Я люблю таго, хто з цноты сваёй робiць вабу i лёс: толькi дзеля сваёй цноты ён яшчэ хоча жыць i болей не жыць.
Я люблю таго, хто не хоча мець лiшне шмат цнотаў. Адна цнота - больш за дзве, бо яна той вузел, на якiм трымаецца лёс.
Я люблю таго, чыя душа раскiдае сябе, хто не хоча падзякi i сам не дзякуе: бо ён заўсёды дорыць i не хоча ацалiць сябе.
Я люблю таго, хто саромеецца, калi шчасцiць яму ў гульнi, i хто пытаецца ў сябе: няўжо я няшчасны гулец? - бо ён прагне страцiць усё.
Я люблю таго, хто кiдае залатыя словы наперадзе ўчынкаў сваiх i заўсёды робiць больш, чым абяцае: бо ён хоча захаду сабе.
Я люблю таго, хто апраўдвае будучыя пакаленнi, а мiнулым дае збавенне, бо ён хоча пагiбелi ад сённяшнiх.
Я люблю таго, хто карае Бога свайго, бо ён свайго Бога любiць: бо ён мае загiнуць ад гневу Бога свайго.
Я люблю таго, чыя душа глыбокая нават у сваiх пошасцях; хто можа загiнуць ад малога выпрабавання: самохаць iдзе ён па мосце.
Я люблю таго, чыя душа перапоўнена так, што ён забывае сябе i ўбiрае ў сябе ўсе рэчы: так усе рэчы нясуць яму захад.
Я люблю таго, хто свабодны духам i свабодны сэрцам; таго, чыя галава толькi часцiнка ягонага сэрца, - а сэрца вядзе яго да захаду.
Я люблю ўсiх, падобных да цяжкiх кропляў, што падаюць адна за адной з чорнай хмары, якая навiсла над чалавецтвам: яны запабягаюць блiзкасць блiску маланкi i гiнуць, як вешчуны.
Бачыце, я - вяшчун маланкi, я - цяжкая кропля з хмары; а завуць тую маланку - Звышчалавек..."
5
Сказаўшы гэтыя словы, Заратустра зноў паглядзеў на натоўп i змоўк. "Вось стаяць яны i смяюцца, - казаў ён свайму сэрцу, - не разумеюць мяне: не на iхнiя вушы казань мая.
Няўжо спачатку трэба iм аглушыць вушы, каб яны навучылiся слухаць вачыма? Няўжо трэба грымець, як лiтаўры, i трашчаць, як прапаведнiкi каяння? Цi, можа, яны вераць толькi заiкам?
У iх ёсць нешта, чым яны ганарацца. Як жа яны называюць тое, чым ганарацца? Называюць "адукацыяй", яна нiбыта адрознiвае iх ад пастухоў.
Таму яны i не любяць прымаць на сябе слова "пагарда". Што ж, я звярнуся да iх гонару.
Я хачу сказаць iм пра сама пагарднае, а яно - гэта апошнi чалавек".
I гаварыў Заратустра да людзей такiмi словамi:
"Наспела чалавеку паставiць перад сабою мэту. Трэба пасадзiць расадзiну сваёй найвышэйшай надзеi.
Пакуль яшчэ шчодра родзiць ягоная глеба. Але прыйдзе час, i зубожыцца яна i знясiлiцца, i выноснае дрэва больш не вырасце на ёй.
Гора! Блiзiцца час, калi чалавек ужо не пусцiць над людзьмi стралы сваёй палкасцi, i цецiва ягонага лука адвыкне трымцець!
Я кажу вам: трэба мець у сабе хаос, каб змагчы нарадзiць зорку, якая б танцавала. Я кажу вам: у вас пакуль што ёсць хаос.
Гора! Блiзiцца час, калi чалавек не здолее больш нарадзiць нiводнае зоркi. Гора! Блiзiцца час сама пагарджанага чалавека, якi не здолее пагарджаць самiм сабою.
Дзiвiцеся! Я пакажу вам апошняга чалавека.
"Што такое любоў? Што такое стваранне? Што такое палкасць? Што такое зорка?" - так пытаецца апошнi чалавек, маргаючы.
Зямля змалела, i на ёй корпаецца апошнi чалавек, якi нiкчэмнiць усё на сваё падабенства. Ягоны род нязводны, як земляныя блохi: апошнi чалавек жыве даўжэй за ўсiх.
"Мы прыдумалi шчасце", - кажуць апошнiя людзi, маргаючы.
Яны пакiнулi мясцiны, дзе было сцюдзёна, бо iм патрэбна цяпло. Яны яшчэ любяць блiзкага i горнуцца да яго; бо iм патрэбна цяпло.
Хваробы i недавярства лiчацца ў iх за грэх, бо яны ходзяць абачлiва. Толькi дурань можа спатыкацца аб камянi i людзей!
Час ад часу - крыху яду: ён накалыхвае прыемныя сны. I паболей яду напаследак, каб прыемней было сканаць.
Яны яшчэ працуюць, бо праца ў iх - забава. Але клапоцяцца, каб тая забава не лiшне стамляла.
Не будзе ўжо нi бедных, нi багатых: i тое, i другое надта дакучае. I хто захоча загадваць? Хто - упакорвацца? I тое, i другое надта дакучае.
Няма пастуха, ёсць толькi статак! Ва ўсiх аднолькавыя жаданнi, усе роўныя; той, хто думае iнакш, самохаць iдзе ў дом вар'ятаў.
"Раней увесь свет быў вар'яцкi, - кажуць сама празорлiвыя, маргаючы.
Усе яны разумныя, усе яны ведаюць, што было: так што iх кпiнам супыну няма. Яны яшчэ сварацца, але хутка замiраюцца - каб не навярэдзiць жывата.
Ёсць у iх i свае маленькiя радасцi на кожны дзень i маленькая радасць на кожную ноч; але найбольшы клопат - здароўе.
"Мы прыдумалi шчасце", - кажуць апошнiя людзi, маргаючы...
Тут скончылася першая Заратустрава казань, якую называюць таксама "Прадмоваю", бо на гэтым месцы яго перапынiлi радасныя крыкi людскога збою: "Дай нам гэтага апошняга чалавека, о Заратустра, - крычаў люд, - зрабi нас апошнiмi людзьмi! Налiха нам твой Звышчалавек!" I ўсе радавалiся, цмокалi языкамi. Але засмуцiўся Заратустра i сказаў свайму сэрцу:
Читать дальше