Увесну 1794 года Літва-Беларусь і Польшча выбухнулі паўстаннем, правадыром якога стаў беларус з паходжання Тадэвуш Касцюшка. На літоўскіх-беларускіх землях інсургентамі кіраваў трыццацітрохгадовы палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён быў гарачы прыхільнік ідэяў Французскай рэвалюцыі, хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялянаў вершаваныя пракламацыі. Паўстанцы спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы акавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Здрада ёсць ужо ў сенаце,
А мы будзем сніць у хаце?
Возьмем косы ды янчаркі,
Будзем гордыя гнуць каркі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі!
Рубаць будзем маскалюшкі!
Паўстанцы ўзялі Браслаў. Недалёка адтуль ваяваў атрад Міхала Клеафаса Агінскага, які напісаў не толькі славуты паланез, але і «Марш паўстанцаў 1794 года». 3 занятай інсургентамі Вільні іх 3-тысячная калона набліжалася да Паставаў. У шэрагах змагароў ваяваў ужо немалады пасол сойму і патрыёт Вялікага Княства Тадэвуш Корсак, малой радзімаю якога была полацкая вёска Заскаркі. На пачатку паўстання ён з’явіўся ў Вільні на чале некалькіх дзесяткаў узброеных уласных і навакольных сялянаў. У жніўні 1794-га Корсак атрымае ад Касцюшкі званне генерал-маёра, а ў лістападзе загіне падчас абароны Пражскага прадмесця Варшавы і разам з Якубам Ясінскім знойдзе вечны зямны прыстанак пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».
Паўстанне не мела шанцаў на перамогу. Касцюшка баяўся абаперціся на просты народ. Яго палохала рэвалюцыйная праграма Якуба Ясінскага і намер таго аднавіць дзяржаўную самастойнасць Вялікага Княства. Адначасова царызм вёў хітрую прапаганду сярод беларускіх сялянаў, абяцаючы ім забраную ў «паноў-бунтаўшчыкоў» зямлю.
Жалезнай хваткаю душыла паўстанне рэгулярная, загартаваная ў захопніцкіх паходах армія. На чале яе стаяў Аляксандр Сувораў. На працягу ўсёй сваёй кар’еры ён аддана служыў жандарскай палітыцы царызму і, дарэчы, не ўдзельнічаў ні ў адной абарончай вайне. Для Расіі ён сапраўды выдатны палкаводзец, для Беларусі — найперш карнік, камандзір захопнікаў. За здзейсненыя яго салдатамі ў 1794 годзе крывавыя подзвігі імператрыца падаравала Сувораву Кобрынскую воласць і іншыя беларускія землі з 13 279 душамі прыгонных сялянаў-мужчын. Значыцца, агулам генерал-фельдмаршал атрымаў у падарунак болей за 25 тысяч беларусаў.
Пазбаўленыя нацыянальнае годнасці нашчадкі паўстанцаў будуць зусім спакойна ўспрымаць тое, што імем Суворава названыя ў Беларусі 60 вуліц у гарадах і мястэчках. Гэта пры тым, што вуліцы імя Касцюшкі ў нас можна пералічыць на пальцах адной рукі. А ёсць жа яшчэ сувораўская вучэльня, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава.
Што б сказалі людзі Якуба Ясінскага, каб убачылі кветкі ля пастаўленых на беларускай зямлі помнікаў Сувораву? Але кветкі вы сустрэнеце ўжо і ў Відзах пад Браславам, на магіле нашага суайчынніка генерала Тамаша Ваўжэцкага, што пасля паланення Касцюшкі ўзначальваў збройныя сілы паўстанцаў. Першымі ў наш час знайшлі туды сцежку сябры полацкага гістарычнага клуба «Вытокі».
1795-ы стаўся годам трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і яе гістарычнага скону. Былы фаварыт імператрыцы, былы вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст 25 лістапада падпісаў адрачэнне і ператварыўся ў вязня. Пазалочаны каралеўскі трон прывезлі з Варшавы ў Пецярбург, і імператрыца распарадзілася прыстасаваць яго для сваіх штодзённых фізіялагічных патрэбаў а папросту кажучы, ператварыла ва унітаз. На ім, дарэчы, увосень 1796 года яе і разбіў параліч.
Станіслаў Аўгуст перажыў жанчыну, якую некалі называў «уладаркаю свайго сэрца і лёсу», на паўтара года. Павел I дазволіў яму пасяліцца ў Пецярбургу, дзе ён і быў без усякіх урачыстасцей пахаваны ў касцёле на Неўскім праспекце. Улетку 1939-га прах манарха вярнуўся на радзіму і быў перазахаваны ў Траецкім касцёле радавога маёнтка Воўчын пад Берасцем. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл з прахам Станіслава Аўгуста абрабавалі. Шукаючы золата, зладзеі растрыбушылі ўсю каралеўскую магілу. Тамтэйшыя жыхары апавядаюць, што вясковы каваль забраў сабе пазалочаную карону і любіў танцаваць у ёй на вяселлях.
Перш чым пагаварыць пра драматычныя вынікі далучэння Беларусі да Расійскае імперыі, зазначым, што ў 1796 годзе адбылася чарговая бюракратычная перабудова: Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы аб’ядналі ў Беларускую губерню з цэнтрам у Віцебску. Прабыўшы дваццаць гадоў губернскай сталіцаю, Полацк мусіў задаволіцца рангам павятовага горада. Услед за адміністрацыйнымі чынамі ў Віцебск пацягнуліся заможныя жыхары, асабліва купецкага стану. Гарадскія ўлады зачынілі народную вучэльню. Да ўсіх гэтых непамыслотаў дабавіўся пажар, які вынішчыў 240 дамоў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу