Такім чынам, залаты век у гісторыі беларусаў быў. І быў ён залаты найперш багаццем творчага плёну, яго шматграннасцю, абсягам, пафаснасцю ўсяго створанага, светлай ідэяй Асветніцтва, высокім патрыятызмам, чалавекалюбствам; быў і застаўся залатым сваёй векапомнасцю, аграмаднасцю традыцый, грунтоўнасцю зацверджання беларусаў у свеце.
70. Чым славуты Ян Кароль Хадкевіч?
Ян Кароль Хадкевіч (1560–1621) быў адным з сама славутых гетманаў Вялікага Княства Літоўскага. У юнацтве атрымаў бліскучую адукацыю: вучыўся ў Віленскім калегіуме, ва ўніверсітэтах Нямеччыны (Інгальштат), Італіі (Падуя, Венецыя), на Мальце. Вайсковую чыннасць пачаў удзелам у задушэнні бунту Налівайкі (1596), які з аддзелам казакоў рабаваў ў Беларусі гарады. Ад пачатку вайны са шведамі змагаўся ў Інфлянтах, дзе на ўласны кошт утрымліваў войска. У 1601 годзе разграміў шведаў пад Какенгаўзэнам,у 1604 — пад Белым Каменем(там ён з 2 тысячамі жаўнераў разбіў 7 тысяч непрыяцеля).
Найвялікшую ж славу Хадкевічу прынесла бітва пад Кірхгольмам(цяпер Саласпілс у Латвіі), дзе ягоны 4-тысячны корпус 27 верасня 1605 года дазвання разграміў 14-тысячную шведскую армію, страціўшы ўсяго блізу 100 сваіх жаўнераў. Перамога пад Кірхгольмам сапраўды была чымсьці неверагодным. У харугвах Хадкевіча не ставала зброі, а з прычыны нявыплаты грошай сярод жаўнераў падала дысцыпліна. Між тым, шведскае войска — не маскоўскае: па баяздольнасці яно было адным з найлепшых у Эўропе. І тым не менш Ян Хадкевіч бліскуча перамог яго, паклаўшы на пабаявішчы 9000 шведаў, захапіўшы 12 гарматаў і 60 баявых штандараў непрыяцеля.
З гэтым вялікапышным трыумфам гетмана асабіста віншавалі імператар «Святой Рымскай імперыі» Рудольф ІІ, ангельскі кароль Якуб, персідскі шах, турэцкі султан і сам папа рымскі Павел V. Па якім часе пра бітву пад Кірхгольмам пісалі, што нашчадкі будуць хутчэй дзівіцца гэтаму трыумфу, чым верыць у яго. На думку спецыялістаў, гэта была адна з найвялікшых тактычных перамог у сусветнай гісторыі.
У 1611 годзе ён ужо вёў харугвы на Маскву дапамагаць абложаным там сілам Вялікага Княства Літоўскага. Пакінуўшы ў 1612 годзе Маскву, гераічна абараняў ад маскоўскага войска Смаленск, дзякуючы чаму горад застаўся ў складзе нашай дзяржавы. У 1617–1618 гадах быў фактычным кіраўніком апошняга маскоўскага паходу.
Прызначаны начальнікам аб'яднанага войска Польшчы і Вялікага Княства, Ян Хадкевіч адбіваў націск Асманскай імперыі з поўдня. Менавіта ягонай жалезнай волі, энергіі і прыроднаму таленту Айчына абавязаная перамогай пад Хацінам(на Днястры), дзе ў 1621 годзе ён са сваім паўгалодным і разрозненым войскам здолеў разграміць нашмат перасяжнага па колькасці непрыяцеля: з 70 тысячамі мусіў супрацьстаяць утрая большай ардзе туркаў і татараў — і здабыў бліскучую перамогу. Цяжка хворы, Ян Хадкевіч памёр у Хацінскім замку пад час бітвы.
Слаўны сын быхаўскай галіны роду Хадкевічаў, ён стаў узорам самаахвярнасці і патрыятызму. Тагачасныя паэты і гісторыкі прысвячалі яму творы, пісалі песні і пахвалы. Праз стагоддзі жыло паданне пра непераможнага ваяра.
Аб вялікай папулярнасці яго ў народзе, мабыць, найкрасамоўней сведчыць тое, што дзеці тады гулялі ў ваенныя гульні, героем якіх быў Ян Кароль Хадкевіч.
71. Якая марская бітва ўвайшла ў летапіс беларускай вайсковай славы?
У 1600–1629 гадах Вялікае Княства Літоўскае вяло вайну супраць Шведскага Каралеўства, якое імкнулася захапіць Інфлянты (правабярэжную Латвію і паўднёвую Эстонію), што былі тады супольным уладаннем нашай дзяржавы і Польшчы. Вялікія гетманы Крыштоп Радзівіл Пярун і Ян Кароль Хадкевіч атрымоўвалі на палях Прыбалтыкі слаўныя перамогі над заморскім праціўнікам. Асабліва вылучаўся сваім палкаводчым талентам Я.Хадкевіч. З яго імем звязаная першая і, мусіць, адзіная ў беларускай ваеннай гісторыі марская бітва — бітва пад Салісам,якую нашы продкі бліскуча выйгралі.
Увесну і летам 1608 года, выкарыстаўшы часовую адсутнасць у Інфлянтах Я.Хадкевіча, моцнае шведскае войска (12 тысяч жаўнераў) высадзілася на ўзбярэжжы Латвіі ды пачало наступ углыб краю. Пад восень выдатна вымуштраваная непрыяцельская пяхота, у якой было шмат прафесійных наймітаў з розных краін Эўропы, ужо стаяла на берагах Дзвіны.
Маючы ўсяго 2 тысячы вершнікаў гусарскай конніцы і невялікую артылерыю, наш гетман узяўся адваёўваць страчанае. Спачатку ён пад агнём ста чатырох варожых гарматаў штурмам вызваліў Парнаву (Пярну) у заходняй Эстоніі, а затым 4 сакавіка 1609 года пайшоў на дапамогу галоўнаму гораду Прыбалтыкі — Рызе, абложанай шведскімі войскамі. Шлях вёў паўз бераг Рыжскае затокі, і тут паступілі звесткі, што за 13 міляў на поўдзень ад Парнавы, каля гарадка Саліс (цяпер Салацгрыва), знаходзіцца шведскі флот. У Яна Хадкевіча выспеў смелы і нечаканы план. Ён пасадзіў сваіх жаўнераў на два вялікія караблі, захопленыя ў шведаў пад Парнавай, і некалькі караблёў, купленых у марскіх гандляроў, а таксама на вялікія лодкі і загадаў атакаваць праціўніка.
Читать дальше