Ён першым прамовіў запаветнае «кахаю». Яна адказала тым жа. Неўзабаве згулялі вяселле. Сэрца мастачкі атрымала прытулак, а ў душы інжынера з’явіўся новы палёт.
…Ядвіся не перастала любіць карціны. Следам за мядовым месяцам на адэскім узбярэжжы прыйшоў час вяртання ў майстэрню да пакінутых так надоўга палотнаў. Яна ўжо засумавала па іх. Мастацтва жыло ў сэрцы і не збіралася нікуды сыходзіць. Зрэшты, жанчына таксама не планавала нешта мяняць.
А мужу было яе мала. Хацелася пастаянна бачыць побач з сабой тую, з якой вырашыў злучыць жыццё. Ядвіся не кожны вечар затрымлівалася ў майстэрні, але ўсё-такі… Сяргей адчуваў, што даводзіцца дзяліць яе ― не з іншым мужчынам, а з захапленнем, з недарэчным хобі, якому яна ўдзяляла так шмат увагі.
Ён лічыў, што ў доме шчаслівых людзей, якім добра адно з адным, павінна пахнуць блінамі, баршчамі. Ядвіся ж не здзіўляла яго кулінарнымі цікавінкамі. Яна меркавала, што дарослы чалавек у стане сам прыгатаваць паесці. І таму не абавязкова некаму іншаму гадзінамі праседжваць на кухні. Часам Ядвіся рабіла нешта смачнае для мужа. Аднак яна даўно вырашыла, што кулінарыя ― не яе моцны бок.
Таму са скуры вон лезці не збіралася, вынаходзячы новыя рэцэпты супоў.
Ішоў час. Незадаволенасць Сяргея расла. Ён усё больш адчуваў сябе пакрыўджаным і абдзеленым увагай каханай жонкі. Яна не была яго вернай спадарожніцай ва ўсім. Часам сыходзіла да сваіх карцін. І гэта не ўкладвалася ў рацыянальны розум інжынера. Дзе яна і чаму не побач? Ці гэтага ён хацеў? Ці пра тое марыў?
Падалі на развод.
* * *
Калі я пачула гэту гісторыю пра знаёмую мастачку, была вельмі ўзрушана. Прыйшла дадому і адразу распавяла сваякам пра тое, што карціны і любоў да мастацтваў сталі такой моцнай перашкодай для сямейнай пары. Аднак мая маці, звычайна не схільная да лірыкі, на гэты раз сказала: «Зусім не карціны прынеслі разлад. Проста яны не кахалі. Каб жанчына сапраўды любіла, ёй было б прыемна рабіць ежу для мужа. А каб ён усур’ёз кахаў, то сам гатаваў бы для жонкі».
Прыгожую, як і раней маладую, мастачку часам бачу позна ўвечары ў горадзе. Адну ці з сяброўкай.
Рукі па-ранейшаму не адмываюцца ад фарбаў. На джынсах ― светлыя плямы ад ацэтону. Яна працягвае нагадваць парфюмера. Які, аднак, палюе не на водары, а на колеры.
* * *
Колькі год таму мастачку звольнілі з працы. За п’янства. Штосьці пайшло не так.
«Веташок, веташок, табе неба…»
Гэта быў адзін з тых залатых вечароў, якія надараюцца хіба што пару разоў на год. І тое, не ўсе могуць пахваліцца, што маюць такі час. На небе ззяў трынаццаты месяц. Прызнацца, я не магу патлумачыць гэту астранамічную з’яву ― але менавіта так пазначана ў нататніку. Верагодна, месяц з’яўляецца з-за таго, што ў кожным дні насамрэч не роўна дваццаць чатыры гадзіны, а на пару секундаў больш. І вось, адна да адной, яны збіраюцца, каб аднойчы стаць яшчэ адным, трынаццатым месяцам.
Магчыма, яго з’яўленне тлумачыцца неяк іначай. Не буду спрачацца. І не так істотна, што па астраноміі ў мяне ў атэстаце стаіць дзясятка. Насамрэч я і мая суседка па парце Марго атрымалі яе, што называецца, за прыгожыя вочкі. Проста астраном ― мужчына. Марго ― яскравая брунетка, а я ― светла-русая, блакітнавокая. Мы сядзелі пасярэдзіне класа і, як цэнтр галактыкі, прываблівалі да сябе ўвагу навакольных зорак, у тым ліку астранома. Прыемны настаўнік паставіў прыемным вучаніцам, брунетцы і бландзінцы, дзясяткі. Вось і ўсё. Ніякіх схаваных сэнсаў.
Карацей, на небе ззяла мая любімая залацістая сырная поўня. Як і ва ўсе іншыя такія ж вечары. Кожны раз я ўспрымала яе як дарунак. Калі ты сядзіш пасярод высачэзных траў, якія ўзвышаюцца над галавой, калі бліжэйшыя сілуэты ― гэта вялізныя старыя дрэвы, а перад табою ― раскладзенае цяпельца, то і поўня, скажу я вам, мае значэнне. І важная тут не толькі яе прыгажосць. Вялізны дадатковы ліхтар над галавой нікому не зашкодзіць. Акрамя хіба што зладзеяў, якія меркавалі зрабіць нешта цёмнае пад покрывам непрагляднай ночы. А нечаканы месяц, як пільны суддзя, зрабіў заўважнымі іх постаці і нават вымаляваў рысы твару. Светлыя ночы зламыснікам не на руку. Яны больш прыдатныя для такіх згуртаванняў, як наша.
Толькі аднойчы нам трапілася не поўня, а веташок. Заўважыўшы яго, бабуля адразу зацягнула сваё павольнае, амаль медытатыўнае:
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Читать дальше