Дзяўчына нахіліла галаву на знак згоды.
– І значыць… – працягнуў прафесар, – я нічога больш не магу вам сказаць. Так, я ўсё жыццё цікаўлюся таемнымі таварыствамі: масоны, розэнкрэйцары, ілюмінаты. Мне ўсё гэта цікава, але ваша загадка занадта складаная і я не магу дадаць нічога да сказанага Баранаўскасам…
Віка, негледзячы на ўсю сваю стрыманную грацыю і спакойную ветлівасць, не змагла схаваць на твары моцнага расчаравання.
– Не магу дадаць нічога, – зноў загаварыў Лiтвакас, – акрамя сцвярджэння, што ў пасланні перададзена зашыфраваная інфармацыя пра месцазнаходжанне нейкага артэфакта.
Віка ўскінула вочы, i яны імгненна загарэліся цікаўнасцю. Прафесар сядзеў, склаўшы рукі на тоўстым жываце, з самым каменным тварам, якi толькі мог зрабiць. Праз секунду ён гучна зарагатаў, закінуўшы галаву назад.
– Усё ж у наш час моладзь глядзіць занадта шмат фільмаў, – хіхікаючы прамовіў Лiтвакас. – Нават калі тое, што вы мне прынеслі сапраўднае, наўрад ці расшыфраваўшы пасланне вы знойдзеце скарб масонаў. Баранаўскас занадта наіўны і лёгка ўзяў на веру вашыя доказы… Зрэшты, пакіньце фатаграфіі і тэкст тут, калі я змагу нешта зразумець, дык абавязкова паведамлю вам. Толькі той хто выкрыў таямніцу прыроды ведае, што насамрэч стварыў новую. Жадаю прыемнага дня, Вікторыя.
Віка, секунду падумаўшы, устала і, пакінуўшы фатаграфіі на стале, пайшла да дзвярэй. На твары яе была ўсмешка, якая, праўда, не вельмі хавала расчараванне. Павярнуўшыся на парозе і паціснуўшы руку, працягнутую ёй прафесарам, дзяўчына сказала:
– Што ж, гэта было прыемнае знаёмства і карысная размова. Прабачце, што патурбавала, дзякуй, што аказалі дапамогу. Калі ласка, паведаміце, калі вы нешта зразумееце, і можаце не сумнявацца ў сапраўднасці артэфактаў. Я дык зусім не шукаю скарб, але расшыфраваць гэтае пасланне, зразумець, што хацеў сказаць нам аўтар, якім мог быць сам кароль… Хіба гэта не значная справа?
– Так-так, так-так, – зачасціў Лiтвакас, – усяго найлепшага, паненка. Апошняе слова ён сказаў па-літоўску.
Зачыніўшы за госцяй дзверы, Лiтвакас яшчэ доўга стаяў на адным месцы, як чалавек пагружаны ў гіпноз. Затым ён ляпнуў сябе па каленях, ды вярнуўся да стала.
Сонечны дзень у Вільні, між тым, паволі падыходзіў да канца. Вікторыя спакойнай хадой пайшла ў бок сваёй здымнай кватэры.
Увайшоўшы дадому, яна заўважыла, што яе саарандатараў – двух дзіўных дзяўчынак студэнтак – яшчэ няма. У гэты момант у яе зазваніў тэлефон.
– Алё, – сказала Віка, калi паднесла трубку да вуха.
– Алё. Гэта Лiтвакас, Віка. М-м-м-м, я хацеў бы парэкамендаваць вам аднаго спецыяліста па вашым пытанні, выдатнага гісторыка з Мінска. Дакладней, можа ён і не зусім спецыяліст менавіта па вашай, так бы мовіць, справе… м-м-м-м, але гэта чалавек захоплены гісторыяй, вялікіх ведаў хлопец. Яго клічуць Уладзімір. Ён можа дапамагчы ў пошуках. Запішыце каардынаты…
Праз хвіліну дзяўчына запісала дадзеныя пратэжэ Лiтвакаса, а потым увайшла ў сацыяльную сетку і пакінула аднаму з фрэндаў наступнае паведамленне:
«Мечык, я паразмаўляла з Лiтвакасам. Нажаль, амаль нічога.: (»
Глава 3. Трыкутнік караля
Дарога ад Мінска да Гродна – дакладна не самая доўгая на свеце. Але калі яе прарабіць на старэнькім «карчы», яна можа стаць доўгай і маляўнічай. Уладзімір і яго зялёны аўтамабільчык былі ўжо ў Шчучынскім раёне, дзе дарогу абступаюць з двух бакоў старыя, калматыя, іглічныя дрэвы.
Больш за месяц таму Уладзіміру ў інтэрнэце напісала дзяўчына і, распавёўшы, што яго парэкамендаваў, як добрага гісторыка, прафесар Мiхаiлас Лiтвакас, прапанавала супрацоўніцтва. Жыць меркавалася ў Гродне, наведаць якое Уладзімір заўсёды быў не супраць, тым больш, што паказаныя яму анлайн здымкі знойдзеных артэфактаў былі для яго сапраўды ашаламляльнымі.
Аказалася, што яны ўжо трохi знаёмы з гэтай дзяўчынай, бо знаходзяцца ў адной групе ў сацыяльнай сетцы. Акрамя таго, у даследаванні павінен быў удзельнічаць і іншы па чутках знаёмы Уладзіміру гісторык з Гродна.
«Гэта будзе выдатна…» – думаў Уладзімір, уціхамірвая малапакорны аўтамабільчык на павароце.
Выйшаўшы на прамую гiсторык расслабіўся і нават падумваў уключыць магнітолу, такую ж старую, як і сама машына. Гэта быў рарытэт, які працуе на касетах. Iх Уладзімір спецыяльна вышукваў, дзе толькі мог. Ён быў настроены пазітыўна і, пасвістваючы, падкінуў пальцамі вымпел хакейнага клуба з Маладзечна, якi боўтаўся на люстэрку задняга вiду…
Читать дальше