Пасля перадачы Кацярынай II мястэчка Гомель ва ўладанне князю П. А. Румянцаву на ўчастку замка ў 1777 г. пачалося будаўніцтва палацавага ансамбля, якое ішло ў некалькі этапаў да 1856 г. У 1835 г. ансамбль набыў генерал-фельдмаршал І.Ф. Паскевіч. Палац стаяў сярод пейзажнага парка, у паўночнай частцы якога ў 1804–1824 гг. на месцы Мікалаеўскай царквы пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор, а ў канцы стагоддзя — капліца-магільны склеп. Парк, які выходзіў да Сожа, палац і сабор, звернутыя сваімі фасадамі да прасторы ракі і шырокіх адкрытых тэрыторый на яе левым беразе, стварылі велічную архітэктурна-ландшафтную кампазіцыю.
Планіровачная структура горада, якая паступова і натуральна склалася, была цалкам заменена новай рэгулярнай. Тры асноўныя восі плана выходзілі на галоўную гандлёвую плошчу перад палацам. Дзве з іх — вуліца Замкавая (сучасны праспект Леніна) і Румянцаўская (Савецкая) былі арыентаваны на галоўны корпус палаца, купал якога на вялікім працягу завяршаў відавыя перспектывы ўздоўж гэтых магістраляў. Трэцяя вуліца — Фельдмаршальская (цяпер Пралетарская) пракладзена ўздоўж Сожа. Большасць астатніх вуліц пралягала паралельна альбо перпендыкулярна асноўным напрамкам. Закладзеная ў гэты перыяд структура вызначае своеасаблівасць сучаснай прасторавай арганізацыі горада. Капітальная і драўляная забудова, што ўзнікла на вялікіх тэрыторыях у другой палове XIX — пачатку XX ст., часткова захавалася да нашага часу.
Да найбольш істотных страт архітактурнай спадчыны Гомеля адносіцца ансамбль галоўнай плошчы, які склаўся да пачатку XX ст. Ад яго засталіся толькі палац Румянцава-Паскевіча і Петрапаўлаўскі сабор. У першай трэці XIX ст. у забудову плошчы таксама ўваходзілі Кацярынінскі касцёл 1831 г., двухпавярховыя гандлёвыя рады з вежай і гадзіннікам, другі корпус крамаў, вучылішча, ратуша, нямецкая карчма, іншыя збудаванні. Да пачатку XX ст. побач з гандлёвымі радамі пабудаваны значны па памерах гасціны двор няправільнай пяцікутнай канфігурацыі ў плане. На рагу плошчы і Замкавай вуліцы знаходзіўся будынак гарадской пажарнай часткі. «Астраўное» становішча ў прасторы плошчы мелі касцёл святой Кацярыны і праваслаўная капліца. Цікава адзначыць, што невялікая капліца, як і буйнамаштабны корпус палаца, змяшчалася на восі Румянцаўскай вуліцы. Пры кампазіцыйным прыёме падвойнага завяршэння відавой перспектывы магістралі замыкальныя дамінанты рознага маштабу не перашкаджалі, а дапаўнялі адна адну. Як разгледжана вышэй, аналагічны прыём выкарыстаны ў кампазіцыі забудовы Параднай плошчы Полацка.
Месца на ўсходнім баку плошчы займаў будынак гарадской управы (існуе цяпер). Своеасаблівасць архітэктурнага ансамбля дасягалася, у прыватнасці, уключэннем у кампазіцыю ландшафта парка і некалькі аддаленым размяшчэннем палаца і сабора ад адкрытай грамадскай прасторы плошчы.
Сярод культавых збудаванняў Гомеля, якія існавалі ў пачатку стагоддзя, але не захаваліся да нашых дзён: Троіцкая царква на перакрыжаванні сучасных вуліц Савецкай і Сялянскай, Праабражэнская царква па Першамайскай вуліцы, дзве стараверскія малельні на вуліцах Камісарава і Фрунзе, Георгіеўская ваенная (1904) і могілкавыя цэрквы па Савецкай вуліцы, а таксама сінагога на рагу праспекта Леніна і вуліцы Кірава, аб'ём якой у мінулым кампазіцыйна завяршаў відавыя напрамкі ўздоўж сучасных вуліц Ланге і Працоўнай.
Працэс страты горадабудаўнічай спадчыны ў малых гарадах Гомельшчыны мэтазгодна прасачыць на прыкладзе мястэчка Чачэрск. Горад вядомы з канца X ст. Пра характар планіровачнай структуры, якая фармавалася да канца XVIII ст., меркаваць цяжка з-за адсутнасці дакументальных звестак. У інвентары 1726 г. апісаны замак на тэрыторыі старажытнага дзядзінца, зазначаны сем вуліц, якія, відаць, радыяльна сыходзіліся да замка і гандлёвай плошчы, дзе размяшчаліся карчма і крамы. У XVI–XVIII стст. увесь горад быў абнесены сцяной з брамамі — Замкавай, Вялікай, Падольнай. Паводле дадзеных інвентара, існавалі Васкрасенская, Мікалаеўская, Прачысценская і Спаская цэрквы, якія далі назвы вуліцам, касцёл святой Троіцы каля замка, сінагога на ўскраіне горада, 109 жылых дамоў.
У 1774 г. Кацярына II падаравала Чачэрск генерал-губернатару графу З. Р. Чарнышову, што паслужыла імпульсам развіцця горадабудаўнічай дзейнасці. У 1787 г. на месцы старога замка пабудаваны палац. Па праекце рэгулярнай перапланіроўкі карэнным чынам рэканструяваны горад атрымаў простакутную структуру вуліц. План адлюстраваў своеасаблівае прафесійнае мысленне дойліда, характэрнае для класіцызму ўяўленне аб горадзе як мастацкім цэлым. Класічная канцэпцыя стварэння «ідэальнага» паселішча ў дадзеным выпадку выявілася ў арганізацыі вялізнай плошчы (302,5 x 294 м), абкружанай сіметрычнай адносна восі поўнач-поўдзень сістэмай квадратных кварталаў. Усе вуліцы запраектаваны шырынёй 21,3 м (10 сажняў).
Читать дальше