- Гм... - толькi й змог прамармытаць Крыжак, зьбянтэжаны гэтым довадам.
- Але, Камандор - вёў далей Тэмплiер - не прыймайцеся так моцна. Выйсьце ёсьць з кожнай сытуацыi! I гэтая не зьяўляецца выняткам.
- Дык што вы прапануеце? - узрадаваўся Кройцэнбэрг, катораму ўжо здалося, што ўсе надзеi на Капiтулу, тым болей на Магiстра, пайшлi марна. Але зараз уважней прыгледзiўшыся да Тэмплiера, Кройцэнбэрг адчуў, што гэты стары й дасьведчаны муж зьявiўся тут не дарма. Чыясь нябачная рука накiравала яго сюды, якраз тады, калi сам Кройцэнбэрг ужо гатоў быў нарабiць непапраўных памылак. Адначасна адчуваючы, што гэтая рука працуе на дабро Ордэна Крыжа, а значыць, i на дабро яго, Кройцэнбэрга, вырашыў уважней прыслухоўвацца да парадаў Тэмплiера.
- Так, шаноўны Камандор, ня прыймайцеся першымi няўдачамi. А й не сьпяшайцеся ў дзеяньнях. Пастарайцеся паглыбей азнаёмiцца з сытуацыяй, а рашэньнi прыйдуць тады самi па сабе. Што робiцца ў Польшчы, Вы ўжо ведаеце. Цяпер Вашае мейсца ў Лiтве, паблiжэй да Вялiкага Князя Вiтаўта! - слова "Вялiкага", Тэмплiер прамовiў з асаблiвым прыцiскам.
- Амiнь! - адказаў Кройцэнбэрг, пачцiва пахiлiўшы галаву.
* * *
Пана Януша ўвялi ў прыёмную залю й загадалi чакаць. Разьбiўшыся на групкi й там i сям, вялi гутаркi ў чаканьнi аўдыенцыi з Каралём: Польскiя Рыцары й шляхта, Лiтоўскiя Драбы, Крыжакi, Маскоўскiя Баяры. Вочы пана Януша разьбеглiся ад бляску й багацьця вопраткi прысутных. Яму здавалася, што ён, у сваiм пашарпаным панцыры, трапiў як варона сярод галубоў. Але, разгладзiўшы вусы, i як-бы няхайна паклаўшы на згiб левай рукi свой шолам, ён рушыў праз залю. Наўмысьля голасна бразгаючы шпорамi, рашуча падыйшоў да невялiкае купкi шляхцiцаў, сабраных каля скляпенiстага вакна, недалёка ад запаветных дзьвярэй, за якiмi зараз знаходзiўся Вялiкi Ўладар Польшчы Кароль Ягайла.
- Хай будзе Похвалёны!... - урачыста прывiтаўся пан Януш.
- На вякi вякоў! Амiнь! - адказалi няскладным хорам прысутныя.
- Адкуль пан будзе? - пацiкавiўся адзiн з шляхцiцаў, зь цiкавасьцю разглядаючы незвычайнае для Каралеўскага Палацу ўбраньне прышэльца.
- Зь Вiльнi, - схлусiў пан Януш. - Хачу да свайго маёнтку падацца. Стары ўжо ваяваць, пся маць, пара й на адпачынак.
Шляхцiцы ў знак згоды закiвалi галовамi, добра ведаючы, для чаго ваякi, падобныя Янушу, прыяжджаюць зь межаў у Вавель: Выпрасiць у Караля што-небудзь за свае заслугi перад Каронай.
- У добры час пан прыехаў, - прамовiў iзноў той самы шляхцiц. - Яго мосьць сёньня ў небывала добрым настроi. Кажуць, ганец зь Лiтвы з добрымi весткамi прыбыў, i запэўнiваю пана, дастане пан добры кавалак. А як там у Вiльнi?
- У Вiльнi ўсё спакойна, пся маць. Вось, а як у вас тут? - пастараўся перавесьцi зь сябе гутарку пан Януш.
- Што там у нас. Хай пан разпавядзе, як пачувае сябе Князь Вiтаўт пасьля бойкi з Ханам? - не сунiмаўся шляхцiц.
- Ня бачыў Князя Вiтаўта. Як доўга прыходзiцца чакаць на сустрэчу зь Ясьнейшым? - не ўступаў у сваю чаргу пан Януш.
Шляхцiц ганарыста выставiў правую нагу ўперад, падпёр рукi ў бокi i, задраўшы нос у гару, прамовiў:
- Залежыць як каму! Хто паважнейшага роду, той чакае днi са тры, як я, напрыклад. А пану прыйдзецца пачакаць трохi даўжэй!
Пан Януш бразнуў рукой па мячу й шырака ўсьмiхнуўся ў твар шляхцiцу:
- Калi гэтак, пся маць, то я яшчэ сёньня ўпраўлюся.
Шляхцiц аж падскочыў ад такой нечуванай абразы i, яшчэ раз агледзiўшы пана Януша з ног да галавы, упэўнена й са злосьцяй прамовiў:
- Пане! Пан тут мае перад сабой: Шляхетнага пана Вацлава з Пагарэлiч, Шляхетнага пана Казiмiра зь Бялiшак, Шляхетнага пана Януша з Бжозоўца, Шляхетнага пана Мсьцiслава з Пажуцiна, а я естэм панам з Чэрвiцы. Ежы з Чэрвiцы! - пры гэтым ён рукой паказваў на вымянаванага, у адказ на што кожны зь iх у знак згоды пахiляў галаву.
- А я, естэм панам зь Езёрска, пся маць! - адцяў пан Януш.
- Мала з тым! - ганарова запярэчыў пан з Чэрвiцы. - Тут не Лiтва. То ў Князя Вiтаўта пан мог ганарыцца сваiм Езёрскам, але ня тут у Кракаве. Мае Чэрвiцы, напэўна, у дзесяць разоў большыя за панскi Езёрск!
- Ну й добра, пся маць! - узрадаваўся пан Януш - Буду iх i прасiць у Ясьнейшага Караля.
- Каго прасiць? - не зразумеў адразу пан з Чэрвiцы.
- Панскiя Чэрвiцы... у Караля, - удакладнiў пан Януш.
Чэрвiцкi шляхцiц, як i рэшта сабраных, аслупянеў ад такой нечуванай задзiрлiвасьцi нягеглага з выгляду й нязграбнага ў рухах пана Януша.
- Я пана... Я з панам... - пачаў было пакрыўджаны, як раптам запаветныя дзьверы адчынiлiся, i ў iх зьявiўся, блiскаючы золатам i багацьцем зброi, Капiтан Лiтоўскiх Лучнiкаў Ваявода Пашкевiч. Гутаркi ў залi мiгам зацiхлi. Пагляды ўсiх прысутных упiлiся ў вусны мядзьвежага з выгляду й страшнага сваiм ростам Ваяводы.
Читать дальше