Праз паўмесяца пасля абвяшчэння БССР, 16 студзеня 1919 года, ЦК РКП(б) з удзелам У.І.Леніна пастанавіў «выдзеліць» з БССР Смаленскую, Віцебскую і Магілеўскую губерні,далучыўшы іх да РСФСР, а на тэрыторыі Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губерняў утварыць Літоўска-Беларускую ССР. Такім чынам, БССР фактычна ліквідавалася. Анексія Смаленшчыны, Віцебшчыны і Магілеўшчыны была аформлена на пачатку 1919 года рашэннямі адпаведных губернскіх з'ездаў Саветаў. Пагадзіўся з ёю пад націскам бальшавікоў і І Усебеларускі з'езд Саветаў, які адбыўся на пачатку лютага 1919 года ў Менску. У ліпені 1920 года БССР была абвешчана бальшавікамі другі раз, але толькі ў межах шасці паветаў былой Менскай губерні агульнай плошчай 52,4 тыс. кв. км.
Далі шэсьць паветаў…
Ну, дзякуй за гэта, -
засталіся з таго часу ў памяці людзей словы Янкі Купалы.
На пачатку 20-х гадоў уся ўсходняя Беларусь заставалася ў складзе РСФСР. Толькі ў сакавіку 1924 года ў адказ на настойлівыя патрабаванні ўрада БССР Усерасейскі ЦВК прыняў пастанову аб перадачы Беларусі шэрагу паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў (Полацкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Магілеўскага, Горацкага, Рагачоўскага, Быхаўскага, Клімавіцкага, Чавускага, паловы Амсціслаўскага). У снежні 1926 года да БССР былі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Аднак і пасля гэтага ў складзе РСФСР засталіся значныя тэрыторыі Віцебшчыны, Смаленшчыны і Браншчыныз беларускім насельніцтвам. Не вернутыя яны Беларусі да сённяшняга дня.
115. Дзе ў Беларусі былі арганізаваныя паўстанні супраць камуністаў?
Як вядома, паводле Берасцейскай мірнай дамовы, з сакавіка да верасня 1918 года пад уладай бальшавікоў заставалася толькі частка беларускіх земляў: Смаленшчына, усходнія паветы Магілеўскай ды паўночна-ўсходнія Віцебскай губерняў. Тут камуністы праводзілі так званую «продовольственную развёрстку» (адбіралі ў сялян практычна ўсё збожжа). Гэта выклікала сялянскія паўстанні ў Аршанскім, Віцебскім, Горацкім, Клімавіцкім, Амсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім ды Чэрыкаўскім паветах. У Сянно на чале паўстанцаў стаяў будучы народны камісар земляробства БССР Зміцер Прышчэпаў. Сенненскія ды аршанскія паўстанцы на пэўны час узялі ў свае рукі ўладу ў гэтых паветах.
Пасля адыходу немцаў (верасень-лістапад 1918 года) бальшавікі захапілі цэнтральную частку Беларусі. Яны па-ранейшаму абдзіралі сялян. У лістападзе супраць іх улады паўстаў Вяліжскі павет. Нягледзячы на тое, што Вяліжскае паўстанне было стыхійнае, у ім удзельнічалі дзесяткі тысяч чалавек. Яно ахапіла амаль усю Віцебскую губерню, перакінулася ў сумежныя часткі Смаленшчыны (Парэцкае паўстанне) і Пскоўшчыны. У сакавіку-красавіку 1919 года паўстанні прайшлі ў ваколіцах Гомеля, Кармы, Рагачова, Рэчыцы, Нясвіжа, Міра, Слуцка, Старобіна ды іншых мястэчак.
Антыбальшавіцкія паўстанні ўспыхнулі і ў 1920 годзе. Найбольшыя з іх Койданаўскае ды асабліва Слуцкае. У ліпені 4 дні трымалася Койданаўская Незалежная Рэспубліка. У лістападзе-снежні Рада Случчыны, узначаленая беларускімі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, узняла 10 тысяч чалавек, арганізавала іх у два палкі. Цэлы месяц паўстанцы трымалі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў 15 валасцях.
Узброены супраціў бальшавікам аказваўся і пазней, у перыяд калектывізацыі. У 1930 годзе, напрыклад, паўсталі сяляне Бешанковіцкага раёна, якія з сякерамі і віламі пайшлі супроць кулямётаў. У літаратуры згадваецца і Лепельскае паўстанне «аднаасобнікаў», дэталі якога нам дасюль невядомыя, бо савецкі друк наўмысна замоўчваў народныя выступленні.
Як бачна, беларускі народ не пакорліва і тым больш не з радасцю, як сцвярджала камуністычная прапаганда, прымаў іхную ўладу, а паўсюль аказваў пасіўны ці адкрыты супраціў.
116. За што ваяваў Станіслаў Булак-Булаховіч?
Яшчэ пры жыцці генерал Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1939) стаў легендай. Яго, абаронцу сялянскіх інтарэсаў, ужо ў маладыя гады называлі «бацькам». Як сведамы антыкамуніст С.Булак-Балаховіч ваяваў у арміях розных дзяржаваў. Ён узначальваў корпус генерала Юдзеніча ў 1919 годзе. Яго Беларускі аддзел удзельнічаў у баях супроць Палескай групы Чырвонай арміі пад час расейска-польскай вайны. А калі ў Рызе пачалася ганебная польска-расейская змова супраць Беларусі, генерал зрабіў свой выбар. Яго армія ў верасні 1920 года пачала сваю вайну (якую можна назваць беларуска-расейскай), за вызваленне Беларусі ад бальшавікоў.
Читать дальше