Уражаны адукаванасцю полацкага прафесара імператар з прыемнасцю бавіў з ім вечары. Неяк Павел паскардзіўся, што ў сталіцы ніхто не ўмее гатаваць такі смачны шакалад, які ён піў некалі ў італьянскім езуіцкім кляштары. Грубэр прапанаваў свае паслугі, i, пакаштаваўшы напой, цар пацвердзіў: у Італіі яго частавалі дакладна такім.
Прафесар атрымаў дазвол наведваць імператара ў любы час і заходзіць у кабінет без дакладу. Пад уплывам Грубэра Павел I у 1801 годзе дабіўся ад Ватыкана афіцыйнага прызнання езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі. Пра давераную асобу цара дачуўся Напалеон. Ён наладзіў з прафесарам таемнае ліставанне, маючы на мэце разарваць хаўрус Санкт-Пецярбурга з Лонданам. Неўзабаве расійскія газеты ўзяліся ганіць усё англійскае. Справа ішла так паспяхова, што быў спалены ўвесь наклад выдадзенага ў полацкай езуіцкай друкарні календара на 1800 год, куды трапіў ухвальны артыкул пра брытанскі каралеўскі флот.
Грубэр заняў пасаду рэктара створанага ім у Пецярбургу калегіума. Тут вучыліся сыны шмат каго з расійскіх арыстакратаў. Дзевяць выпускнікоў сталі ўдзельнікамі снежаньскага паўстання 1825 года на Сенацкай плошчы, і гэта дало падставы аднаму з гісторыкаў ордэна сцвярджаць, што ідэі дзекабрызму ўзгадаваныя Таварыствам Ісуса. (У 1991 годзе на італьянскім востраве Капры адбыўся адмысловы семінар на гэтую тэму.)
У 1802 годзе айца Габрыэля абралі генералам ордэна. Яго называлі «душой, розумам і правадыром беларускіх езуітаў». Можна ўявіць, колькі ворагаў у праваслаўнай сталіцы прагнулі яго смерці. Праз тры гады пецярбургская рэзідэнцыя Таварыства Ісуса загарэлася і езуіцкі генерал задыхнуўся ў дыме. Прах прывезлі ў Полацк і пахавалі побач з парэшткамі іншых генералаў у сутарэннях Спасаўскага храма. (У 1808-м у сталіцу Таварыства Ісуса быў перанесены з Пінска прах закатаванага ў 1657 годзе і кананізаванага Рымам прапаведніка Андрэя Баболі.)
Магчыма, у свае апошнія хвіліны Грубэр успомніў даўнюю мару: ператварыць Полацкі калегіум у другі пасля Віленскага універсітэт на землях былога Вялікага Княства.
План Габрыэля Грубэра ажыццявіў наступны генерал ордэна паляк па нацыянальнасці Тадэвуш Бжазоўскі (1749–1820). У 1782 годзе гэты варты нашай памяці сябра Таварыства Ісуса атрымаў у Полацкім калегіуме кафедру тэалогіі; адначасова ён выкладаў французскую мову і распачаў актыўную дзейнасць у перакладзе твораў французскай і італьянскай літаратур. Маючы прамоўніцкія здольнасці і добра валодаючы пяром, Бжазоўскі паспяхова падтрымліваў сувязі з уплывовымі расійскімі палітыкамі Р. Пацёмкіным, А. Галіцыным, А. Разумоўскім. Апошняму ён і падаў у 1810 годзе просьбу аб стварэнні ў Полацку акадэміі.
Надзейным і моцным хаўруснікам Бжазоўскага ў гэтым клопаце стаў вядомы ў Еўропе філосаф і дыпламат граф Жазэф дэ Мэстр, які тады служыў у Расіі пасланнікам сардзінскага караля і меў значны ўплыў на цара і многіх пецярбургскіх арыстакратаў. Праграмаю дэ Мэстра была еўрапеізацыя ў Расійскай імперыі ўлады і адукацыі, і галоўную стаўку ў дасягненні мэты ён рабіў на беларускіх езуітаў. У лістападзе 1811 года на асабістай сустрэчы з Аляксандрам I сардзінскі граф дабіўся згоды на адкрыццё ў Полацку вышэйшай навучальнай установы. Імператар быў ужо падрыхтаваны, бо за месяц да аўдыенцыі атрымаў праз А. Галіцына афіцыйны рапарт на сваё імя, напісаны Тадэвушам Бжазоўскім.
Дэманструючы да Таварыства Ісуса спадчынную прыхільнасць, імператар Аляксандр I 12 студзеня 1812 года выдаў указ: «Во уважение представленного Нам желания Белорусского дворянства и пользы для наук от соревнования между несколькими училищами равной степени, признали Мы за полезное возвести Полоцкую иезуитскую коллегию на степень Академии с присвоением ей преимуществ, дарованных университетам». Alma mater Polocensis стала шостай па ліку ў Расійскай імперыі вышэйшай навучальнай установай з універсітэцкім статусам.
У пераліку дадзеных акадэміі прывілеяў было запісана: «Академия имеет право возводить в ученые степени, как то: в достоинство магистров и докторов свободных наук и философии, также в доктора богословия и права. По уважению того, что Полоцкая академия возведена на равную степень с университетами, существующими в государстве, аттестаты, от оной выдаваемые, имеют равную силу с аттестатами, выдаваемыми от помянутых университетов. Студенты, удостоенные по испытанию аттестатов и похвальных свидетельств от ректора академии, при вступлении в службу получают чины 14 класса (калежскі рэгістратар. — У. А.). Академия может беспрепятственно выписывать из чужих краев, как морем, так и сухим путем, все нужные инструменты и книги… Все здания, принадлежащие академии, равно и загородный дом, близ Полоцка состоящий, дабы профессоры и самые ученики могли во всякое время ходить туда для пользования чистым воздухом и отдохновением от тягостных ученых занятий, будут свободны от военного постоя. В академии позволено будет пользоваться знаками отличия, введенными в употребление во всех академиях европейских». Згодна са статутам, у Полацкую альмаматэр прымаліся юнакі ўсіх саслоўяў і канфесій.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу