Каб пазбыцца сумнеўнай славы забойцы духоўных асобаў, Пётр пад уплывам свайго хаўрусніка Аўгуста II і з аглядкаю на рымскага папу выдаў полацкім базыльянам універсал на вольную адправу набажэнства і вызваленне кляштарных маёнткаў ад усялякіх павіннасцей. Паводзіны імператара і яго людзей сведчаць, чаго быў гэты дакумент варты. Параненых манахаў, што прыбеглі ў дзень злачынства ратаваць вікарыя ды архімандрыта, цар зняволіў, а Сафію і базылянскія кляштары аддаў на рабаванне салдатам. Тыя выцягнулі з храма ўсе каштоўнасці і тры тысячы злотых, а начальніку полацкага гарнізона прыйшоў загад скаргі «богомерзких» грэка-католікаў не разглядаць.
Выступіўшы перад сабранаю ў Полацк беларускай шляхтай, імператар папярэдзіў: няхай уніяты і надалей не чакаюць літасці. Тут царскае слова не разыходзілася з чынам. Узімку 1707 года да полацкіх айцоў-базылянаў прыйшлі журботныя навіны з Менска. Расійская кавалерыя абчысціла там жаночы уніяцкі манастыр святой Тройцы (ад яго пайшла назва сённяшняга Траецкага прадмесця). Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (цяпер пляц Волі) ды іншых храмаў і кляштараў. Па слядах гэтых рабаўнікоў ішлі царскія казакі і калмыкі. Здабычы засталося мала, таму казакі палезлі і ў цэрквы да аднаверцаў. Менскае праваслаўнае брацтва заклікала месцічаў да зброі, і рабаўнікі атрымалі адпор на Нямізе.
Ад такіх саюзнікаў Беларусь за гады Паўночнай вайны зазнала гора не меней, чым ад шведаў. Продкі апынуліся паміж двух агнёў, і разабрацца, які пячэ мацней, было нялёгка. Нядзіва, што віцябляне прызналі новым валадаром Станіслава Ляшчынскага і таемна паслалі шведскаму каралю сем тысяч талераў. Даведаўшыся пра «здраду», Пётр даў казакам і калмыкам каманду падпаліць места Віцебскае з усіх бакоў. Згарэлі замкі, ратуша, чатыры касцёлы і дванаццаць цэркваў.
Наогул расійскі імператар і яго вяльможы трымаліся на Літве-Беларусі не як хаўруснікі, а як акупанты або, у лепшым разе, глядзелі на яе, быццам на сваю вотчыну. Магілёўскі ігумен Арэст пакінуў запіскі пра побыт у горадзе князя Меншыкава. Яны дазваляюць уявіць, як тое магло адбывацца і ў Полацку.
Князь і вялікая світа ехалі ў Магілёў з азіяцкаю пышнасцю на вярблюдах і мулах. Каб залагодзіць небяспечнага госця, магістрат сустрэў яго хлебам-соллю, бочкаю вугорскага віна і багатымі дарункамі. Усё было марна. Афіцэры па-гаспадарску сталі на пастой у дамах у заможных месцічаў, а князь з дваром уладкаваўся ў замку і запатрабаваў ад горада ўзяць на сябе поўнае, «ад вялікіх да малых патрэбаў», забеспячэнне расійскага войска.
«3 прычыны загаду, — піша ігумен Арэст, — дастаўлялі князю віно венгерскае і французскае бочкамі, мёд і піва варамі, капусту і соль бочкамі, штодзённа вала жывога, колькі дзесяткаў бараноў, гусей і курэй статкамі і чародкамі, хлеба сітнага і ружовага на ўсякі дзень па 100 булак, гарэлкі простай і наліўкі моцнай меркамі, мыла на мыццё бялізны па колькі дзесяткаў фунтаў на тыдзень, рыбы прасольнай вазамі, а жывой — колькі магчыма было даставаць, рыбы вяленай пудамі, вострыя прыправы, разынкі, міндаль па колькі дзесяткаў фунтаў, жалеза на каванне коней і акоўку караванаў пудамі, мукі пшанічнай найлепшай меркамі, рыбы асятрыны цэлымі асетрамі і пасечанымі, рыбы саміны на колькі дзесяткаў фунтаў, калачы печаныя штодзённа былі дадзеныя, за выключэннем святочных дзён, штодзённа таксама бліны грачаныя па колькі дзесяткаў і масла каровіна. А таксама, калі чаго-небудзь здарыцца не паставіць, тады магістрацкія асобы браны пад варту і экзекваваны, штрафаваны».
Магілёў дачакаўся і падзякі за гасціннасць. Горад, што лічыўся тады адным з найпрыгажэйшых у Еўропе, быў разрабаваны і дашчэнту выпалены. На працягу месяца па царовым загадзе былі таксама спаленыя Орша, Быхаў, Мсціслаў… Менавіта Пётр загадаў знішчыць замак Белы Ковель у Смалянах пад Оршай, руіны якога і сёння нагадваюць пра нашага «саюзніка».
Цар Пётр пакараў і саму святую Сафію. Адразу па забойстве пяці святароў, храм апячаталі і зрабілі вайсковым складам. Тут трымалі амуніцыю, а часам і коней. Полацкі грэка-каталіцкі ігумен Лаўрэн пісаў у Рым папу: «Не толькі кляштар дагэтуль заняты маскавітамі, але нават сама кафедральная царква, апаганеная зверскім забойствам манахаў, пазбаўленая столькі гадоў магчымасці адпраўляць святыя малітвы і даваць святое прычасце верным уніятам, бо ў выніку выгнання адтуль манахаў з яе выкінулі ўсе царкоўныя рэчы». Праз два стагоддзі Аляксей Сапуноў знойдзе ў архіве Полацкай духоўнай кансісторыі запіс пра тое, што пятроўскі камендант Озераў забраў цудатворны абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі «в серебряной, позолоченной ризе, украшенный крупными драгоценными камнями».
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу