5. Ад выхавацеля — тое, што ня цікавіўся вынікам барацьбы паміж Зялёнымі і Блакітнымі або глядыятарамі ёракійскага і гальскага ўзбраеньня, што вытрывалы ў працы, здавальняюся малым, не даручаю свае справы іншаму, не хапаюся за шматлікія справы і астаюся непаддатным на паклёпы.
6. Ад Дыёгнэтоса — нялюбасьць займацца глупствамі і няверу ў байкі цудатворцаў і чараўнікоў пра заклінаньні, праганяньні нячысьцікаў і іншыя такія рэчы; што не разводзіў перапёлак і не захопліваўся падобным спортам, і тым, што мяне не раззлошчвала свабода слова; што я прысьвяціў сябе філязофіі; і, што быў слухачом спачатку Бакхэюса, пасьля Тандасіса і Маркіянуса; што пісаў я дыялёгі ў дзіцячых гадох; і адчуў цягу да простае пасьцелі, шкуры зьвера і іншых асаблівасьцяў грэцкага спосабу жыцьця.
7. Ад Русьцікуса — тое, што прыйшоў я да выснаву што да неабходнасьці папраўляць і крышталізаваць уласны характар; не прасякся духам сафістыкі, і не займаўся выдумваньнем тэорыяў, ня выступаў з павучальнымі прамовамі, ня выстаўляў напаказ ні заўзятага цярпліўца, ні чынаў дабрадзея, не захапляўся рэторыкаю, ані паэтыкаю, як і ніякім пышнаслоўем; і не спацыраваў дома ў столе і не рабіў нічога падобнага; дзякуючы яму, я пішу лісты проста, падобна да тых, якія ён сам пісаў да мае маці з Сінуэссы; і заўсёды гатовым быў пагадзіцца з тымі, што словам ці чынам зьневажаюць мяне ці крыўдзяць, як толькі яны праявяць азнаку згоды; усё, што даводзіцца чытаць, чытаю я ўважна і не здавальняюся толькі павярхоўнасьцю; не згаджаюся зараз-жа зь людзьмі, якія сыплюць словамі; і, дзякуючы яму-ж, я запазнаўся з разважаньнямі над думкамі, што пакінуў нам Эпіктэтус, якімі ён забясьпечыў мяне са свае бібліятэкі.
8. Ад Апольлёніюса — веду адносна свабоды волі і няўхільнае рашучасьці перад мэтаю; і тое, што зусім не гляджу ні на што, апрача як на розум; і заўсёды быць тым самым, пры жорсткай болі, пры ўтраце дзіцяці, у працяжнай хваробе; і бачыць ясна на жыцьцёвым прыкладзе, што адзін і той самы чалавек можа праяўляць найвялікшую настойлівасьць, як і ўжыцца, і з памяркоўнасьцю і без раздражненасьці працягваць сваё высьвятленьне; і мець перад сваімі вачыма чалавека, які ясна ўважаў сваё дасьведчаньне і сваю здольнасьць у пашырэньні філязафічных асноваў за найменшыя са сваіх заслугаў і годнасьці; і на ягоным прыкладзе я навучыўся, як атрымліваць ад сяброў тое, што зьяўляецца ўдзячнымі заслугамі і не астаючыся пры гэтым упакораным імі, або дазваляючы ім быць імі незаўважаным.
9. Ад Сэкстуса — дабразычлівасьць і наўзор дому, якім кіруе бацька, і ідэю жыць у сузгоднасьці з правам натуры; і шляхэтную шчырасьць; і клапатліва мець на ўвазе патрэбы сяброў, і праяўляць цярпеньне адносна някультурных людзей і тых, што судзяць зь імклівасьцю і неразважна, і здольнасьць з усімі гадзіцца; зносіны зь імі былі прыямнейшымі за ўсялякую лісьлівасьць, і адначасна ён карыстаўся сярод людзей найвялікшаю пашанаю; і ён меў дар гэтак выкрываць, як і ўладжваць інтэлігэнтным і мэтодалягічным спосабам неабходныя прынцыпы жыцьця; і ніколі не праяўляў гневу або якую-небудзь іншую пачуцьцёвую схільнасьць, але спалучаў паўніню любові і быў зусім вольным ад гэтакае-ж схільнасьці і карыстаўся добраю славаю; ня выклікваючы шмат шуму, і мець вялікія веды, не выстаўляючы іх напаказ.
10. Ад Аляксандра граматыка — паўстрыманасьць ад дакораў крыўдных заўвагаў пад адрысам людзей, якія абмовіліся якім-небудзь барбарскім, памылковым ці нямілагучным выражэньнем: у падобных выпадках я, ідучы за імі, стараюся ўжыць правільны выраз у форме адказу ці пацьверджаньня або сумеснага дасьледваньня самога прадмету, і не чапляцца да слова, або пры помачы іншага падобнага напамінаньня.
11. Ад Фронтона — пазнаў я, як зайздрасьць, падступнасьць і крывадушнасьць свомымі зьяўляюцца для тыраніі, і, што тым з-пасярод нас, каторых называюць арыстакратамі, баржджэй шматлікага ім не хапае з бацькаўскае годнасьці.
12. Ад Аляксандра Плятоністага — тое, што ня часта і ня без неабходнасьці кажу каму-небудзь або пішу ў лісьце, што я ня маю вольнага часу; ані бесперапынку прашу выбачэньня з прычыны занядбаньня абавязкаў, вымаганых нашымі суадносінамі да тых, з кім мы жывем, пад дайманом нібыта безадкладных справаў.
13. Ад Катульлюса — ня быць абыякасным, калі сябра знойдзецца ў памылцы, нават, калі і беспадстаўна, але пробаваць вярнуць яго назад у добры настрой; і быць гатовым гаварыць добра пра настаўнікаў, як гэта чуваць пра Доміціюса і Атэнодотуса; і любіць маіх дзяцей праўдзіва.
Читать дальше