Усё гэта чынілася, аднак, на левым беразе Дзвіны, у іншай дзяржаве, а на правабярэжжы адбываліся рэчы, на першы погляд, неверагодныя. Замест таго, каб выкарыстаць пастанову Клімента ХІV для выгнання езуітаў праваслаўная імператрыца давала ім прывілей за прывілеем. Палітыка ордэна святкавала перамогу над самім рымскім папам.
Механізм перамогі быў досыць просты. Калі беларускія землі далучылі да імперыі, уніяцкае і лацінскае духавенства стала да новай улады ў адкрытую апазіцыю. Прысягаць на вернасць Кацярыне яно не спяшалася, адпаведным чынам настройвала і вернікаў. Выконваючы царыцын наказ, людзі генерал-губернатара Чарнышова нястомна сачылі за паводзінамі езуітаў і слалі ў сталіцу поўныя здзіўлення рэляцыі, чытанне якіх прыносіла Кацярыне не трывогу, а зусім іншыя пачуцці. Полацкія езуіты першыя прысягнулі ёй і з гэтае прычыны адправілі ў саборы святога Стэфана ўрачыстае набажэнства. Літургія прайшла ў храме і ў дзень імянінаў імператрыцы.
Mяінчане i шляхта слухалі казанні ў яе гонар і таксама пачыналі прысягаць расійскаму трону.
Рэктар Полацкага калегіума Станіслаў Чарневіч выправіўся ў Санкт-Пецярбург. Дэпутацыя не марнавала часу. Чарневіч зачараваў вучонасцю і манерамі беларускага генерал-губернатара, а полацкі прапаведнік Язэп Катэбрынг так уразіў імператрыцу красамоўствам, што атрымаў пажыццёвую пенсію. «Надо сознаться, что эти мошенники — отличные люди, — пісала Кацярына ў лісце. — Нигде еще не смогли устройть что нибудь подобное их школам».
Імператрыца выдатна разумела выгоды сяброўства з езуітамі. Па-першае, яна ставіла сабе на службу багаты ордэн і заваёўвала сімпатыі новых падданых каталіцкага веравызнання. Па-другое, не трацячы ні рубля, захоўвала на далучаных землях высокаразвітую сістэму адукацыі. Абараняючы айцоў-езуітаў Кацярына распачала з папскім дваром барацьбу, якая напоўніла архіў расійскага міністэрства замежных справаў заявамі і нотамі, дзе Полацк згадваўся часцей за любую іншую кропку на геаграфічнай карце. Бясконца гаварылі пра далёкі беларускі горад і ў Ватыкане. Чуючы пра Полацк, папы моршчыліся, быццам ад зубнога болю: недзе там багацеў і набіраў сілу забаронены імі ордэн.
Сгіробы папаў уздзейнічаць на Кацярыну праз еўрапейскіх манархаў не далі плёну. У межах сваёй праваслаўнай імперыі царыца не дазволіла ні надрукаваць, ні публічна абвясціць пастанову пра скасаванне ордэна. На ўсе ўшчуванні і пагрозы з Ватыкана полацкія езуіты, сціпла апусціўшы вочы, з тонкай усмешкаю адказвалі, што дзеля выканання рымскіх загадаў яны гатовыя ахвяраваць нават уласным жыццём, ды гэтага не дазваляюць ім свецкія расійскія ўлады.
Папскі нунцый Аркеці сядзеў у Варшаве з заданнем што б там ні было знішчыць непакорлівы ордэн. У Полацк таемна паехаў нунцыяў агент-святар. Паводле распрацаванага плана, той павінен быў заявіцца ў калегіум, сабраць у залу ўсіх манахаў і прачытаць ім папскі загад аб забароне Таварыства Ісуса. Езуіцкія выведнікі таксама не сядзелі склаўшы рукі. Не паспеў пасланец Аркеці ступіць на правы бок Дзвіны, як мусіў блізка пазнаёміцца з паліцыяй, развітацца са сваімі паперамі і сесці назад у човен.
Полацкія езуіты ўсё больш убіраліся ў сілу. Мы ўжо ведаем, як пышна яны прымалі імператрыцу. У Пецярбургу манахі знайшлі сабе апекуна ў асобе царыцынага фаварыта князя Пацёмкіна. Самы магутны чалавек у імперыі прагнуў пераканаць сябе і астатніх, што ён ніякі не выскачка, не просты смаленскі шляхціч, а вядзе радавод ад старой і знакамітай фаміліі. Езуіты хутка знайшлі адпаведныя дакументы, і новы рэктар Полацкага калегіума Францішак Каро быў з Пацёмкіным ужо ў такім сяброўстве, што разам з лістамі абавязкова пасылаў яму тузін пляшак мёду-трайняку са сваіх скляпоў.
Кацярына дала дазвол адчыніць у Полацку навіцыят — установу для падрыхтоўкі езуіцкіх паслушнікаў-навіцыяў. У лютым 1780 года некалькіх навіцыяў урачыста прынялі ў забаронены ордэн. Вестка пра гэта разнеслася па еўрапейскіх краінах і перасекла на караблях акіян. Яна азначала, што Полацк зрабіўся сталіцаю Таварыства Ісуса.
Езуіцкія місіі існавалі і ў іншых беларускіх гарадах, але Таварыства Ісуса абрала для сваёй часовай сталіцы менавіта Полацк. У гэтым, безумоўна, выяўлялася разуменне выключнай ролі горада ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. Гнаныя прыхільнікі ордэна знайшлі горад на картах і рушылі туды з усяго свету. Дзвінскія берагі замянілі ордэну берагі Тыбра. (Гэта доўжылася да 1814 года, калі папа Пій VII выдаў булу пра аднаўленне Таварыства Ісуса і ім зноў пачалі кіраваць з Рыма.)
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу