Ноч сырая, золкая, і ў Санькі дрыжыць кожная жылка. Дзед Ахрэм прытуліў яго адной рукой да сябе, другой гладзіць па галаве:
— За мяне стань, за мяне,— шэпча ён,— не так вецер будзе.
Санька нічога не разумеў. Пры чым тут вецер? Хіба не ўсё роўна?
Калі клацнулі затворы аўтаматаў, дзед пасунуўся шчыльней да Лебяды і на нейкі момант засціў перад Санькам фары.
Затым усё пераблыталася. Апякло агнём плячо, закружыліся ў вачах зоркі, і Санька паляцеў у чорную бездань. Зверху на яго хтосьці наваліўся, прыціснуў да зямлі. Ён ужо не бачыў, як, пераступаючы цераз людзей, фашысты свяцілі кішэннымі ліхтарыкамі і стралялі з пісталетаў у таго, хто здаваўся ім яшчэ жывым.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Санька апрытомнеў ад холаду. Падняў набрынялыя свінцовым цяжарам павекі і застагнаў. Нельга было паварушыць ні рукой, ні нагой. Сцяўшы зубы, ён зрабіў спробу ўзняць галаву, і не змог. Галава чыгунная. Паварушыў рукой, і пякучы боль працяў усё цела да пятак. У вачах замільгалі чырвоныя і сінія кругі.
Так-сяк Санька выбраўся з-пад старога Ахрэма. Выбраўся і сеў. Пакратаў свае плячо і скрыгануў зубамі. Побач ляжыць Лебяда і кірпаты Мікола.
Дзед Ахрэм застыў у такой позе, быццам збіраўся падхапіцца. Адну нагу падцягнуў пад сябе, рукой абапёрся на пясок, а вуха прыклаў да зямлі, нібыта слухае, б'ецца яшчэ ў яе сэрца ці не. Вецер пяшчотна перабірае пасмы яго шырокай барады.
Сабраўшы сілы, Санька пабег. Пабег, не выбіраючы дарогі. Ён бег, затым ішоў, потым поўз па лазе, па бульбянаму, няўбранаму полі. Босыя ногі заходзяцца ад іною, які пакрывае зямлю. Санька здымае з галавы сваю падраную шапку, хавае ў яе ступні ног.
Ён страціў пачуццё часу: то дзень, то зноў ноч, то крычаць у халодным небе дзікія гусі, то равуць бамбардзіроўшчыкі.
Лежачы дагары ў бульбе, Санька праводзіць іх вачыма. Гэта нашы бамбардзіроўшчыкі. На іх крылах чырвоныя зоркі.
I зноў засцілае вочы цемра — нічога не відаць і не чуваць.
Позна вечарам Санька прыпоўз да нейкай вёскі. Дабраўшыся да крайняй, урослай па вокны ў зямлю старэнькай хаты, ён слабай рукой пачаў драпаць дзверы.
38. «ХОЦЬ I НЕМЕЦ, А ЧАЛАВЕК»
У Плёсах на хлопцаў, што пасвілі кароў, немцы зрабілі аблаву. Многія паўцякалі, пакідаўшы жывёлу, а чалавек пяць, у тым ліку і Міцьку-Мангола, прывезлі людзі ў вёску на падводзе. Праўда, Міцька аддаў сваё жыццё недарма, ён усё ж пекануў са свайго ржавага кулямёта, і адзін з фашыстаў лёг касцьмі. Толькі Малашыху гэта не суцяшае. Пахаваўшы сына, яна ўсім скардзіцца, што яе хлопец чамусьці не прыходзіць абедаць. Кажуць, на яе нешта найшло.
Мая бабуля абяцае пасадзіць мяне на ланцуг разам з Жукам, каб не ўцякаў з двара.
— Глядзі, мой хлопец, мухі восенню балюча кусаюцца,— папярэджвае кожны дзень.
Гэта яна пра немцаў так. Бабуля падобная на квактуху, растапырыла, нібы крылы, над намі свае натруджаныя рукі, нос яшчэ больш завастрыўся, быццам дзюба, губы глыбока запалі, вочы насцярожаныя. Вось-вось гляне на неба і пачуецца трывожнао:
— Кыр-р-р!
Хавайцеся, маўляў, пад мяне, каршун кружыцца.
I раптам высяленне! Прайшлі салдаты па вуліцах, выгналі людзей з хат і калонай пад канвоем павялі іх кудысьці на захад. Дарогай некаторыя паўцякалі, разбрыліся па знаёмых і родзічах, што жылі ў іншых вёснах, а некаторыя крадком начамі вярталіся дамоў. Што датычыць нас, дык мы і зусім нікуды не выбіраліся.
— Куды гэта нас панясе супраць зімы? — абурылася бабуля, — калі даведалася пра высяленне.— Хіба я зусім ашалела, каб кінуць-рынуць хату ды ісці ў белы свет? Не пойдзем!
Мы хуценька перацягнулі клункі з манаткамі ў бабульчьш бліндаж, залезлі туды самі і сцішыліся. Старая села на выхадзе, каб мы з Глыжкам не высоўвалі насоў. Назіранне за ворагам яна вядзе сама і перадае нам кароткія звесткі:
— Топчуцца ў двары... Панясло, каб іх нячыстая сіла насіла.
I вось ужо цэлы месяц снарады з лютым завываннем дзяўбуць мёрзлую зямлю на агародах. Па начах то на адной, то на другой вуліцы палаюць хаты. Днём, амаль чапляючыся за коміны, носяцца над стрэхамі нашы самалёты-штурмавікі.
Спачатку было страшнавата, а потым неяк прызвычаіліся. Нават бабуля прывыкла да баявой абстаноўкі і перастала божкаць пры кожным выбуху. Яна па гуку навучылася вызначаць, дзе ўзарвалася: далека ці блізка. Грымне так, што за каўнер сыплецца з бабульчынага накату пясок, а яна супакойвае нас:
— На Скокавым агародзе. Асколашны.
Заходзіць ходырам зямля, а бабка зноў:
Читать дальше