2) пакласці пачатак правільнаму, здароваму савецкаму будаўніцтву шляхам стварэння моцных губорганаў і паветцэнтраў на месцах;
3) савецкае будаўніцтва Белрэўкома павінна весціся выключна па лініі стварэння цвёрдага, якасна моцнага губернскага апарата Савецкай улады з адпаведнымі органамі на месцах на ас новах і палажэннях, якія прыняты для ўсіх губцэнтраў у Савецкай Расіі».
Увогуле ў 1920 г. адносна беларускага пытання бальшавікі вагаліся найбольш: сваю тактыку ЦК РКП(б) будаваў тут з улікам прасоўвання на захад Чырвонай Арміі, а яе поспехі былі пераменлівымі (нават цягам аднаго летняга сезона). Як толькі наступ аказваўся няўдалым, адразу паўставалі структуры для фармальнага замацавання прасавецкай Беларусі і наадварот. Бальшавікі працягвалі гандлявацца беларускай зямлёй спярша з незалежнай Літвой, а пазней — з Польшчай. Таму абвяшчэнне ССРБ 31 ліпеня 1920 г. падчас наступлення Чырвонай Арміі з'яўлялася таксама фармальным актам (і, верагодна, з улікам сітуацыі ў Польшчы, рэкламна-прапагандысцкім). Вось чаму нацыянальныя сілы (у першую чаргу даволі папулярныя тады эсэры) пад ім не падпісаліся. У гэтай сувязі неабходна адзначыць і ўкраінскі фактар: у маі 1920 г. польска-ўкраінскія войскі адбілі ў Чырвонай Арміі Кіеў, што, у сваю чаргу, актывізавала дзеянні лідэраў беларускага нацыянальнага руху. І хаця паралельна з ССРБ рыхтаваўся праект «поўнага зліц ця» Беларусі «ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй» (паўтараем працытаваныя словы Р. Пікеля і І. Рэйнгольд, па якіх і можна меркаваць пра тыя планы), аднак з наступленнем войск Пілсудскага і пагрозай адрыву беларускіх зямель ад савецкае краіны планы тыя відавочна страцілі актуальнасць. Дарэчы, «фікцыйнасьць юрыдычнага статусу БССР падкрэсьліваў іншы факт: летам 1920 г. не быў створаны ўрад рэспублікі, замест якога паўстаў у Менску Ваенна-рэвалюцыйны камітэт з кампетэнцыямі губэрнскага органу ўлады. Усё гэта сьведчыла аб ваганьні і няўпэўненасьці кіруючых органаў РСФСР што да лёсу Беларусі». У канцы 1920 г. А. Чарвякоў нагадаў пра крайне ненармальнае становішча ў сувязі з неўрэгуляванасцю дзяржаўных стасункаў Беларусі і РСФСР, на што У. Ленін прапанаваў: «Червякову поручить спешно выработку проекта детального письма ЦК РКП о Белоруссии и декрета СНК о том же (тайного)». Перамовы скончыліся падпісаннем 16 студзеня 1921 г. «саюзнага рабоча-сялянскага дагавора» паміж рэспублікамі. Але і ён, з'яўляючыся хутчэй фікцыяй раўнапраўя, не вызначаў канчаткова беларуска-расійскіх адносін, пакідаючы Маскве шырокае поле для маніпулявання Беларуссю.
Пад канец лета 1920 г. (у сувязі з паспешлівым адступленнем Чырвонай Арміі на савецка-польскім фронце) ідэя буфернасці Беларусі зноў актуалізавалася. Гэтым разам планавалася аддаць пад Савецкую Беларусь 18 паветаў. Ізноў было катэгарычна адмоўлена ўлучыць сюды ўсходнюю частку этнічна беларускіх зямель уключна з Віцебскам, Смаленскам і Магілёвам на той падставе, што нібыта там няма ніякіх беларусаў, як заявіў В. Кнорын. Хоць у «Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці ССРБ» ад 31 ліпеня 1920 г. чорным па беламу было напісана, што межы рэспублікі з Савецкай Расіяй і Украінай вызначаюцца «вольным выражэннем беларускага народа на павятовых і губернскіх з'ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадам РСФСР і ССРУ». (Нехта ў таго народа пытаў!)
Савецка-польская вайна знясіліла абодва бакі і яны пагадзіліся на заключэнне мірнага дагавора. У той час большая частка ССРБ знаходзілася ўжо пад польскай акупацыяй. Ніводную з дзвюх беларускіх дэлегацый (ад БНР і ад ССРБ) за стол перамоў не пусцілі. Паводле мандата ад Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, яе інтарэсы прадстаўляла дэлегацыя РСФСР. Пазіцыя апошняй стасоўна мяжы з Польшчай, пра што казалася вышэй, была няпэўнай. І ў Рызе бальшавіцкая беспрынцыпнасць была чарговы раз прадэманстравана. Калі яшчэ летам 1920 г. Масква дамагалася правядзення савецка-польскай мяжы па «лініі Керзана», дык праз некалькі месяцаў яна прадэманстравала, што можа ахвяраваць усёй новастворанай Савецкай Беларуссю (чым фактычна выявіла свае адносіны да яе функцыі ў міжнародна-палітычных варунках). Больш таго, 23 верасня 1920 г. Усерасійскі выканаўчы камітэт звярнуўся да кіраўніцтва Польшчы з прапановай адкінуць пытанні аб самавызначэнні народаў і абмежавацца ўстанаўленнем усходняй граніцы Польшчы. Толькі і гэта яшчэ не ўсё. Масква аддавала ССРБ Польскай Рэспубліцы фактычна на ўмовах непрызнання гэтай тэрыторыі беларускай, што станавілася перашкодай для стварэння «беларускага П'емонту» на тэрыторыі адроджанай польскай дзяржавы. Разам з тым, гэтакім чынам бальшавіцкі Крэмль манапалізоўваў прэрагатыву арганізацыі беларускай дзяржаўнасці, якую да таго ж мусіла прызнаць Варшава.
Читать дальше