Фактычна той жа комплекс чыннікаў (пагроза з боку Польшчы і дзейнасць нацыянальных сіл) дэтэрмінаваў абвяшчэнне ЛітБел, якой мы тут не надаём лішняй увагі, бо гэтая рэспубліка, неўзабаве паглынутая польскімі агрэсарамі, у развіцці падзей сыграла значна меншую ролю, чым спробы стварэння беларускай савецкай дзяржаўнай адзінкі. Тым больш што і ў сучаснай гістарыяграфіі няма прынцыповых разыходжанняў у інтэрпрэтацыях гэтага палітычнага акту. Хіба што варта адзначыць яшчэ большую брутальнасць, з якой гэтым разам вырашалася доля Беларусі. Стварэнне ЛітБел, паводле меркавання У. Ладысева, да ўсяго яшчэ і здымала «пытанне аб правамернасці далучэння ўсходніх этнічных тэрыторый да РСФСР». Гэтае аб'яднанне сталася ліквідацыяй хай сабе і намінальнай Беларускай Рэспублікі і выклікала крызіс у яе ўрадзе, які пакінулі тры наркамы — Ф. Шантыр, У. Фальскі і Я. Дыла. Такім чынам паслабляўся не толькі нацыянальны беларускі руху цэлым, але і пазіцыі пракамуністычных беларускіх дзеячаў.
У гэткіх варунках правядзенне І Усебеларускага з'езда Саветаў на пачатку лютага 1919 г. было больш падобна да нонсенсу. Таму ён і не стаў пачаткам рэальнай дзейнасці ў рамках беларускай савецкай дзяржаўнасці, што было б лагічным для такога форума, тым больш што ім можна было б паспрабаваць зацьміць аналагічную снежаньскую падзею пад тоеснай назвай, калі ў 1917 г. беларускія дэпутаты былі разагнаныя, хоць і не ішлі папярок савецкай уладзе. Тая падзея выявіла ўсю шырыню і глыбіню разгортвання беларускага нацыянальнага руху, які стаўся пад канец 1917 г. сапраўды народным, хоць і дэклараваў, што незалежніцкія тэндэнцыі беларусаў не імкнуцца да радыкальнай аўтаноміі ў складзе Расіі. Аднак і гэтага, як палічылі бальшавікі, было ўжо занадта — і, напіўшыся, разагналі дэмакратычны сход. Яго савецкі аналаг у лютым 1919 г. праводзіўся па сцэнары, складзеным у Маскве (што затым стала рэгулярна практыкавацца), быў скліканы ў адміністратыўным парадку з неабходным для бальшавікоў падборам кандыдатаў без уліку тэрытарыяльных прапорцый — дэмакратызмам там і не пахла. З'езд прадубліраваў рашэнне крамлёўскіх кіраўнікоў аб утварэнні Літоўска-Беларускай ССР і — як ні парадаксальна — прыняў першую Канстытуцыю БССР ды дзяржаўную сімволіку. Натуральна, рэальнай улады ў аб'яднанай рэспубліцы беларусы не мелі. Але і гэтае ўтварэнне з наступленнем войска польскага неўзабаве спыніла існаванне.
Пасля выгнання палякаў з Беларусі перад другім абвяшчэннем БССР (паралельна існавала — на афіцыйным узроўні — і назва ССРБ, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь) летам 1920 г. прадстаўнікі апазіцыі такога абвяш чэння — кіраўнікі Заходняй вобласці Р. Пікель і І. Рэйнгольц паслалі ў ЦК КП(б) ЛіБ тэзісы «Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі». У гэтых тэзісах, як адзначаюць Р. Платонаў і М. Сташкевіч, беларускаму народу фактычна адмаўлялася ў праве на самавызначэнне і стварэнне сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці з наступным падагульненнем: «Сучасныя міжнародныя абставіны і рэальная суадносіны сіл між Савецкай Расіяй і капіталістычнымі краінамі Захаду зусім іншыя, чым у перыяд акупацыі Беларусі ў канцы 1918 г. У сувязі з гэтым пастаноўка пытання аб Савецкай Беларусі павінна быць іншай. <���…> У перыяд рэакупацыі 1918 г. стварэнне Беларускай Рэспублікі апраўдвалася ў першую чаргу неабходнасцю мець буферную дзяржаву між савецкай Расіяй і белагвардзейскай Польшчай, на выпадак засцярогі Савецкай Расіі ад нечаканага ўдару з боку белай Польшчы. Матывы этнаграфічнага, эканамічнага і культурнага характару выконвалі пры стварэнні Савецкай Рэспублікі пабочную ролю. <���…> Цяпер барацьба Савецкай Расіі з белай Польшчай не патрабуе ніякіх скрытых форм. Разгром яе, стварэнне ў ёй Савецкай Рэспублікі — чарговая задача сусветнай рэвалюцыі. Адсюль неабходнасць стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі павінна быць абгрунтавана іншымі аргументамі, чым стварэнне такой у 1918 г. Імі могуць быць — этнаграфічныя, эканамічныя і культурныя перадумовы. <���…> Беларусы — не асобная нацыянальнасць або народнасць. Іх мова, рэлігія, культура нічым не адрозніваюцца ад велікарускай. Беларускі нацыяналізм — чыста інтэлігенцкі мяшчанскі рух (і то нязначная частка), які не мае ніякай падтрымкі сярод працоўных мас». Калі зыходзіць з тэзісаў, неабходна было вырашыць наступныя задачы:
«1) падрыхтаваць меркаванні працоўных мас Беларусі да поўнага зліцця ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй;
Читать дальше