Ансамблевая аднастайнасць забудовы дасягалася не толькі сродкамі аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, але і дэкаратыўна-стылёвым рашэннем у спрошчаных формах позняга барока, выкарыстаннем некаторых прыёмаў архітэктурнага ўбрання, агульных для розных тыпаў радавых будынкаў і ўнікальных аб'ектаў. Да такіх прыёмаў адносіліся працяглыя нішы атыка (крамы; жылыя дамы, сярэднія ў групах трох аднатыпных будынкаў), падобныя ліштвы з падаконнай нішай (тыя ж сярэднія ў групах жылыя дамы; усе грамадскія будынкі, за выключэннем гандлёвых радоў), замковы камень ліштвы (грамадскія будынкі заходняга і паўднёвага бакоў).
Да цяперашняга часу ансамбль амаль страчаны: з 22 будынкаў захавалася толькі 8, пры гэтым два з іх карэнным чынам перабудаваны. Разбурэнне забудовы адбылося, у асноўным, пасля Другой сусветнай вайны. У канцы 1940-ых і 1950-ых гг. большая частка будынкаў яшчэ існавала. У даленшым без якой-небудзь аб'ектыўнай неабходнасці знесены гандлёвыя рады, іншыя грамадскія і жылыя будынкі. Увесь паўднёвы бок плошчы заняў невыразны чатырохпавярховы тыповы будынак райвыканкама, які сваім архітэктурным абліччам зрокава падаўляе гістарычную забудову.
Пры разглядзе працэсу знішчэння матэрыяльнай культурнай спадчыны гарадоў, а таксама пры параўнанні сучаснага стану іх цэнтраў з сітуацыяй у пачатку XX ст. трэба памятаць гістарычны лёс Беларусі ў першай палове нашага стагоддзя. У 1920-1930-ых гг. заходняя частка рэспублікі ўваходзіла ў склад Польшчы і на працягу названага часу на гэтых тэрыторыях не адбывалася масавае разбурэнне культавых будынкаў. Барацьба з рэлігіяй ва ўсходніх абласцях, горадабудаўнічая ідэалогія «будаўніцтва новага свету» як у даваенны час, так і ў перыяд пасляваеннага аднаўлення прывялі да змяншэння колькасці выдатных помнікаў і раёнаў масавай гістарычнай забудовы. Такая дзяржаўная палітыка садзейнічала зніжэнню культурнага патэнцыялу паселішчаў усходняга рэгіёна, устойлівай тэндэнцыі поўнай змены гісторыка-архітэктурнага асяроддзя, якое фармавалася стагоддзямі, на новае гарадское наваколле.
Аналіз захаванасці помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры ў маштабе краіны сведчыць, што арэал канцэнтрацыі культурнай спадчыны ахоплівае захад і паўночны-захад Беларусі. Наадварот, Магілеўская і Віцебская вобласці ўтрымліваюць сумнае першынство па памерах панесеных страт пры сумніцельным дасягненні новых эстэтычных горадабудаўнічых якасцей за кошт знішчэння старых. Супаставім цэнтр Магілева ў нашы дні з тым, што існаваў яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XX ст.
Цэнтральная частка горада размешчана на высокім клінападобным плато паміж лукавінай Дняпра і яго прытокам Дубровенкай. У другой палове XVII–XVIII стст. горад меў тры паясы земляных абарончых збудаванняў: замак — першааснова горада, умацаванні трохкутнага ў плане Старога горада, які прымыкаў да замка, і вонкавы пояс, што ахопліваў шырокія гарадскія тэрыторыі правабярэжжа Дняпра. Планіроўка цэнтральнай часткі спалучала радыяльную з папярочнымі элементамі сістэму вуліц у Старым горадзе і простакутную сетку на Шклоўскім пасадзе. На астатняй гарадской тэрыторыі, у межах трэцяй абарончай лініі, планіровачная структура была разнастайная: простакутна-прамалінейная ў Задубровенскім пасадзе, блізкая да радыяльнай у Пакроўскім пасадзе на раўніннай мясцовасці ля падножжа плато, перакрыжаванай у Луполаве за Дняпром і інш.
Ансамбль галоўнай плошчы, які фармаваў цэнтр горада, займаў унікальны ў горадабудаўнічых адносінах участак каля замка на канцы плато над Дняпром. Да плошчы падыходзіла галоўная вуліца — Шклоўская, пазней — Дняпроўскі праспект, цяпер вуліца Першамайская. У канцы XVIII — першай палове XIX ст. сістэма грамадскіх прастораў уздоўж яе дапаўнялася авальнай плошчай перад Іосіфаўскім саборам, а таксама незабудаваным участкам на месцы ліквідаванай лініі ўмацаванняў Старога горада. У гэты час, як і ў Віцебску, у перыферыйных раёнах Магілева пачалі закладвацца новыя плошчы — у Луполаве, на Віленскім і Пакроўскім пасадах.
Архітэктурны ансамбль галоўнай гандлёвай, пазней губернатарскай плошчы прасторава звязваўся з Дняпром. Вертыкальнай дамінантай яе забудовы з'яўлялася ратуша са шмат'яруснай вежай, узведзеная ў 1679–1692 гг. (перабудавана ў 1773 г.). Да ратушы прымыкаў Г-падобны ў плане гасціны двор. У 1770-ых гг. у стылі класіцызму на паўднёвым баку плошчы пабудаваны палац губернатара і будынак губернскага праўлення, на паўночным — палац віцэ-губернатара і будынак суда, урачэбнай управы і архіва.
Читать дальше