Да таго ж, як заўважае выбітны знаўца гісторыі і культуры міжваеннай Заходняй Беларусі Арсень Ліс, падзел зусім не азначаў спынення кансалідацыі беларускага народа, нацыянальная ідэя эвалюцынавала. І ў гэтым істотнае значэнне адыграў менавіта падзел Беларусі. Лагічна будзе меркаваць, што ён рухаў менавіта да ўз'яднання нацыі.
Ад мірнага дагавора да мірнага дагавора (міжваенны перыяд)
…Лучше пересолить в сторону уступчивости и мягкости к национальным меньшинствам, чем недосолить
В. Ленин
Игра в независимость
И. Сталин
Гістарыяграфія гэтай тэмы не такая стракатая, як стасоўна падзей 1917–1921 гг., хоць у многім наследуе тэндэнцыі папярэдняга перыяду. Савецкія гісторыкі стваралі вобраз клапатлівай Масквы, якая не толькі абараніла беларускую дзяржаўнасць, на што пасягала капіталістычнае суседства, але і праводзіла беларусізацыю ды каранізацыю паралельна з павелічэннем («узбуйненнем») тэрыторыі Савецкай Беларусі. Зразумела, абгрунтаванне дэтэрмінізму тых дзеянняў таксама кшталтавалася ў парадыгме савецкай ідэалогіі. А вось сапраўдныя прычыны не агалошваліся. Замоўчваліся і многія дзеянні, якія характарызавалі маскоўскае кіраўніцтва не з лепшага для беларускай дзяржаўнасці боку. Усё канцавалася высновай, што дзеянні Саветаў прагрэсіўныя для Беларусі, а шавіністычныя палітыкі Польскай Рэспублікі і нацыяналістычна-буржуазныя дзеячы БНР адно і думаюць, як іх спляжыць. Контрверсійныя меркаванні прадстаўлялі беларускія эмігранты, аднак іх пазіцыі характарызаваліся
1) запалітызаванасцю (як правіла, яны былі палітычна заангажаванымі),
2) ярка выражанай палярнасцю, антынамічнасцю адносна пазіцый савецкіх даследчыкаў, што часта прыводзіла да прынцыпова супрацьлеглых высноў без дастатковых абгрунтаванняў,
3) малалікасцю даследчыкаў і слабай трансляцыяй веды: вынікі іх працы не сягалі за межы эмігранцкага асяродка (палітыкаў і навукоўцаў капіталістычнага свету беларускія праблемы амаль не цікавілі).
Рэальная фактычнасць міжваеннага перыяду пачала праясняцца толькі ў канцы 1980-х гг. Гэта датычыцца і параўнаўча больш плюралістычнай гістарычнай навукі ПНР, якой былі навязаныя выгадныя Крамлю інтэрпрэтацыі. Тым не менш і сёння гэтая праблема пакуль што знаходзіцца на ўзроўні фрагментарнай рэпрэзентацыі, хоць у навуковы зварот уведзена ўжо даволі матэрыялаў. Таму варта вярнуцца да гэтай праблемы, па магчымасці пераадолеўшы аднабокасць некаторых ранейшых гістарычных даследаванняў.
Рыжскі дагавор фармальна прадугледжваў не такія ўжо і малыя правы для беларусаў Польскай Рэспублікі. Зрэшты, de iure і ССРБ мела суверэннасць — яе юрыдычны статус, безумоўна, павышаўся з утварэннем СССР, у чым Савецкая Беларусь прымала непасрэдны ўдзел як юрыдычна самастойны суб'ект права. Верагодна, тым самым Масква распачала палітыку задабрэння беларускіх нацыянальных сіл па абодва бакі мяжы з мэтай выклікаць сімпатыю да сябе, якая да таго часу была страчана нават у асяродку пракамуністычнага беларускага руху, з боку якога трохі раней гучалі прапановы стварыць узорную Савецкую Беларусь, у тым ліку і як аргумент супраць папрокаў Польшчы ды інтрыг «белорусских националистов і социал-патрио тов». Беларускі філосаф І. Бабкоў не беспадстаўна выказвае думку, што «БССР найбольш адэкватна можа быць зразумета не як поўны правал нацыянальнага беларускага руху, а як посткаляніяльны кампраміс», выкліканы збегам шэрагу фактараў, да таго ж, нагадвае мысляр, «беларуская савецкая дзяржаўнасьць выклікала напачатку дастаткова аптымістычныя пачуцьці». Больш таго, А. Луцкевіч у сваёй кнізе «За 25 гадоў», выдадзенай у Вільні ў 1928 г., разглядае Савецкую Беларусь як часткова здзейснены «наш (дзеячаў БНР. — А. Т.) дзяржаўны ідэал, абвешчаны перад гэтым актам рады Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г.». Між іншым, самі дзеячы БНР пры адступленні немцаў лічылі магчымым ступіць на шлях перагавораў з урадам РСФСР напярэдадні стварэння Савецкай Беларусі з мэтай арганізацыі кааліцыйнага ўрада апошняй. Гэта дало падставы яшчэ аднаму беларускаму філосафу Валянціну Акудовічу назваць БНР і БССР ледзь не блізнюкамі, ва ўсялякім разе да 1929 г. Сапраўды, прынамсі юрыдычна Беларусь перастала быць безаблічным «Северо-Западным краем» і набыла пэўную кадыфікацыю на міжнародна-прававым полі — і гэта ўжо, безумоўна, прагрэс, які ў гісторыі з гледзішча нацыянальнага развіцця мог бы застацца, бадай, неаспрэчным, калі б не далейшы брутальны разгром дасягенняў у справе беларушчыны.
Читать дальше