Гэты факт рабавання пацвярджаецца і полацкім інвентаром 1712 года: «Чудотворный Образ Пресвятой Девы, находившийся в Кафедральной церкви Полоцкой, увезен комендантом Озеровым в Смоленск».
У сутарэннях сабора мясцілася царскае парахавое сховішча.
Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра. I такая іскра ўспыхнула 1 траўня 1710 года, якраз напярэдадні — дзіўнае супадзенне! — адыходу з Полацка расійскіх войскаў.
Выбух знішчыў сцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў калоны і скляпенні. Куродымныя руіны трыццаць гадоў стаялі на Верхнім замку, выклікаючы ў сэрцах у палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія страты роднай зямлі.
За Паўночную вайну трохмільённы беларускі народ скараціўся на восемсот тысяч.
Зрэшты, першы расійскі імператар, як вядома, не цырымоніўся і са сваімі падданымі. «Дабы защитить Отечество от врагов, Пётр опустошил его больше всякого врага», — пісаў Васіль Ключэўскі.
У палітычным запавеце цар адкрыта сказаў, што народ трэба трымаць у беднасці, бяспраўі і непісьменнасці, каб лягчэй выкарыстоўваць і «расходовать» яго на дзяржаўныя патрэбы.
Сучасны расійскі гісторык Ігар Буніч наогул бачыць у асобе Пятра крывавага маньяка. Згадваючы шматлікія пакаранні смерцю (напрыклад, насельніцтва сібірскага горада Тараўца, «уличенное в расколе», воляю цара было ўсё цалкам, улучна з немаўлятамі, пасаджанае на палі), Буніч падае і такі факт: «У прысутнасці імператара дваццацідвухгадовай дзяўчыне (прыдворнай красуні Марыі Гамільтон. — У. А.), нягледзячы на яе маленні, адсякаюць галаву. Пётр бярэ мёртвую галаву з эшафота, цалуе яе ў вусны, нечакана для ўсіх падымае над натоўпам і пачынае чытаць лекцыю з анатоміі, тлумачачы, «какая жила в голове для чего предназначена»».
У Полацк вярнулася толькі малая частка месцічаў, рассеяных ліхалеццем па свеце.
У 1716 годзе сойм Полацкага ваяводства паслаў у Вільню дэпутацыю з просьбаю вызваліць горад ад падаткаў. Ён так збяднеў, што абраныя праз дзесяць гадоў бурмістры не мелі за што паехаць на зацвярджэнне да войта. Даваеннай колькасці насельніцтва Полацк дасягнуў адно ў 70-я гады XVIII стагоддзя, калі ў ім зноў налічвалася блізу тысячы дамоў.
1738 год у полацкіх аналах пазначаны пачаткам адбудовы святой Сафіі. Нялёгкі клопат усклаў на сябе уніяцкі арцыбіскуп Фларыян Грабніцкі — ужо за адно гэта ён варты нашай удзячнасці. На запрашэнне ўладыкі Фларыяна з Вільні прыехаў вядомы ў Вялікім Княстве дойлід Ян Глаўбіц.
Перад выбухам парахавога сховішча Сафія мела выгляд храмафартэцы з прысадзістымі вежамі. У 1750 годзе сабор канчаткова набыў добра знаёмае нам сучаснае аблічча і стаў выдатным помнікам архітэктуры так званага віленскага барока. Я. Глаўбіц і кіраўнік муляраў Б. Касінскі ўштукавалі ў новы храм падмурак і часткі сценаў ранейшай Сафіі — не столькі дзеля эканоміі, як з павагі да старажытных дойлідаў а яшчэ — каб паказаць пераемнасць уніяцтва ў дачыненні да праваслаўя.
Новы сабор павінен быў сцвярджаць самастойнасць і сілу уніяцкае веры.
Ад яруса да яруса імкнуць у вышыню вежы, якія робяць усю велічэзную спаруду зграбнай і лёгкай. У суладнасці са знешнім абліччам — унутранае: багатая ляпніна, васьмікалонны алтар. 3 блакітнага нябеснага астраўка над ім глядзіць Тройца: Хрыстос і Саваоф, над якімі ўвасабленнем Святога Духа лунае голуб.
Цёплая палевая афарбоўка сценаў урачыста спалучаецца з пазалотаю і белым колерам алтароў. Напрыканцы ХIX стагоддзя гзымсы (карнізы) галоўнага алтара яшчэ былі ўпрыгожаныя скульптурамі святых. У 1752-1768 гадах побач з саборам падняліся, утвараючы з ім адзіны ансамбль, трохпавярховыя карпусы мужчынскага базылянскага кляштара, знішчаныя ўжо ў XX стагоддзі.
Адноўленая, а дакладней, нанова пабудаваная Сафія шмат пабачыла. Была здратаваная Унія, прыйшлі праваслаўныя, якія, між іншым, занядбалі храм да таго, што ў час пераносу мошчаў святой Еўфрасінні набажэнствы там адбываліся толькі адзін месяц на год.
За савецкім часам сабор служыў то збожжасховішчам, то архівам. Была ідэя стварыць там музейную экспазіцыю, але пасля палічылі, што для музея Полацку хопіць і разоў у дзесяць меншай лютэранскай кірхі.
У Другую сусветную вайну вежы Сафіі зрабіліся арыенцірамі для артабстрэлаў і бамбавання, у выніку якіх амаль дазвання быў разбураны гістарычны цэнтр горада, што потым спісалі на нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу