Ад куляў, шабляў і дзідаў на Іван-полі палегла блізу дзевяці тысяч маскоўцаў і прыкладна столькі ж патанула. Як сведчыў краніст Мацей Стрыйкоўскі, мноства чалавечых касцей на месцы бітвы можна было ўбачыць яшчэ і праз дваццаць гадоў. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў.
Бліскучая перамога на Вуле сарвала планы царскіх ваяводаў, змусіўшы іх павярнуць свае палкі ад Воршы назад.
48. Што такое «валочная памера»?
ХVІ стагоддзе адзначанае ў гісторыі Беларусі значным эканамічным росквітам. Павялічваліся плошчы ворных земляў, расла вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на продаж. Сталы попыт на збожжа ў краінах Заходняй Эўропы, адным з асноўных экспарцёраў якога было Вялікае Княства Літоўскае, вымушаў землеўласнікаў, і ў першую чаргу дзяржаву, стымуляваць сельскагаспадарчую вытворчасць.
Дзеля гэтага яшчэ з канца ХV стагоддзя была распачатая рэарганізацыя панскай гаспадаркі. Прадугледжвалася як пашырэнне феадальных гаспадарак («двароў»), гэтак і стварэнне «фальваркаў» — новых гаспадарак з таварным характарам вытворчасці, заснаваных на працы прыгонных сялян. Разам з тым, адсутнасць адзінае сістэмы вымярэння зямлі, а таксама абкладання павіннасцямі і падаткамі паставіла дзяржаву перад неабходнасцю больш шырокіх пераўтварэнняў.
Дакладны ўлік, размеркаванне зямлі ў дзяржаве, уніфікацыя павіннасцяў і былі мэтамі аграрнай рэформы, распачатай у сярэдзіне ХVІ стагоддзя, якую ўзначаліў земскі падскарбі (г. зн. міністр фінансаў і эканомікі) Астафей Валовіч. Яна атрымала найменне валочнай памеры — ад найбольш вядомага дакумента рэформы «Устава на валокі», выдадзенага 1 красавіка 1557 года вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Гэты закон вызначыў шэраг захадаў: тэхнічных (перамер зямлі), сацыяльных (змены ў становішчы феадальна залежнага насельніцтва), эканамічных (стварэнне фальваркаў, змены ў сістэме павіннасцяў).
У якасці меры плошчы і адначасова адзінкі павіннаснага абкладання ўводзілася валока(30 маргоў, або 21,36 гектара). Кожная сялянская сям'я атрымлівала зямельны надзел велічынёю з валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці (улічвалася таксама якасць глебы: грунт добры, сярэдні, дрэнны і вельмі дрэнны).
У залежнасці ад характару павіннасцяў валокі падзяляліся на цяглыя— за карыстанне імі сяляне адраблялі паншчыну, асадныя— плацілі чынш, службовыя— выконвалі дваровую, рамесную або іншую службу. На апрацоўку аднае фальваркавай (панскай) валокі адводзілася сем сялянскіх валок.
Валочная памера дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі нашай краіны. Увядзенне аднастайнай адзінкі пазямельнай меры і абкладання павіннасцямі спрыяў пераходу эканомікі на новы ровень і, адпаведна, гаспадарчай стабільнасці дзяржавы. Аграрная рэформа забяспечыла своечасовае і ў пэўным сэнсе справядлівае спагнанне падаткаў з насельнікаў Вялікага Княства, зліквідавала непажаданую здрабнеласць дзялянак ды цераспалосіцу, упарадкавала размеркаванне зямлі паміж сялян.
Пасля ўліку і перадзелу зямельнага фонду, а таксама засялення занядбаных земляў сялянская сіла размяркоўвалася на абшарах Княства больш-менш раўнамерна, дзякуючы чаму павялічылася эфектыўнасць землекарыстання. Нарэшце, дакладнае вымярэнне ўсіх зямельных надзелаў і юрыдычна аформленае замацаванне іх за канкрэтнымі гаспадарамі спрыялі спыненню ўзаемных прэтэнзій уласнікаў ды незаконных захопаў чужых земляў, ад чаго, як вядома, даўней пралілося нямала крыві.
Вельмі важнымі сталіся вайскова-палітычныя вынікі рэформы. Павелічэнне даходаў у дзяржаўны скарб падвышала вайсковую ды палітычную моц нашага гаспадарства. Без гэтай рэформы Вялікае Княства, напэўна, не вынесла б цяжару Інфлянцкай вайны. Акрамя таго, валочная памера стварыла эканамічны падмурак для развіцця культуры Беларусі ва ўсіх яе праявах у другой палове ХVІ стагоддзя.
49. Што такое Люблінская вунія?
Люблінская вунія — гэта часовы вайскова-палітычны хаўрус, падпісаны Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім Каралеўствам улетку 1569 года на Сойме ў Любліне. Урад Княства, якое ў гэтым часе вяло цяжкую вайну з Масковіяй, мусіў падпісаць ганебнае пагадненне з Польшчаю ўзамен на вайсковую дапамогу.
Заключны Акт Люблінскага Сойму, у аснову якога быў пакладзены праект польскіх паслоў, а не той, што прапаноўвалі дэлегаты Вялікага Княства, прадугледжваў, як таго дамагаліся палякі, зліццё двух дзяржаваў у адзінае цэлае, забараняў правядзенне ў Княстве асобных Соймаў, ліквідоўваў вялікакняскі Статут, адмяняў звычайны парадак абрання вялікага князя, дазваляў палякам свабодна набываць землі і даставаць усякія пасады на абшарах Беларускага гаспадарства. Адным словам, «Акт аб вуніі» ў прапанаванай палякамі рэдакцыі рыхтаваў глебу для інкарпарацыі, г. зн. поўнага ўваходжання Вялікага Княства ў склад Польскага Каралеўства.
Читать дальше