Аднак гэтая перамога не прынесла яму жаданага выніку. Гарадзенскі князь Вітаўт Кейстутавіч, перадаўшы Ордэну Жамойць, заручыўся падтрымкаю крыжакоў ды пачаў вайну супраць Ягайлы. У гэтых неспрыяльных для сябе ўмовах Ягайла прыняў прапанову стаць каралём Польшчы. 4 сакавіка 1386 года ён каранаваўся на Польскае Каралеўства пад імем Уладзіслава. Пазней, калі Ягайла адчуў цяжар польскай кароны, калі яго пачалі «навучаць» то паны, то святарства, то шляхта, ён гнеўна заявіў ім: «Я ўжо прасіў вас, каб вы забралі сабе сваю карону і далі мне вярнуцца ў маю родную Літву».
На польскім пасадзе Ягайла асабліва нічым не праявіў сябе. Вяршыняй ягонай дзейнасці можна назваць удзел у пераможнай Грунвальдскай бітве. У дачыненні да Вялікага Княства Літоўскага ён не столькі выконваў польскую палітыку, як клапаціўся пра тое, каб не страціць сваіх дынастычных правоў на вялікакняскі пасад, што, відаць, і абумовіла ягоны супраціў спробам Вітаўта стаць каралём.
Часта інтарэсы Польскага Каралеўства і любоў да Бацькаўшчыны прыходзілі ў супярэчнасць. Горшаю за смерць была для Ягайлы вайна ў 1431 годзе паміж Польшчаю і Вялікім Княствам за Падолле. Польскія саноўнікі вымусілі караля ўзначаліць паход. Ягайла таемна папярэджваў сваіх суайчыннікаў аб руху і планах польскага войска, наўмысна дзейнічаў нерашуча і ўсяляк намагаўся сарваць паход.
Нягледзячы на доўгае жыццё ў Польшчы, Ягайла заставаўся ліцьвіном-беларусам — размаўляў па-нашаму, трымаўся беларускіх звычаяў, быў просты ў побыце. Разам з ім у Польшчу прыехалі і беларускія мастакі, музыкі, пісцы, якія абслугоўвалі культурныя патрэбы гаспадара.
Чацвертай жонкай Ягайлы была беларуская княгіня Соф'я Гальшанская, з якой ён павянчаўся ў Новагародку 24 сакавіка 1422 года. Ад гэтага шлюбу ён меў двух сыноў — Уладзіслава і Казіміра. Тым сама быў пакладзены пачатак эўрапейскай манархічнай дынастыі Ягайлавічаў (якую ў нас часта на польскі манер называюць Ягелонамі). Прадстаўнікі гэтай дынастыі былі вялікімі князямі літоўскімі, каралямі польскімі, чэшскімі, вугорскімі.
Спрэчку пра этнічную прыналежнасць Ягайлы развязвае ягоная грамата 1387 года, дзе ён адзначаў, што традыцыя абароны «нашай літоўскай зямлі па-народнаму называецца пагоняй», г. зн. далучаў сябе да сярэднявечнага беларускага этнасу — ліцьвіноў.
26. Што такое Крэўская вунія?
Крэўская вунія (ад лацінскага unio — задзіночанне, аб'яднанне) — гэта пагадненне паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім Каралеўствам, ажыццёўленае ў 1385 годзе. Паводле ўмоваў Крэўскай вуніі, выгадных і для Беларускага гаспадарства, Польшча ўступала з ім у хаўрус, а яе гаспадаром абвяшчаўся наш вялікі князь.
Пайсці на гэта палякаў прымусілі цяжкія абставіны. Найперш — экспансія з боку немцаў, якія няспынна каланізавалі польскія тэрыторыі. Да сярэдзіны ХІV стагоддзя Польшча не толькі страціла Сілезію, Памор'е ды іншыя землі, была адрэзаная ад мора, але і стаяла перад небяспекай поўнага анямечання. Дый з боку моцнага Беларускага гаспадарства над Польшчай заўсёды вісела пагроза, пацверджанне чаго — пераможныя ваенныя паходы Альгерда ў 1376 годзе і Ягайлы ў 1383–1384 гадах.
Каб не страціць сваёй дзяржаўнасці і не загінуць цалкам, палякі і вымушаны былі пайсці на хаўрус з Вялікім Княствам. 14 жніўня 1385 года паслы з Польшчы прыехалі ў Крэва (цяпер мястэчка ў Смаргонскім раёне) — рэзідэнцыю нашага вялікага князя і папрасілі яго стаць іхным гаспадаром. Ягайла пагадзіўся. Ён ажаніўся з Ядзьвігай і пераехаў у Польшчу, прызначыўшы сваім намеснікам у Вялікім Княстве Скіргайлу (Івана).
Варта зазначыць, што пазней, у ХV-ХVІІ стагоддзях на падставе сфабрыкаванага палякамі дакумента, што выстаўляўся імі як арыгінал Крэўскага пагаднення, у гістарычнай літаратуры (напачатку, вядома, польскай) запанавала процілеглая думка — пра нібыта ўваходжанне Вялікага Княства ў склад Польшчы.
Сфальсіфікаваны тэкст абавязацельства Ягайлы нагадвае акт безагаворачнай капітуляцыі. Недарэчнасць яго відавочная: за гонар ажаніцца з Ядзьвігай і насіць тытул караля Польшчы Ягайла нібыта абяцаў аддаць на патрэбы палякаў дзяржаўны скарб Вялікага Княства, заплаціць 200 тысяч фларынаў Вільгельму Аўстрыйскаму за адмову ад шлюбу з Ядзьвігай (гэта сума, за якую тады можна было купіць цэлую дзяржаву!) і ўвогуле ліквідаваць Вялікае Княства, далучыўшы яго да Польшчы і г.д.
Меркаванне пра тое, што вядомы акт Крэўскага пагаднення сфальсіфікаваны, пацвярджаецца далейшым ходам гісторыі. Так, у прывілеі Ягайлы, выдадзеным у 1387 годзе, гаворыцца пра поўную дзяржаўна-палітычную незалежнасць Беларускага гаспадарства. Дый у Востраўскім пагадненні 1392 года і Віленска-Радамскім акце 1401 года, падпісаных неўзабаве пасля Крэўскай вуніі, нічога не сказана пра інкарпарацыю Княства ў склад Польшчы.
Читать дальше