109. Ці была ў Беларусі Грамадзянская вайна?
Грамадзянскай вайны ў той «класічнай» форме, у якой яна адбывалася ў Расеі ў 1918–1920 гадах, у Беларусі не было. Гэта і зразумела. Бо савецкая ўлада ў нашым краі ўсталявалася не ў выніку нутраных працэсаў, а была навязаная звонку, расейскімі бальшавікамі. Мясцовае насельніцтва імкнулася трымацца ўбаку і ад «белых», і ад «чырвоных» расейцаў. Пра гэта сведчыла велізарная колькасць дэзерціраў з абедзвюх арміяў. Заклікі чырвоных да сусветнай рэвалюцыі не натхнялі беларусаў, гэтак жа як не натхняла іх і мэта белага руху — «единая и неделимая матушка Россия».
Сапраўдная гісторыя гэтае вайны схаваная ў савецкай гістарыяграфіі за крымінальнымі штампамі — «палітычны бандытызм» і «кулацка-шляхоцкая контррэвалюцыя». На самой жа справе гэта быў шырокі рух супраціву, перадусім беларускага сялянства; супраціву чужой «савецка-маскавецкай» уладзе, яе жорсткай палітыцы прымусу і рабаўніцтва, эканамічнага авантурызму і нацыянальнага нігілізму. Найбольшы ўздым руху быў з восені 1920 года і на працягу ўсяго 1921 года.
Сяляне паўсталі, каб бараніць свой дом, гаспадарку і сваю вялікую бацькаўшчыну — Беларусь — ад гвалту, здзеку і беззаконня бальшавіцкіх камісараў. Вайна гэтая мела ў Беларусі каласальны размах, як антонаўшчына ў Расеі, махноўшчына ва Ўкраіне, басмацтва ў Сярэдняй Азіі. Вось гэты аспект доўгія гады замоўчваўся ці фальсіфікаваўся савецкімі гісторыкамі да такой ступені, што ў «бандыты» залічвалася большая частка вясковага насельніцтва, а ваенныя падзеі таго перыяду зводзіліся да барацьбы з белагвардзейцамі і інтэрвентамі.
Для азначэння сутнасці тагачасных падзеяў у Беларусі, на наш погляд, найлепей карыстацца тэрмінамі Рэзістэнцыя або Супраціў, якія дакладна адлюстроўваюць характар гэтай з'явы — супраціўленне ўладзе чужынцаў.
110. Хто такая Палута Бадунова?
Сярод дзеячоў нацыянальна-вызвольнага руху ХХ стагоддзя імя Палуты Бадуновай — адно з сама легендарных. Самаахвярнасцю, мужнасцю, самаадданасцю справе адраджэння Бацькаўшчыны яна заслужыла вялікі аўтарытэт у тых, хто хацеў бачыць Беларусь вольнай і незалежнай.
Палута Бадунова нарадзілася 7 верасня 1885 года ў мястэчку Навабеліца (цяпер адзін з раёнаў Гомеля) у сям'і арандатара. Скончыла Вышэйшыя гістарычна-літаратурныя курсы ў Петраградзе. Яе вабіла паэзія, але вірлівае жыццё распарадзілася іначай. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі яна была абраная дэпутатам Петраградскага савета, а ў чэрвені 1917 года сакратаром ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
У снежні 1917 года П.Бадунова брала ўдзел ў працы Ўсебеларускага кангрэса, разагнанага бальшавікамі. У лютым 1918 года ўвайшла ў склад урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці народнага сакратара апекі (паводле сучаснай тэрміналогіі — міністра сацыяльнага забеспячэння). Удзельнічала ў адкрыцці дзіцячых прытулкаў і школ, была старшынёю дабрачыннага таварыства «Цётка» (названага ў гонар нашай славутай паэткі), якое мела на мэце дапамогу бедным.
У часе польскай акупацыі П.Бадунова абіраецца таварышам (г. зн. намеснікам) старшыні кабінета міністраў БНР. За актыўную антыпольскую дзейнасць у 1920 годзе арыштавана польскімі акупацыйнымі ўладамі, утрымлівалася ў адзіночцы Менскай турмы. Выпусцілі Палуту з прычыны эпідэміі тыфу — пад нагляд. «Па выхадзе з турмы, пасля страшных умоваў холаду, ад якога я замярзала смяртэльна, і пагрозы тыфусу, ад якога памерла палова арыштаваных, я ўцякла з-пад нагляду польскай жандармерыі ў Смаленск, а адтуль у Маскву», — успамінала пазней П.Бадунова.
У Маскве П.Бадунова прадстаўляла Партыю беларускіх эсэраў, якую яна разам з Тамашом Грыбам стварыла пасля расколу Грамады. Але бальшавіцкі ўрад не пажадаў супрацоўнічаць з эсэрамі. 3 сакавіка 1921 года ў Менску П.Бадунову з сябрамі па партыі арыштавала ВЧК. Палуту перавезлі ў Маскву і пасадзілі і сумна вядомую Бутырскую турму, адкуль праз паўгода амаль непрытомную яе прывезла ў Менск сястра Марыя.
У 1923 годзе П.Бадунова нелегальна выехала ў Прагу, пачала актыўную дзейнасць разам з Т.Грыбам. Чэкісты, якія пільна сачылі за ёю, называлі яе «стаўпом эсэраўскага беларускага руху». У 1924 годзе Палута цяжка захварэла і на пачатку 1926 года, паверыўшы абяцанням савецкіх уладаў аб адраджэнні Беларусі, вярнулася на Бацькаўшчыну.
У пачатку 1930 года, калі ГПУ пачало арышты «нацдэмаў», Палута Бадунова па парадзе сяброў ад'ехала да брата ў Навабеліцу. Працавала там настаўніцай, а таксама на курсах беларусазнаўства ў Гомелі. За хворай жанчынай быў наладжаны таемны нагляд, а ў верасні 1937 года яе арыштавалі і засудзілі на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Тым часам НКВД пачало маштабную аперацыю — вынішчэнне «антысавецкага падполля». На ролю кіраўніка эсэраўскай групы «прызначылі» П.Бадунову. 25 траўня 1938 года яе судзілі другім разам і прыгаварылі да расстрэлу.
Читать дальше