…Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю ўсе выконваюць рэлігійныя абавязкі! Пасты, падрыхтоўка да споведзі — якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты чацвер кожны клас з настаўнікам наведвае астрогі і шпіталі, раздаючы ўсюды грошы і міласціну.
У езуіцкіх школах вакацыі пачыналіся звычайна першага жніўня… У той дзень Полацк мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе: адны ехалі на ўрачыстасці ў дзень святога Ігнація Лаёлы; другія — каб падзякаваць за турботы тым, хто выхоўваў іх дзяцей; іншыя — «каб пабыць у тэатры», бо вучні рыхтавалі да гэтых дзён пастаноўку…» [19] Урыўкі са «Шляхціча Завальні» падаюцца ў перакладзе з польскай мовы Міколы Хаўстовіча.
У фантастычных аповедах Яна Баршчэўскага блукае па полацкім наваколлі таямнічая Плачка, аплаквае заняволеную зямлю, дзе чужынцы завялі свае парадкі. Калі пісалася кніга, сяброў Таварыства Ісуса ў Полацку ўжо не было, ніводнага з іх не засталося і ва ўсёй імперыі. Тым не менш, прынамсі, двух праваслаўных расійскіх манархаў самы каталіцкі на свеце ордэн успамінае цёплым словам. Манархі гэтыя — Кацярына II і Павел I. Я не здзівіўся б, даведаўшыся, што ў сённяшняй галоўнай ордэнскай рэзідэнцыі вісяць іх партрэты, а паміж імі — гравюра з барокавымі сілуэтамі старадаўняга Полацка.
Адразу пасля захопу ўсходняй Беларусі Кацярына пісала генерал.губернатару Чарнышову: «Иезуитским монастырям и училищам сделайте особую опись. Вы за сими наипаче недреманно смотреть имеете, яко за коварнейшими из всех прочих латинских орденов». Здавалася, пасля такіх словаў сябрам Таварыства Ісуса трэба было пакаваць валізы. Але муза гісторыі Кліо ўжо пякла на сваёй кухні адзін з парадоксаў эпохі.
Рымскія папы называлі езуітаў «вачыма свайго розуму». Яго святасць Клімент_/ХIV трымаўся іншай думкі. Пасварыўшыся з ордэнам, ён вырашыў, што пражыве і без гэтых занадта пільных вачэй. У 1773 годзе ён выдаў булу пра скасаванне Таварыства Ісуса і пазбавіў яго ўсіх пасадаў, маёмасці і навучальных установаў.
На левабярэжжы Дзвіны, якое засталося ў Рэчы Паспалітай, апісвалі езуіцкія маёнткі велікакняжацкія рэвізоры. Архівы захавалі іх справаздачу, і мы, хоць крыху і адхілімся ўбок ад тэмы, усё ж не прамінём выпадку асцярожна пагартаць ломкія старонкі.
Экімань пакінула ў рэвізораў невясёлае ўражанне. Мяшчане скардзіліся, што манахі забралі ў калегіум старыя граматы на карыстанне выганамі ды лясамі і на права гнаць гарэлку, а ў выніку доўгага пастою царскіх салдатаў мястэчка зусім заняпала. У тагачаснай Экімані былі драўляны касцёл, прыходская уніяцкая царква і вялікая гаспода, дзе мясціўся расійскі лазарэт. За чвэрць мілі адсюль пачыналася Бельчыцкая слабада, якую тады чамусьці называлі Кабаком. Экіманскаму фальварку падпарадкоўваліся вёскі Хаценічы і Палюдавічы — з касцёлам і рэзідэнцыяй каталіцкіх місіянераў.
Казімірова на дзвінскім беразе насупроць Струні мела будаўнічы лес, тры азярыны і добры млын. Касцёл святога Казіміра стаяў нахіліўшыся і ніякіх каштоўнасцей, апрача абразоў, не меў. Падрабязна апісаўшы Туроўлю, Загацце, Мосар, Наўліцы і больш далёкія ад Полацка маёнткі, рэвізоры ў другой частцы справаздачы пераходзяць да выстаўленых езуітам прэтэнзій.
Полацкая шляхта несла камісарам вялікага князя закладныя паперы, дамовы і запаветы, даводзячы правы на забраную ў ордэна маёмасць. Прэтэнзіі да Таварыства Ісуса былі ў полацкага канюшага Падзвінскага, паноў Ігната Садоўскага, Каспара Чыжа, Пятра Шыстоўскага, Рамана Крука, Міхала Бяганскага, Базыля Валькоўскага, у браслаўскага падкаморага Мірскага, земскага суддзі Полацкага ваяводства Пятра Буйніцкага. На сваю долю ў дзяльбе смачных езуіцкіх пірагоў разлічвалі духоўныя асобы: прыёр Барысаглебаўскага кляштара Чудоўскі і прадстаўнік уніяцкага арцыбіскупа Аўгусцін Война — манах-базылянін і полацкі архівіст. У рэвізорскіх вопісах сустракаюцца і іншыя прозвішчы ваколічнай шляхты: Булгакі, Бутовічы, Бялевічы, Васілеўскія, Вішыцкія, Іласковічы, Жабы, Корсакі, Рэуты, Стаброўскія, Цяліцы, Шышкі…
Цікава зазірнуць у тую частку «рэвізіі», дзе гаворыцца пра шляхі павелічэння панскіх прыбыткаў і паляпшэння сялянскіх гаспадарак. У прыватнасці, у фальварках прапануецца стварыць збожжавы фонд дапамогі сялянам, штогод прадаваць кожнаму двару ў крэдыт і па самых нізкіх коштах паўбочкі солі, пару лемяшоў, касу і дванаццаць пачкаў тытуню. Панам раілі паклапаціцца, каб мужыкі заводзілі пчолы і садзілі сады. «Трэба таксама палепшыць жыццё падданых, — пісалі рэвізоры, — і дабіцца, каб кожны меў бульбу. Тады ён і збожжа захавае, і травы есці не будзе».
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу