– Там парачка сакалоў, у іх нават ёсць імёны, – дадаў гісторык. – Але самае дзіўнае, што ён проста пераследваў мяне, гэты сокал. Вось гэтая драпежная птушка проста такі ледзь не кідалася мне пад ногі. Ён быў такі… ну… незвычайны. Мінакі на гэта глядзелі як на цуд нейкі. І не ведаю, хіба яны не ляцяць на зімоўку?
«Як бачна не мяне аднаго пераследвала жывёла. Можа быць я і нездарма ўспомніў пра старажытных прадказальнікаў…» – пранеслася ў галаве Уладзіміра, і ён сербануў яшчэ кавы.
Троіца маўчала, абдумваючы тое, што з імі здарылася. Мiнчук вырашыў перайсцi да мэты свайго візіту, ды сказаў:
– І што ж у вас за археалогія цікавая, раскажыце, калі ласка.
Віка разгарнула да госця ноўтбук, на экране якога былі здымкі знаходак Мечыслава.
– Фоткi артэфактаў я ўжо і так бачыў, – сказаў малады чалавек. – Спадзяюся, я змагу ўбачыць гэтыя чароўнасцi і на ўласныя вочы?
– Канешне, – прамовіў Мечыслаў, жуючы круасан.
– Я так разумею, – сказаў Уладзімір, – што галоўная наша задача расшыфраваць гэты рукапіс з бутэлькі, то бок пасланне скрозь стагоддзі ад Панятоўскага.
Маладыя гарадзенцы кіўнулі.
– Пакажыце яго, – дадаў мінчанін.
Віка шчоўкнула па клавіятуры ноўтбука і перад гісторыкам паўстал фотаздымак пергамента з надпісам. Уладзімір ведаў словы на памяць. З таго часу, як гiсторык атрымаў паведамленнем на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы гэты тэкст, ён столькі разоў яго чытаў, што мог бы распавесці нават прачнуўшыся ад удару грома, але фота пергамента бачыў упершыню. І яно зрабіла на яго вялікае ўражанне. Прабягаючы тэкст вачамі, ён чытаў разумова:
«Рыцар Salsinatus імёны свае ў трыкутнік склаў. Пастаў абраных па імёнах на месцы іх у дзень прыходу рыцара ў свет зорная карта яго сонцам на сонца пакажа ў імёнаў трыкутнік. Адказ у імёнах абраных складзеных разам атрымаеш ты. На Шуканым знойдзеш яго ў дзень прызначаны.»
– Пергамент проста магічны, – сказаў Уладзімір услых.
– Імёны свае ў трыкутнік склаў… – прамармытаў Мечыслаў.
– Як можна скласці імёны ў трыкутнік? – спытаў Уладзімір.
– І дзе можа быць гэты трыкутнік? – дадала Віка.
– Гаворка пра трыкутнік, відавочна, нездарма, – сказаў Уладзімір, – гэта адзін з сымбаляў розэнкрэйцараў…
– А мы ведаем ужо, што на капсуле сімвал розэнкрэйцараў і што кароль Панятоўскі быў масонам, – сказала Віка.
– І акрамя таго цікавіўся і розэнкрэйцарамi, – дапоўніў Уладзімір.
– Можа быць, гаворка пра нейкую… мапу, – выказала здагадку Віка. – Дзе можа быць намаляваны трохкутнік? Гэта павінна быць нешта накшталт карты, карты на якой ёсць імёны.
– Тут гаворка пра імёны Панятоўскага, раз гэта ён рыцар Salsinatus, – прамовіў Уладзімір.
Ён пачухаў патыліцу, зрабіў глыток кавы і працягнуў:
– Але што гэта за імёны?
– Станіслаў і Аўгуст? – зноў выказала здагадку Віка.
– Цi гэта нейкія іншыя, асаблiвыя імёны. Якія яшчэ былі імёны ў Панятоўскага? – спытаў Уладзімір.
– Salsinatus, – ягонае таемнае імя, – сказала Віка.
– У яго манаграме «S A R» апошняя літара R, – дадаў Уладзімір.
– Гэта Rex. На лацінскай значыць кароль, – сказаў Мечыслаў.
– Так-так, менавіта, – пацвердзіў Уладзімір. – Iмёнаў у караля, выходзіць, даволі шмат і гэта толькі тыя, што вядомыя нам, але дзе тая карта, ці нешта накшталт яе, на якой можна скласці ягоныя імёны разам? Ну і, мабыць, гаворка аб трох яго імёнах.
– Так, бо ў трыкутніка тры бакі і тры кута, можа быць пэтрэбныя роўна тры іменi, – сказаў Мечыслаў.
– Але як выбраць тры з усіх тых ягоных імёнаў, якія нам вядомыя? – спытала Віка.
Мечыслаў пагрузіўся ў роздумы. Кожны раз, калі ён чытаў тэкст з пергамента, яго не пакідала думка, што ён бачыў дзесьці, у нейкіх гродзенскіх гісторыкаў, нешта пра трыкутнік неяк звязаны з каралём Панятоўскім. Ён з усёй сілы зажмурыўся і рэзка раскрыўшы вочы, паглядзеў на Віку. На шыі ў яе вісела срэбнае ўпрыгожванне трохкутнай формы, з трыма чырвонымі каменьчыкамі па краях. Рашэнне прыйшло да яго ў адну секунду, кавалачкі мазаікі, якія ён ніяк не мог падабраць з цёмных закуткоў памяці, склаліся ў адно цэлае.
– Так, я зразумеў! – не вельмі гучна ўсклікнуў малады чалавек, прымусіўшы кінуць падазроны позірк на яго твар афіцыянтку, што праходзіла міма.
Забраўшы ў здзіўленага Уладзіміра ноўтбук, Мечыслаў пачаў клыпаць клавішамі, і праз дзве хвіліны разгарнуў яго да таварышаў, якія сядзелі са здзіўленымi, але поўнымі надзеі тварамi. Перад імі зьявіўся спадарожнікавы здымак Гродна, з намаляваным на ім амаль правільным трыкутнікам. Па кутах гэтага трыкутніка былі размешчаны літары С А П.
Читать дальше