Знадворку пачуўся гоман. Васiль нехаця падняўся й выйшаў з хаты. Перад дзьвярыма талпiлася юрба людзей, вiнавата перамiнаючыся з нагi на нагу.
- Чаго яшчэ трэба? - гукнуў Васiль, упiраючы рукi ў бокi й з выклiкам паглядаючы на сабраных. - Можа, прасiцца прыйшлi? Цi дамагацца?
- Ня гневайся, Васiль, i Яго Сьветласьцi Ваяводзе пакланiся за нас, выступiў уперад стары Кандрат Тур. - Недакумекалi мы сваiм простым розумам, што й да чаго. Але Гасподзь Бог знаў, каго Ваяводай зрабiць i розумам ясным надзялiць, а каго ў мужыках пакiнуць гной калупаць...
- Эк, "Iванка-дурань" абазваўся, - перабiваючы яго, зарагатаў Васiль. - Цi ня ты, Кандраце, прыпадкам у мужыках застаўся гной калупаць? Га? Можа, я цябе зараз у першы раз бачу?
- Ды ня тое й ты, Васiль, гаворыш, i я не к таму мову вяду. Прасi за нас Ваяводу. Кланяйся яму ў ногi. Ды абяцай за нас усiх, што верна й паслухмяна служыць будзем, аж пакуль супакой i дастатак запануюць над нашай зямелькай Хрысьцiянскай. Памылiлiся мы... каемся... Пабач, што ў "лацiнскага купца" на шыi было, - вочы Тура хiтра блiснулi, калi ён разьняў жменю. Тоненькiм струменьчыкам, памiж разтапыраных пальцаў, пабег срэбны ланцужок. Васiль, як зачараваны, глядзеў на паволi пусьцеючую далонь, аж пакуль на ёй не застаўся маленькi Праваслаўны Крыжык са славянскай вязьзю: "Спасi i сохранi"...
Васiль тройчы перахрысьцiўся й ўзяў крыжык. За iм перахрысьцiўся Тур i ўвесь сабраны натоўп...
* * *
Ужо было блiзка паўдня, калi аддзел коньнiкаў, на чале са старым Баем, парушаючы лясны супакой лязгатам зброi, спынiўся каля дуба.
- Бач! А вешальнiка-та ўжо й няма! - зьдзiвiўся Бай. - Вось адсюль нам i Ваяводу шукаць...
- Ня трэба яго шукаць - перабiў адзiн з коньнiкаў. - Вунь ён сам iдзе, дзякаваць Богу! Ды не адзiн.
Коньнiкi разам выхапiлi мячы й адсалютавалi падыходзячым. Сам Ваявода й спадарожнiчаўшыя яму Васiль Капыльскi, Кандрат Тур, i яшчэ дзясятак узброеных мужчын, пахмура адказалi на прывiтаньне.
- Цi мо ня рады, што так хутка? - вылупiў зьдзiўлена вочы Стары Бай.
- У Слуцак! - загадаў Фёдар цяжка ўлазячы ў сядло. - Васiль, клiч рэшту!
4. КРАКАЎ
Кракаў гудзеў, як суцэльны кiрмаш. Натоўпы людзей з гоманам i песьнямi сланялiся па вулiцах, гандляры, стоячы на парогах сваiх крамнiц цi шатроў, заклiкалi прахожых, выхваляючы свой тавар. З розных бакоў толькi й чуваць выкрыкi: "Дзiваны пэрсiдзкiя, найлепшай работы, у самаго Шаха такiх няма!..." "Мячы, сякеры, панцыры, - дамаскiя, нямецкiя, валоскiя, гатунку небывалага!..." "Сёдлы, збруi... Соль... Вiны... Сукно... Воск!.." - i над усiмi гэтымi галасамi, раўнамерны пералiў касьцельных званоў...
- Чысты Бабiлён, пся маць! - мармыча сабе пад нос запылены з ног да галавы рыцар, прадзiраючыся вярхом у Флёрыанскую браму праз увесь час наплываючыя хвалi натоўпу. Конь пад рыцарам кульгае на пярэднюю нагу.
- Каб цябе шляк трафiў, пся маць! - не вытрымлiвае яздок, калi стомлены конь, аступiўшыся, амаль не павалiўся на каленi. - Прадам, баранья скура, прадам. Ня будзь я Януш зь Езёрска, прадам!
Конь стомлена пырхае, выдзьмухваючы з ноздраў пыл. Навокал разлягаецца рогат, i нехта з натоўпу крычыць:
- Не туды! Не туды, пане Януш, завяртаеш! Мылаварня ў другi бок, давай пакажу...
- А ну, пакажы, пся маць, дзе ты тут? - грозна абарочваецца пан Януш.
Крыкун не паказваецца, але рогат разьлягаецца з новай сiлай. Пан Януш прышпорвае каня, i той воляй-няволяй прыбаўляе кроку.
Мiнулi касьцёл "Пана Збавiцеля", карчму "Трох Апосталаў" i выехалi на "Рынак", зь яго вялiзным касьцёлам "Панны Марыi". Дабраўшыся нарэшце да карчмы "Пад Замкем", пан Януш дыхнуў вальней - адсюль да Вавеля[1] рукой падаць, ды й натоўп тут радзейшы. Выцягнуўшы баклагу, пан Януш зрабiў некалькi добрых глыткоў, абцёр далоняю даўгiя вусы й, ня злазячы зь сядла, пакланiўся вежам Вавеля (а ну як глядзiць хто-небудзь), i рушыў рысцой далей. Бедная жывёлiна, хракаючы селязёнкай й прыпадаючы на падбiтую нагу (бо адарвалася падкова, i, хаця пан Януш вёз яе ў торбе, ад гэтага не было лякчэй), прыпусьцiла да Каралеўскага Замку, спадзяючыся хоць i не на доўгi, але ўсё-ж адпачынак.
Ну вось ён, Замак. Вялiкi й грозны. Брамы зачынены, але мост спушчаны. На вежы Каралеўская Харугва.
Пан Януш спынiўся й моўчкi чакае перад брамай, нiбы не адважваецца ўступiць пад своды гэтай Цьвярдынi. Выпiтае вiно пачынае йграць у жылах i галаве, каторая ад доўгай дарогi й бязсоньняў вельмi аслабла.
Навокал, памаленьку зьбiраецца натоўп. Дык i як-жа йнакш - каля зачыненае брамы Каралеўскае Сядзiбы спынiўся запылены й змучаны Рыцар. Не пастукаўся, не пратрубiў у рог, а вось проста стаў i глядзiць...
Читать дальше