся ў паўднёвай частцы горада на невялікіх плошчах. Прынцып іх размяшчэння ў планіровачнай структуры аналагічны прынцыпу пастаноўкі ратушы — на дамінуючы будынак арыентавана па чатыры вуліцы. Гэта дапускала ўспрыняцце збудавання з як мага болыцай колькасці відавых пунктаў, агляд дзвюх альбо трох дамінантаў з аднаго пункта, што, як і агульнасць прынцыпу, садзейнічала візуальнай цэласнасці горада. Пашыраны ў горадабудаўніцтве класіцызму прыём завяршэння працяглай перспектывы вуліцы быў даведзены тут да найбольш поўнага выяўлення.
Царква Раства Багародзіцы 1787 г. і Троіцкі касцёл (пабудаваны ў 1784 г. на месцы старога езуіцкага касцёла) размяшчаліся ў паўночнай частцы горада на галоўнай вуліцы адно насупраць аднаго і служылі своеасаблівым «парталам» пры пад'ездзе да палаца Чарнышова. Цікава адзначыць, што пры асвячэнні Раждзественскай царквы прысутнічала імператрыца Кацярына II. Выказваецца меркаванне, што і ўвесь горад задумваўся як манументальная парадная кампазіцыя, якая папярэджвала ўезд у палац яго ўласніка пры руху з поўдня, з боку Гомеля. Першы этап руху пралягаў паміж Праабражэнскай і Вазнясенскай цэрквамі, на другім этапе ён праходзіў паўз ратушу, на трэцім — хто пад'язджаў да палаца, мінаў «вароты» касцёла і царквы Раства Багародзіцы. З другога боку, трэба адзначыць, што галоўным будынкам горада служыла ратуша, а не палац, што пацвярджаецца яе размяшчэннем у выражаным цэнтры планіровачнай кампазіцыі з арыентацыяй на яе асноўных вуліц, так і яе сілуэтнай роллю. Агульная для класіцыстычнага горадабудавання XVIII — першай паловы XIX ст. грамадзянская, дэмакратычная накіраванасць таксама сведчыць аб цэнтральнай ролі ратушы.
Аснову кампазіцыі ўсіх чатырох храмаў складала ратонда, завершаная вялікім купалам, які ўвенчваўся малым купалам на барабане. У сувязі з праваслаўнай догмай аб арыентацыі алтарнай часткі храма на ўсход, галоўным фасадам усіх цэркваў з'яўляўся заходні, дзе да ратонды прыбудоўваўся ўваходны прыдзел. Касцёл быў арыентаваны алтаром на захад, што дало магчымасць арганізаваць уваход з галоўнай вуліцы як у касцёл, так і ў Раждзественскую царкву, што стаяла насупраць. Звернутыя адно да аднаго галоўныя фасады храмаў мелі аднолькавую дзвюхвежавую кампазіцыю, аднак вежы касцёла завяршаліся малымі купаламі, а цэрквы — манументальнымі шпілямі. Вазнясенская і Праабражэнская цэрквы мелі па адной вежы на галоўным фасадзе, увенчанай малым купалам.
Такім чынам, у пабудове гарадскога сілуэта групы буйных купальных форм аб'ядналіся з трапецападобнай вежай ратушы. Гэтая асноўная кампазіцыйная тэма спалучалася з шматэлементавай тэмай меншага маштабу — вежамі храмаў, увенчанымі малымі купаламі альбо манументальнымі шпілямі, завяршэннямі вялікіх купалаў малымі барабанамі, вуглавымі вежачкамі ратушы. Амаль усе вышынныя часткі будынкаў увенчвалі прыгожыя дэкаратыўныя шпілепадобныя навершы.
З прычыны адсутнасці звестак архітэктурнае аблічча палаца З. Р. Чарнышова, размешчанага на Замкавай гары, можна толькі ўявіць. Вядома, што будынак абкружаў роў, напоўнены вадой з ракі Чачоры. Цераз роў быў перакінуты пад'ёмны мост на ланцугах. Унізе, каля замка, у зробленых сажалках разводзілася рыба розных парод. Палац упамінаецца ў 1855 г., калі ён знаходзіўся ў запусценні. Паводле апісання 1884 г., у гэты час палаца ўжо не існавала, а яго месца займалі розныя пасадкі.
Читать дальше