У друкарні ці, дакладней, у выдавецтве, што дзейнічала пры акадэміі, выходзілі падручнікі замежных моваў матэматыкі, паэтыкі і рыторыкі. Тут друкаваліся навуковыя трактаты, календары і літаратурныя зборнікі. У Полацку пабачылі свет «Слоўнік старажытнасцей» і «Лацінска-польскі лексікон», былі перавыдадзеныя творы Фэдра, Цыцэрона, Гарацыя, Тыбула, Непота. Выйшлі кнігі Пятра Скаргі, Язэпа Руцкага, Міхала Карыцкага, Яна Каханоўскага, Адама Нарушэвіча. 3 канца XVIII стагоддзя мясцовыя жыхары атрымлівалі «Каляндар Полацкі».
Выходзіў ілюстраваны літаратурна-навуковы часопіс на польскай мове «Месячнік Полацкі» (першы часопіс на сучасным абшары Беларусі), дзе побач з гістарычнымі, статыстычнымі і літаратуразнаўчымі матэрыяламі надрукаваны, да прыкладу, пераклад трагедыі Еўрыпіда «Арэст», зроблены віцяблянінам Янам Мігановічам.
Заснавальнікам часопіса быў выпускнік Полацкага калегіума філосаф Вінцэнт Бучынскі, адказным рэдактарам — прафесар фізікі i доктар філасофіі Юзаф Цытовіч (ён жа фігуруе ў дакументах і як «наглядчык музеума»), Аўтары — пераважна выкладчыкі і студэнты.
Праваслаўныя гісторыкі імкнуліся ўсяляк зняважыць «Месячнік Полацкі», называючы яго не іначай, як «журнальчиком». (Дый што іншае магло выходзіць у «гняздзе абскурантызму», як яны характарызавалі акадэмію?) Між тым, часопіс меў шэсць аддзелаў: літаратуры і вольных навук, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гістарычны, крытыкі і літаратурных навінаў. У чатырнаццаці нумарах, якія паспелі пабачыць свет з 1818 да 1820 года, змешчаныя 85 артыкулаў у тым ліку ўрыўкі са старажытных рукапісаў акадэмічнай бібліятэкі. Тытульны ліст кожнага выпуска аздаблялі словы Гарацыя: «Quid verum atque decens curo et rogo, et omnis in hoc sum. — Што праўдзіва i прыгожа, пра тое клапачуся і пытаюся і ўвесь таму адданы».
Перагорнем старонкі трох першых сшыткаў «Месячніка» за 1818 год, дзе друкаваліся «Кароткія звесткі пра Полацк». 3 іх можна, у прыватнасці, даведацца, што з 1782 да 1817 года найвышэйшая тэмпература ў горадзе была 22 ліпеня 1805 года — +30,5 °C, а найніжэйшая 26 студзеня 1816 года — -32 °C.
Часопіс паведамляе, што ў Полацку васемнаццаць садоў пераважна вішнёвых і яблыневых. 3 дванаццаці вялікіх вуліц толькі тры брукаваныя, а па 34 малых увесну лепей прабірацца, трымаючыся як мага бліжэй да плота. Праз горад праходзяць тры паштовыя тракты (пецярбургскі, рыжскі ды віцебска-магілёўскі) і пяць купецкіх: віленскі, лепельскі і бешанковіцкі на левым баку Дзвіны, дзісненскі з невельскім — на правым. Шырыня Дзвіны сягае 90 сажняў («вада чыстая і здаровая»), а Палаты — 20 сажняў.
Насельніцтва: 171 духоўная асоба, 2178 хрысціянаў 9 цыганоў і 2588 яўрэяў. Высокая смяротнасць, асабліва сярод яўрэйскіх дзяцей. У 1817 годзе памерла 85 хрысціянскіх дзяцей і 308 юдзейскіх. Яўрэі не дазвалялі рабіць сваім малым прышчэпкі супраць воспы, што і было галоўнай прычынаю шматлікіх смярцей.
Чытаем далей. У Полацку 932 дамы, з іх 59 мураваныя. Тры разы на тыдзень — у нядзелю, сераду і пятніцу — у горадзе таргі. Двойчы на год — кірмашы: Краснік і Збор. На Зборы 1817 года бочка (прыблізна 500 літраў) жыта каштавала 40 рублёў асігнацыямі, пшаніцы — 55, аўса — 18, ячменю — 16, грэчкі — 25, гароху — 35.
Як сведчыць артыкул, акадэмія займалася дабрачыннасцю. 56 дзяцей беднай шляхты мелі дармовае жытло, кнігі, ежу і лекі. 67 полацкіх шкаляроў задарма кармілі. Дзяўчаты-беспасажніцы вучыліся ў доме для бедных. Езуіты апекаваліся і адной з дзвюх гарадскіх багадзельняў.
За гады сваёй дзейнасці (1787–1820) полацкае выдавецтва, пры якім існавала кнігарня, выпусціла больш за паўтысячы назваў кніг пераважна на польскай і лацінскай, а таксама на расійскай, італьянскай, нямецкай, французскай і іншых мовах, у тым ліку літоўскай і латышскай. Па-беларуску выходзілі, праўда, толькі зборнікі духоўных песняў. (Дзе ты, сучаснае полацкае выдавецтва?)
Папаўняліся экспанатамі музей і карцінная галерэя. (На начатку гэтага стагоддзя ў адным з адрэстававаных карпусоў колішняй Акадэміі адчынілася Полацкая галерэя з багатым зборам беларускага мастацтва XVIII–XX стст.) Студэнты і выкладчыкі змайстравалі славуты сонечны гадзіннік, які знаходзіўся на акадэмічным пляцы і заўсёды збіраў шмат народу, бо апрача таго, што паказваў час, даваў багата іншай астранамічнай інфармацыі.
Сорак тысяч тамоў налічвала акадэмічная бібліятэка, якая была ў XIX стагоддзі найбагацейшым кнігазборам у Беларусі. Тут захоўваліся Полацкія евангеллі — тры рукапісы XII-ХIV стагоддзяў на пергамене (цяпер у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Разам з імі гонарам бібліятэкі былі калекцыя велікакняжацкіх і каралеўскіх грамат і не менш каштоўны збор Біблій XVI–XVII стагоддзяў, які налічваў каля ста кніг. Захавалася апісанне галоўнай бібліятэчнай залы. На ўваходзе, у нішы паміж двума маршамі сходаў быў гіпсавы грот са статуямі Дзевы Марыі з немаўлём і ўкленчанага перад імі Лаёлы. Паабапал дзвярэй наведніка сустракалі гадзіннік з боем і ртутны барометр у паліраваных жоўтых футлярах. У самой бібліятэцы — дваццаць даўжэзных разьблёных шафаў з цёмнага дрэва з бюстамі і вазамі ды яшчэ шэсць меншых. Дзевяць масіўных сталоў на паўтара сажня даўжынёю і пры кожным — пяць абцягнутых скураю крэслаў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу